ГРОДНА
Панядзелак,
29 лістапада
2021 года
 

Свой сярод святых

На шляху да святасці

12 лістапада ўспамінаем св. Язафата Кунцэвіча, былога арцыбіскупа Полацкага і галоўнага заступніка Віцебскай дыяцэзіі.
Заслугі нашага святога земляка настолькі значныя, што яго парэшткі захоўваюцца ў галоўнай святыні каталіцкага свету – Ватыканскай базіліцы св. Пятра. 12 лістапада ўспамінаем св. Язафата Кунцэвіча, былога арцыбіскупа Полацкага і галоўнага заступніка Віцебскай дыяцэзіі. “Ватыканская базіліка такая вялізная, што зарыентавацца там без адпаведнай мапы немагчыма. Нават з ёй мне спатрэбілася дапамога ахоўнікаў, каб нарэшце трапіць да месца спачыну св. Язафата”, – дзеліцца гродзенка Алена Поцька. Два гады таму яна пераехала ў Італію і прызнаецца, што памаліцца каля рэліквій беларускага святога было яе даўняй марай. Чым св. Язафат так захапіў верніцу?
Служэнне святога прыйшлося на часы рэлігійнага канфлітку, які быў звязаны з абвяшчэннем у 1596 годзе уніі – аб’яднання Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай з Каталіцкім Касцёлам. Св. Язафат быў заўзятым прыхільнікам уніі – бачыў у ёй шанс на страчаную цэласнасць паслядоўнікаў Хрыста. Навучаючы катэхізісу, ён адначасова клапаціўся пра тое, каб у праваслаўных літургічных абрадах не ўводзілася ніякіх змен. Інакш кажучы, клопат пра адзінства хрысціян ён спалучаў з пашанай да канфесіянальных адрозненняў. “Св. Язафат з’яўляецца для мяне прыкладам сапраўднай любові. Ён меў праведную мэту, але не лічыў, што гэта дае яму права ўзвысіцца над другім чалавекам. Наадварот: сам аддаў жыццё, каб адстаяць адзінства”, – дадае Алена.
    Сапраўды, адпраўляючыся ў прапаведніцкую паездку ў Віцебск, Кунцэвіч папрасіў падрыхтаваць яму магілу ў Полацку: адчуваў, што патрэбна будзе ахвяра. Падчас народнага хвалявання ён выйшаў да натоўпу, каб словам і малітвай абвяшчаць адзінства. У момант выступлення арцыбіскупа схапілі і жорстка забілі.
    “Падышоўшы да рэліквій св. Язафата, я пачала плакаць ад радасці – нібы спаткала роднага чалавека ў Італіі. Перада мной прадстаў зборны вобраз Радзімы ў выглядзе мошчаў беларускага святога. Даверыла яго заступніцтву нашу краіну. І яшчэ адчула вялікі гонар за тое, што ён тут спачывае”, – распавядае верніца.
    А ганарыцца ёсць шмат чым. Пры жыцці Кунцэвіч быў чалавекам цалкам адданым бліжняму. Запасы прадуктаў раздаваў бедным, хоць у той самы час браў пазыку для патрэб свайго дома. Служыў крыніцай суцяшэння кожнаму, хто меў такую патрэбу, незалежна ад поглядаў асобы, тым самым прывёўшы да веры шмат людзей. Быў добра адукаваны і клапаціўся пра развіццё сваіх субратоў. Ніколі не ўзначальваў Літургію, не паспавядаўшыся. І ўсё ў духу адрачэння ад самога сябе: практыкаваў аскезу, носячы пад сутанай валасяніцу.
    “У Італіі культ мясцовых святых – асобная гісторыя. Дзень успаміну святога заўсёды ператвараецца ў свята з працэсіяй з яго вялікай фігурай і салютам. Святыя ўспрымаюцца як члены сям’і, і нават няверуючы чалавек падчас фэсту не можа ўстаяць, каб не зайсці ў касцёл і не даверыцца нябеснаму заступніку. Тут я зразумела, што развіццё культу святых сваіх зямель вельмі важнае. Па-першае, гэта духоўна ўзбагачае народ, бо прыклад веры становіцца больш зразумелым і відавочным. Па-другое, асабліва тут, у замежжы, я адчула, што зямляк – гэта заўсёды родны чалавек. А калі прасіць аб дапамозе блізкага чалавека, ён усё зробіць для цябе”, – падсумоўвае Алена.
    Аднойчы з амбоны давялося пачуць, што святым крыўдна, калі мы пра іх не ўспамінаем.
    Св. Язафат Кунцэвіч толькі адзін з многіх беларусаў, вынесеных да хвалы алтара. Не забываймася маліцца праз іх заступніцтва!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2021

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2021 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  33

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.