• Актуальна
  • Актуальна
  • Інтэрв'ю
  • Жонка дальнабойшчыка: “Быць шчаслівай нягледзячы ні на што”

Жонка дальнабойшчыка: “Быць шчаслівай нягледзячы ні на што”

 |  Арцём Ткачук  |  Інтэрв'ю
У апошнія гады Еўрасаюз пачаў выдаваць дальнабойшчыкам з па-за зоны Шэнген у пяць разоў больш дазволаў на працу. Калі ў 2014 годзе іх колькасць вагалася ў раёне 40 тысяч, то сёння перавышае 200 тысяч. Найбольш кіроўцаў прыязджае з Украіны і Беларусі, і з’ява толькі набірае абароты.
У нашым кантэксце словазлучэнне “пайшоў на фуру” асацыіруецца са зменай працы і паляпшэннем матэрыяльнага стану сям’і. Разам з гэтым узгадваюцца прыгожыя гісторыі пра набыццё жылля і добрага аўтамабіля. Аднак радзей гаворыцца пра кошт, які плацяць гэтыя сем’і за такую працу. Як жывуць сужэнствы дальнабойшчыкаў і якія змены перажываюць у сваіх адносінах? Сёння пра гэта размаўляем з Ірынай – маці траіх дзяцей і жонкай кіроўцы фуры.
У нашым кантэксце словазлучэнне “пайшоў на фуру” асацыіруецца са зменай працы і паляпшэннем матэрыяльнага стану сям’і. Разам з гэтым узгадваюцца прыгожыя гісторыі пра набыццё жылля і добрага аўтамабіля. Аднак радзей гаворыцца пра кошт, які плацяць гэтыя сем’і за такую працу. Як жывуць сужэнствы дальнабойшчыкаў і якія змены перажываюць у сваіх адносінах? Сёння пра гэта размаўляем з Ірынай – маці траіх дзяцей і жонкай кіроўцы фуры.
   
    – Ірына, колькі гадоў Вы ў шлюбе?
    – 20 кастрычніка было ўжо 14 гадоў.
   
    – Памятаеце першую сустрэчу з мужам?
    – Ну канешне! Мы пазнаёміліся на вяселлі. Многія сяброўкі запрашалі мяне быць сведкай на іх шлюбе. Па шчырасці, я заўсёды марыла прыйсці на вяселле і сустрэць свайго прынца. Заўсёды рыхтавалася і знешне, і ўнутрана. Але кожны раз здараўся нейкі аблом. Тут у чарговы раз мяне запрасілі стаць сведкай. Вяселле мелася быць у вузкім коле, таму асаблівых надзей на прынца не было. Але так сталася, што кіроўцам вясельнага аўто быў сябар жаніха Сяргей. Гэта было, можна сказаць, каханне з першага позірку. Наперадзе нас чакала яшчэ шмат перашкод, але каханне ўсё перамагло.
   
    – Колькі гадоў Ваш муж ужо працуе дальнабойшчыкам?
    – Увогуле кіроўцам ён быў з маладосці, але калі мы пазнаёміліся, Сяргей шукаў іншыя шляхі. Спрабаваў сябе ў гандлі, аднак з часам яго бізнес пайшоў на спад, і 12 гадоў таму ён вярнуўся ў дальнабойшчыкі.
   
    – Як доўга яго не бывае дома?
    – Быў перыяд, калі ён працаваў 3-4 дні, а затым некалькі дзён адпачываў дома. Апошнія некалькі гадоў Сяргей праводзіў у рэйсе прыкладна па 1,5 месяцы. Калі пачаўся каранавірус, яго не было дома поўгода, пазней 4 месяцы. Апошні рэйс заняў 2 месяцы. Праз тыдзень павінен вярнуцца.
   
