ГРОДНА
Серада,
26 студзеня
2022 года
 

Адказнасць за выхаванне новых пакаленняў

На шляху да святасці

Пастава бацькоў з’яўляецца для дзяцей першым і самым значным узорам паводзін у кожнай сферы жыцця.
Абавязкі бацькоў перад сваімі дзецьмі не заканчваюцца толькі нараджэннем іх на свет. Праз сакрамант шлюбу Касцёл даручыў ім місію хрысціянскага выхавання. На іх плечы ўскладвае навучанне і вядзенне дзяцей на шляху збаўлення. Бог удзяляе бацькам асаблівыя ласкі і харызмы, каб яны маглі найлепшым чынам падрыхтаваць сваіх дзяцей да самастойнага развіцця і самастойнай дарогі да збаўлення.

   Рэлігійнае выхаванне дзіцяці
    Паводле ІІ Ватыканскага сабору, выхаванне накіравана не толькі на поўнае развіццё чалавечай асобы, але, перш за ўсё, на тое, каб ахрышчаныя, якія паступова знаёмяцца з таямніцай збаўлення, з кожным днём усё больш усведамлялі атрыманы дар веры. Больш за тое, каб, усведамляючы сваё пакліканне, яны сведчылі аб надзеі, якая ёсць у іх, і каб дапамагалі фарміраваць свет па-хрысціянску (параўн. Дэкларацыя аб хрысціянскім выхаванні, 2).
    Нельга абмяжоўваць рэлігійную фармацыю дзіцяці адпраўкай “да касцёла”. Недастаткова таксама яго прысутнасці на катэхезах. Бацькі сваім прыкладам і словам павінны скіраваць дзіця да Хрыста і навучыць весці сяброўскі дыялог з Ім, пастаянна адказваць на заклік Бога. Навучаючы дзіця быць верным Божым запаведзям і наказам сумлення, бацькі мусяць падрыхтаваць яго да пастаяннага выканання Божай волі і да рэалізацыі свайго жыццёвага паклікання. Усе формы бацькоўскага ўплыву на дзіця павінны быць накіраваны на тое, каб яно вучылася жыць для іншых і такім чынам імкнулася да дасягнення вечнага збаўлення.
   
    Кантакт з Богам
    Каб дзіця магло з даверам звяртацца да Бога, мусіць Яго добра ведаць. Таму бацькі павінны шмат расказваць яму пра Бога, пра Езуса Хрыста. Вельмі важна знаёміць дзіця з Евангеллем з самага ранняга ўзросту, распавядаць пра падзеі з жыцця Езуса і падкрэсліваць Яго дабрыню, вялікую любоў да Айца і да людзей.
    Неабходна пераканаць сваё дзіця, што Хрыстос надалей жывы і што з Ім можна заўсёды пагаварыць. Вучыць дзіця пастаяннаму кантакту з Богам – значыць уводзіць яго ў малітоўны дыялог з Ім, які выходзіць за межы паўтарэння малітоўных формул. Хоць завучаныя на памяць малітвы таксама маюць сэнс, яны не могуць стаць адзінай формай размовы з Богам. Таму бацькі павінны навучыць сваіх дзяцей гаварыць з Панам уласнымі словамі, напрыклад, дзякаваць Яму за перажытае цягам дня, прасіць Яго і перапрашаць за памылкі. Можна заахвочваць іх ахвяраваць Збаўцу нейкія непрыемнасці, каб сфарміраваць дух ахвяры і жаданне ўдзельнічаць у збаўчай справе Езуса. Прыклад асабістай размовы з Богам, дадзены бацькамі, дапаможа дзіцяці наладзіць сапраўдны асабісты дыялог з Ім.
    Яшчэ вельмі важна ўвесці дзяцей у разважанне літургічных перыядаў, напрыклад, рыхтуючы адвэнтавыя ці велікапосныя ўпрыгажэнні і г. д., а таксама спасылаючыся на іх у малітвах. Трэба вучыць дзяцей належным чынам рыхтавацца да св. Камуніі і сакраманту паяднання, а ў хваробах і няўдачах злучацца з пакутуючым Хрыстом.
   
    Маральнае развіццё дзіцяці
    Сямейнае асяроддзе аказвае вельмі моцны ўплыў на дзіця, распрацоўвае ў ім розныя спосабы ацэнкі, прапануе мадэлі паводзін. Вельмі верагодна, што дзіця будзе ставіцца да іншых так, як бацькі ставіліся да яго. Мадэллю абыходжання з людзьмі з’яўляюцца для дзіцяці таксама адносіны бацькоў адзін да аднаго: зычлівыя, чулыя або неахвотныя, зламысныя.
    Бацькі павінны ведаць, з кім праводзіць час іх дзіця. Яны самі мусяць паклапаціцца, каб сваім прыкладам адносін паміж сабой, да іншых людзей і да дзіцяці навучыць яго паважаць каштоўнасць іншага чалавека, уважліва слухаць яго, суперажываць яго перажыванням, ставіцца да яго сур’ёзна і г. д. Яны таксама павінны моцна кантраляваць уласныя выказванні пра іншых людзей, асабліва ў прысутнасці дзіцяці, напрыклад, добра гаварыць аб адсутных, падкрэсліваць перавагі, а не толькі недахопы бліжніх, пра кожнага казаць з павагай. Словам і прыкладам бацькі вучаць сваіх дзяцей альбо любіць і паважаць Бога і бліжняга, альбо не паважаць і ставіцца з абыякавасцю ці нават грэбаваць.
    Для фарміравання правільнага стаўлення важна паказваць дзіцяці адпаведныя станоўчыя прыклады высакародных людзей. Напрыклад, Хрыста, розных святых і нават персанажаў фільмаў, кніг і г. д. Пасля прагляду фільма або прачытання кнігі бацькам варта пагаварыць з дзіцём, навучыць яго заўважаць дабро і адкідваць зло.
    Нагодай для рэлігійнай гутаркі можа паслужыць кожная пропаведзь, удзел у катэхезе ці важная падзея ў жыцці сям’і. Для малодшых дзяцей вялікай дапамогай з’яўляюцца адпаведныя ілюстраваныя кнігі, такія, як Святое Пісанне з малюнкамі. Праглядваючы з дзецьмі малюнкі, бацькам варта гаварыць з імі, задаваць пытанні і растлумачваць, каб сфарміраваць адпаведныя маральныя паставы. Яны мусяць унесці свой уклад у тое, каб іх сыны і дочкі ў любой жыццёвай сітуацыі ішлі за Хрыстом, дзейнічалі, думалі, ацэньвалі і адчувалі так, як Ён. Яны самі для сваіх дзяцей павінны быць вернай копіяй ахвярнага Збаўцы, які ў сваім жыцці кіраваўся выключна любоўю да Айца і да братоў.
    Пастава бацькоў з’яўляецца для дзяцей першым і самым значным узорам паводзін у кожнай сферы жыцця. Малыя назіраюць за рэлігійнымі паставамі бацькоў у штодзённым жыцці і выпрабоўваюць іх. Таму варта быць праўдзівымі і згоднымі з верай у тым, што робіце ў кожнай сферы, каб даваць добры прыклад жыцця.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  340

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.