ГРОДНА
Аўторак,
25 студзеня
2022 года
 

Адкрый сваё сэрца на Божае Слова

На шляху да святасці

“Падобна як дождж і снег падае з неба і туды не вяртаецца, [...] так і слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх, не вернецца да Мяне без плёну, пакуль не споўніць тое, што Я хацеў, і з поспехам не дасягне таго, дзеля чаго Я паслаў яго”.
    Іс 55, 10–11
Слова – інструмент тварэння
    З самага пачатку гісторыі Сусвету і чалавека нам спадарожнічае Слова. Гэта дзівосны інструмент, надзелены звышнатуральнай сілай. “Словам Пана створаны нябёсы, дыханнем Яго вуснаў – уся іхняя моц. Бо Ён прамовіў – і сталася, Ён загадаў – і з’явілася” (Пс 33 (32), 6. 9).
    Адзіным інструментам, які Бог выкарыстоўваў цягам ўсяго працэсу стварэння, з’яўляецца Слова, спалучанае з дыханнем Яго Духа. Падчас жыцця на зямлі Езус таксама ўжываў Слова для стварэння рэальнасці.
    У Пасланні да Тэсаланікійцаў св. Павел падкрэслівае, што Біблія – гэта не прадукт чалавечай мудрасці, а жывы Творца, які размаўляе з намі. “Таму мы таксама няспынна дзякуем Богу, што вы, прыняўшы ад нас пачутае Божае слова, прынялі яго не як чалавечае слова, але, што ёсць на самой справе, як Божае слова, якое і дзейнічае ў вас, веруючых” (1 Тэс 2, 13). Калі мы чытаем гэтую Кнігу, адно і тое ж Слова і той самы Дух з усёй велізарнай творчай сілай Усемагутнага становяцца даступнымі для нас.
   
    Інструкцыя жыцця
    Вытворца аўтамабіля ведае ўсе ўласцівасці, якасці, моцныя і слабыя бакі свайго прадукту, таму ён прадастаўляе інструкцыю, каб кліент мог прыстасавацца да яго і максімальна эфектыўна, без памылак карыстацца аўтамабілем. Падобным чынам і Творца чалавека лепш за нас саміх ведае сакрэты нашай душы. Ён дае нам інструкцыі ў сваім Слове, каб мы маглі прыстасавацца да іх і як мага лепш пражыць сваё жыццё, выконваючы тое, для чаго былі створаны. “Пастанавіўшы, нарадзіў нас Айцец словам праўды, каб мы былі пэўным пачаткам Ягоных стварэнняў” (Як 1, 18).
    Існуе вялікая верагоднасць, што чалавек, які жыве паводле сваіх правіл і выкарыстоўвае няправільную сістэму каштоўнасцей, грэбуючы наказамі “Вытворцы”, зробіць шмат памылак і ў выніку згубіцца. Карабель, які плыве па няправільнай карце, рана ці позна страціць арыентацыю на мясцовасці, заблукае і ніколі не дабярэцца да патрэбнага месца. А як наконт нашага жыцця? Колькі памылак мы робім? Ці ў правільным кірунку плывём? Можа, надышоў час прачытаць інструкцыю руху на жыццёвай дарозе?
    Божае слова – гэта ісціна, якая асветліць Тваю дарогу, указальнік на жыццёвым шляху, які дапаможа бяспечна дасягнуць мэты шчаслівай вечнасці з Богам. Аднак гэтае Слова пачне дзейнічаць і выконваць сваё прызначэнне толькі тады, калі Ты адкрыеш сэрца, прымеш яго з верай і будзеш прымяняць яго ў сваім жыцці. Толькі вера надае Божаму слову выканаўчы эфект. Нявера ж блакіруе дзеянне Бога. Ніколі не абмяжоўвай магчымасці, якія Божае слова можа мець у Тваім жыцці. Недастаткова прачытаць інструкцыю – трэба яе прымяняць. Езус сказаў: “Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго!” (Лк 11, 28). “Пасеянае на добрай глебе – гэта тыя, хто слухае слова, прымае яго і прыносіць плён:
    адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзясят, а іншы ў сто разоў” (Мк 4, 20).
    Насенне Божага слова вечнае і непарушнае. Прынятае з верай, яно нараджае ў нашым розуме і сэрцы новага чалавека, які развівае ўнутранае жаданне ісці за Езусам. Адкрываючыся Евангеллю, мы перажываем новае нараджэнне па Божай волі. Наша старая натура, якая была далёкая ад Усемагутнага, страціць над намі кантроль. “Бо вы народжаны зноў не з тленнага насення, але з нятленнага, праз Божае слова, якое жыве і трывае” (1 П 1, 23).
   
    Люстэрка сумлення
    Калі Ты застанешся сам-насам з Божым словам і пачнеш чытаць, будзь гатовы, што Біблія таксама пачне чытаць Цябе. Яна стане люстэркам Твайго сумлення. Гэтая кніга мае сілу асвятляць цёмныя куткі нашых думак і душы, а таксама выцягваць на паверхню хібы, пра якія мы раней нават не падазравалі. Біблія вельмі дакладна асвеціць рэальнасць і кірунак, у якім Ты рухаешся. “Слова Божае жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і шпіку і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца. І няма стварэння, схаванага ад Яго, але ўсё аголена і адкрыта перад вачыма Таго, перад якім мы адкажам” (Гбр 4, 12–13).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  340

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.