    – Праца на фуры была яго прафесіяй мары ці так склалася жыццё?
    – У маладосці гэта была мара, так. Сяргей заўсёды хацеў убачыць іншыя краіны, споўніць нейкія мары. Цяпер жа гэта жыццёвая праўда. Ён з задавальненнем змяніў бы працу, калі б знайшоў вартую замену з добрым заробкам у Беларусі. Ён казаў пра гэта ўжо даўно. Яму складана, за тыдзень да чарговага ад’езду ён пачынае казаць: “Як я не хачу ехаць”, “Я б застаўся”, “Як мне добра з вамі”…
   
    – Як хутка Вы прызвычаiлiся да таго, што муж знаходзіцца на адлегласцi? Цi можна да гэтага ўвогуле прызвычаіцца?
    – На пачатку сямейнага жыцця я спрабавала казаць, што мне цяжка, калі ён з’язджае, прапанавала змяніць працу. Аднак Сяргей паўтараў, што гэта трэба прыняць, што няма іншай працы на дадзены момант. Ён сапраўды спрабаваў штосьці іншае. Пяць гадоў таму муж перавучыўся на печніка, пасля два сезоны гэтым займаўся. Аднак не атрымалася, не змог раскруціцца. Пераканаць яго паспрабаваць яшчэ я не змагла. Таму вырашыла вучыцца быць шчаслівай нягледзячы ні на што.
   
    – Чаго болей у будаванні сужэнскiх адносін на адлегласцi: рамантычнасці цi складанасцей?
    – Напэўна, хапае і таго, і таго. Напрыклад, узгадваецца гадавіна нашага вяселля. Мы рэдка праводзім яе разам. Калі Сяргей прыязджае, мы кудысьці ідзём, святкуем. Дык вось, на адну гадавіну ён мне напісаў: “Я цябе кахаю, і я з табой шчаслівы”. Ведаеце, і мне было гэтага дастаткова. Я разумею, што чалавек таксама стамляецца, што ён працуе і не можа думаць увесь час пра мяне, таму што абавязаны думаць пра штодзённы хлеб, дзякуючы чаму я магу ўкладвацца ў сваё шчасце. Можа быць, гэта не пра рамантыку. У любым выпадку, было б жаданне…
    Галоўнае – не мець чаканняў, што іншая асоба штосьці камусьці павінна. Тады ты радуешся нават нейкай кветачцы ў Вайберы. Гэта таксама для мяне важна. Калі я адчуваю, што павінна штосьці яму сказаць, я таксама гэта кажу. Таму без чаканняў, але за шчырасць.
   
    – У большасці існуе перакананне, што шчаслівыя сужэнцы павінны быць увесь час разам. Аднак у Вашым выпадку частая адсутнасць мужа не азначае, што шчасця няма?
    – Так. А як інакш? Я люблю слухаць розных псіхолагаў. Адзін з іх сказаў, што над 90% свайго шчасця жанчына працуе сама, і толькі 10% залежаць ад чагосьці знешняга. Таму над шчасцем трэба працаваць самастойна. Нягледзячы ні на што ці дзякуючы ўсяму.
   
    – Кажуць, жанчыне неабходна пастаянна ўпэўнівацца ў любові свайго мужчыны. Таму заўсёды ёсць патрэба ў чулых словах і жэстах. Як гэта запаўняецца на адлегласці?
    – Калі я адчуваю, што падаю на дно калодзежа, тэлефаную мужу і кажу: “Сяргей, скажы мне штонебудзь добрае”. Ён часам аджартоўваецца: “Іра, я не магу вось так адразу”. Аднак пазней абавязкова скажа. Увогуле, я чую ад яго неабходныя словы. Часам прашу прытуліць мяне і рэальна адчуваю гэта, мне робіцца лягчэй. Калі ж становіцца асабліва цяжка і я не магу размаўляць, таму што проста накрываюць розныя пачуцці, прашу маліцца за мяне.
    І тады адчуваю, як праз нейкі час мне робіцца лягчэй.
    Жанчыне важна прасіць, дзе б яна ні была – побач ці далёка. Проста казаць, што ёй трэба. Многія жанчыны лічаць, што ўсе павінны здагадацца, чаго яны хочуць, хоць нярэдка мы і самі не ведаем, што нам трэба. Таму, ужо крыху разумеючы псіхалогію мужчын, я пачала агучваць пры Сяргею свае жаданні і паказваць шчырую радасць, калі ён іх выконвае. А яшчэ вельмі важная ўдзячнасць за простыя рэчы, асабліва ў тыя моманты, калі хочацца абурацца і ныць.
    Увогуле, муж падтрымлівае мяне ў розных маіх пачынаннях, умее пажартаваць, пачаў прасіць прабачэння. “Добра, я не вінаваты, але прабач мяне”, – кажа ён (смяецца – заўв. аўт.).
   
