ГРОДНА
Панядзелак,
22 красавіка
2024 года
 

Што рабіць, калі моладзь не хоча хадзіць у касцёл?

Дапамагчы добрай радай

Кс. Павел Салабуда,     псіхолаг
Часцей за ўсё цяжкасці рэлігійнага выхавання датычаць моладзі ва ўзросце 13–18 гадоў. Тады бацькі часцей за ўсё могуць пачуць, што іх дзіця не пойдзе ў касцёл або на споведзь, што яму не патрэбна катэхеза да канфірмацыі. Бунтар апраўдваецца тым, што яму проста не хочацца. Што тады адбываецца з маладым чалавекам?
У сітуацыі, калі сям’я поўная, моцна веруючая і практыкуючая, дзе існуе ўзор малітвы з боку бацькі і маці, дзе яны з’яўляюцца духоўным аўтарытэтам, такіх пытанняў будзе менш, а можа, яны наогул не ўзнікнуць у жыцці дзяцей.
    Варта нагадаць, што ўся гэтая сітуацыя часцей за ўсё можа быць звязана з працэсам пераходу з дзяцінства ў даросласць – з крызісам падлеткавага ўзросту. Часта гэта час інтэграцыі сваёй веры. Калі чалавек сталы ў рэлігійным плане, ён адчувае прысутнасць Бога, даручае Яму сваё жыццё, цалкам давярае Богу, любіць Яго і адчувае сябе добра.
    На жаль, многія маладыя людзі перажываюць гэты перыяд вельмі бурна і неспакойна, яны яшчэ не ўмеюць бязмежна камусьці давяраць, любіць ці спадзявацца, нават калі гэта датычыць Бога. Прычын можа быць шмат. Адной з першых такіх прычын сёння з’яўляецца вялікая група маладых людзей, якія пазбягаюць наладжвання кантактаў, замыкаюцца ў сабе, жывуць у віртуальным свеце, адыходзячы ад грамадскага і сяброўскага жыцця, на першым месцы ў іх знаходзіцца інтэрнэт і віртуальнае жыццё. Гэты перыяд можа быць даволі кароткім, а можа доўжыцца нават некалькі гадоў. Ёсць і тыя, хто пагружаецца ў філасофскія і рэлігійныя разважанні, думаючы, што толькі яны могуць змяніць увесь свет, і хочуць растлумачыць сабе ўсё.
    Перыяд падлеткавага ўзросту для многіх становіцца часам, калі малады чалавек ставіць пад сумнеў перададзеныя каштоўнасці і звязвае гэта з крызісам аўтарытэту. Моладзь шукае новыя аўтарытэты, вызваляецца з-пад апекі старэйшых. Вельмі важна, каб бацькі і выхавацелі захоўвалі спакой ды цярплівасць і аказвалі дапамогу маладым людзям.
    Пагрозай для веры маладога чалавека з’яўляецца таксама сацыяльнае асяроддзе, сур’ёзна абцяжаранае прадузятасцю, пагардай або нянавісцю да веры і рэлігійнай практыкі. Вельмі шкодны ўплыў мае пануючы навокал псіхічны клімат геданізму, які не змагаецца з рэлігіяй, але абыякавы да яе. Пазбаўленага нейкай вышэйшай матывацыі, чалавека проста заклікаюць атрымліваць асалоду ад “поўнага” жыцця, без ахвяр і каштоўнасцей, не кажучы ўжо пра глыбокае пачуццё сэнсу жыцця. Вядома, усё гэта – як і яшчэ мноства прычын – уплывае на асобу.
    Безумоўна, важная роля ў пераадоленні такіх рэлігійных крызісаў адводзіцца малітве, рэлігійным практыкам і – перш за ўсё – рэлігійным кантактам. Калі малады чалавек не хоча маліцца, бацькі павінны пачаць маліцца за яго. Добра, калі яны скажуць свайму дзіцяці аб гэтым, напрыклад: “Дарагое наша дзіця, мы з татам пачынаем маліцца за цябе, каб ты знайшоў правільныя каштоўнасці і сэнс свайго жыцця”. Не варта наўпрост казаць пра навяртанне, але менавіта з любові да дзіцяці, па-сяброўску ахвяраваць яму сваю малітоўную падтрымку. Добра, калі на шляху гэтага маладога чалавека знойдзецца выхавацель або душпастыр, які ўсё ж паспрабуе паставіць яго на правільны шлях, сваёй спагадай пакажа цудоўную каштоўнасць малітвы, каштоўнасць прабывання ў касцёле і выканання іншых набожных практык. Гэта нават можна назваць спецыялізаванай дапамогай і падтрымкай.
    Самае галоўнае, каб бацькі паспрабавалі знайсці сапраўдную крыніцу ўзніклых цяжкасцей, крызісу або канфлікту. Менавіта добрае веданне сябе і праблемы дазваляе шукаць канструктыўнае рашэнне. Важна быць побач з асобай, якая знаходзіцца ў крызісе. Тады малады чалавек, калі яму гэта спатрэбіцца, адчуе прысутнасць моцы таго, каму ён неабыякавы. Павучанне ў такіх сітуацыях звычайна становіцца неэфектыўным, таму што асоба ў крызісе “глухая”. Вельмі частыя размовы з маладым чалавекам, уважлівае слуханне яго, дазволяць яму ставіць складаныя і інтымныя пытанні і гаварыць пра свае праблемы перад старэйшымі без страху. Чуйнасць да ўнутранага свету маладога чалавека становіцца ключом да разумення прычын яго крызісу і цяжкіх момантаў яго жыцця. Калі маладзён прадстаўляе свае пачуцці, то дарослы можа далікатна паспрабаваць падвергнуць іх аб’ектыўнай ацэнцы і аналізу. У такіх сітуацыях было б вельмі добра, каб у сям’і быў дыялог, добрыя зносіны паміж усімі яе членамі. Затым можна дапамагаць і прапанаваць шляхі выхаду з крызісу, вядома, пакідаючы маладому чалавеку свабоду. Важнае значэнне мае назіранне з боку бацькоў, выхавацеляў асобы, якая знаходзіцца ў крызісе, і ўменне выпраўляць такія паводзіны, не асуджаючы, а падтрымліваючы.
    Таму варта глядзець на крызіс падлеткавага ўзросту з аптымізмам, бо ён можа стаць выдатнай магчымасцю для фарміравання сталай рэлігійнасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  254

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.