ГРОДНА
Панядзелак,
29 лістапада
2021 года
 

Марыя вядзе да Хрыста

Хрысціянскія традыцыі

Урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, прыпадае на 16 лістапада.
Мы дзеці гэтай зямлі, на якой у пілігрымцы веры, а таксама ў штодзённых сямейных ці прафесійных праблемах нас суправаджае Найсвяцейшая Панна Марыя – Маці Міласэрнасці, таксама вядомая як Маці Вастрабрамская.
Ужо столькі пакаленняў Яна суправаджае людзей гэтай зямлі, суправаджае наш лёс і жыццёвыя шляхі, а таксама вандроўкі па дарогах свету. І ў цяперашняй складанай сітуацыі, калі многія людзі па розных прычынах разбягаюцца па свеце, часта новае жыццё яны пачынаюць будаваць з Ёю – Марыяй Вастрабрамскай, якая з’яўляецца для іх знакам надзеі. Марыя – гэта вялікі дар неба, дзякуючы якому мы адчуваем сябе ў бяспецы і спакоі, асабліва калі ўсклікаем з простай верай і мовай нашага сэрца: “Слаўся, Каралева, Маці Міласэрнасці, жыццё, уцеха і надзея наша, слаўся”.
Мы называем Марыю Маці Міласэрнасці не толькі таму, што Яна была ўнікальным і непаўторным чынам адорана міласэрнасцю і ласкай, што дала свету Езуса, у якім мы бачым міласэрны твар Айца. Марыя з’яўляецца Маці Міласэрнасці яшчэ і таму, што нястомна заступаецца за нас, сваіх усынаўлёных дзяцей, для кожнага просячы ў свайго Сына патрэбныя ласкі і дары. Просячы найвялікшую ласку міласэрнасці, якою Бог можа адарыць кожнага чалавека.
    Клапоцячыся пра нас, Марыя выконвае запавет Езуса Хрыста. І гэтая праўда ўтрымліваецца ў тытуле Маці Міласэрнасці. Марыя, перш за ўсё, дапамагае нам ісці шляхам веры, дапамагае быць паслухмянымі волі Айца. Аднак не забываецца і пра паўсядзённыя зямныя справы. Як Маці яна жадае лепшага для сваіх дзяцей – нашага збаўлення. Марыя прагне, каб мы скарысталіся справай Яе Сына Езуса Хрыста. Таму прамаўляе да кожнага: “Няхай Езус будзе лякарствам ад вашых праблем! Толькі Ён можа выратаваць вас! Толькі Ён можа вам дапамагчы!”.
   
Выява Маці Божай Вастрабрамскай паказвае, колькі намаганняў трэба прыкласці, каб не страціць Марыю на сцежках свайго жыцця. Ад Яе мы можам вучыцца многім каштоўнасцям. Гледзячы на дзве кароны над галавой Вастрабрамскай Панны, успамінаем, што чалавек створаны для Бога, для неба і для вечнасці.

    З клопату аб нашым збаўленні Марыя не выконвае кожную людскую просьбу. Яна заўсёды выслухвае нас, але не заўсёды дае тое, пра што просім. Як любая мудрая маці, якая не дасць дзецям усяго. Але Яна робіць гэта для нашага дабра. Часам людзі скардзяцца: “Я столькі прасіў, маліўся Ружанцам, хадзіў на навэнны – і нічога! Я не веру ў дапамогу Марыі!”. Але гэты бунт ці шкадаванне паходзяць ад неразумення, бо Марыя, перш за ўсё, жадае нашага збаўлення і ўсімі сіламі імкнец-ца да яго. Яна робіць усё, каб мы прынялі, што мэта нашага жыцця – збаўленне, а не толькі лепшае здароўе ці самаадчуванне, або вырашэнне нейкай цяжкай і безнадзейнай справы.
    Часам Багародзіца дапускае цярпенне дзеля дабра чалавека. Калі ў Фаціме Люцыя папрасіла Марыю ацаліць многіх хворых, Яна адказала: “Некаторых Я вылечу, а некаторых – не. Хай яны спачатку пераменяцца, няхай папросяць прабачэння за свае грахі”.Група вернікаў з Ліды падчас пілігрымкі ў Вільню, 2016 г.
    Мы павінны памятаць, што неаднаразова пакутуем з-за сябе, таму што сапсавалі сваё жыццё. Часта ў такіх сітуацыях няма адзінага рашэння. Патрэбна дапамога Марыі і час, каб укласці ўсё назад.
    Перажываючы ўрачыстасць галоўнай апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, просьма Марыю, Маці Міласэрнасці, “якая мае трон у Вострай Браме”, каб прывяла кожнага з нас да Хрыста, у якім наша збаўленне!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2021

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2021 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  33

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.