    – Вельмі важным паміж мужам і жонкай з’яўляецца фізічны кантакт, сексуальныя адносіны. Захаванне шлюбнай вернасці на адлегласці патрабуе працяглага ўстрымання. Як яно адбіваецца на кожным паасобку і на ўзаемаадносінах?
    – Уявіце: мужа не бывае дома па 4 месяцы, а пазней ён вяртаецца. Гэта новы мядовы месяц (смяецца – заўв. аўт.).
   
    – Я чую ў гэтых словах шмат радасці.
    – Так, асабліва калі ведаеш, што да яго прыезду застаецца тыдзень. Знаходзішся ў прадчуванні гэтай сустрэчы. Іншая справа, калі ён толькі-толькі ад’ехаў і наперадзе яшчэ месяцы чакання.
    Канешне, увогуле складана. Аднак калі ёсць каханне, ты ведаеш, што гэта твой чалавек, то… Сяргей кажа: “Іра, паглядзі, у нас страсць не сціхае, таму што маем перапынкі; гэта нам на карысць”. Агульны сэнс такі.
    Вядома, усё гэта ўдасца ўбачыць, шукаючы плюсы. Можна, канешне, шукаць і мінусы, але тады ў іх закапаешся. Калі шукаць плюсы і проста прымаць гэтую сітуацыю, тады прасцей. Для прыкладу, яго два месяцы не будзе, але пазней месяц ён будзе дома. Гэта як водпуск. Вядома, калі Сяргей прыязджае, на яго звальваюцца ўсе гаспадарчыя і бытавыя справы, аднак тым не менш.
   
    – Выходзіць, вельмі важна ў гэтай сітуацыі не канцэнтравацца на негатыве і пастаянна шукаць пазітыўныя моманты?
    – Так, а што рабіць? Я па жыцці магу паплакаць, паплакаць, а пазней стараюся шукаць, тое, што дапаможа радавацца жыццю. Гэта мая пазіцыя.
   
    – Чым Вы сябе займаеце, калі маеце вольны час? Маю на ўвазе супольны адпачынак на адлегласці.
    – Не, такога няма. Але гэта добрая ідэя, дзякуй. Калі ёсць настрой і сілы, то падчас вячэрняй малітвы з дочкамі я званю мужу і мы молімся разам.
   
    – А як, дарэчы, з супольнай малітвай? Ёсць, можа, нейкія асаблівыя формы?
    – Увечары мы сядаем за стол, запальваем свечкі. З апошняга – мае дзяўчаты спалілі ўсе свечкі дома і дзесяць карабкоў запалак. Падчас малітвы яны так гуляюць, і я ім гэта дазваляю, каб малітва запомнілася. Для іх малітва – гэта шмат свечак і падзяка за ўсё важнае ды цікавае, што адбылося за дзень.
   
    – І муж да Вас далучаецца?
    – Так. Не часта, але калі далучаецца, то ўдзельнічае і дзякуе гэтаксама, як і ўсе.
   
    – А што з трывогай, калі сужэнец далёка і надоўга? Як з ёй змагацца?
    – Малітва і давер Богу. Ты разумееш, што нічога не можаш зрабіць. Гэтыя страхі можна толькі накручваць, але ў такім выпадку чалавек робіцца проста неадэкватным, а гэта ўплывае на людзей побач, асабліва на дзяцей. Таму толькі малітва і давер Богу.
   
    – Існуе меркаванне, што адлегласць узмацняе каханне. Пагодзіцеся?
    – Калі гэта сапраўднае каханне, то яго ўсё ўзмацняе. Я б так сказала.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top