ГРОДНА
Аўторак,
23 ліпеня
2024 года
 

Шукаюць Бога ў простых рэчах

З жыцця Касцёла

Сёстры ўручаюць юбілейныя пернікі біскупам

Кангрэгацыя Сясцёр Кармэлітак Дзіцятка Езуса адзначае свой юбілейны год – стагоддзе таму паўстала іх кангрэгацыя, якая ўжо 30 гадоў прысутнічае таксама ў Беларусі.
Пра харызму сясцёр кармэлітак і свой шлях у Кармэль распавядае с. Магдаліна Кулай CSCII, якая служыць у Гудагаі і Смаргоні.

    – Якім быў шлях да заснавання Вашай кангрэгацыі?
    – Кангрэгацыя Сясцёр Кармэлітак Дзіцятка Езуса была заснавана а. Анзэльмам Гондэкам OCD у горадзе Сасновец у Польшчы 31 снежня 1921 года. А. Анзэльм адчуў у сэрцы Божы заклік, каб акрамя ўжо існуючага Ордэна Сясцёр Кармэлітак Босых, якія жывуць і моляцца, працуюць і служаць Богу ў сціслай клаўзуры, заснаваць кангрэгацыю сясцёр кармэлітак, якія б жылі рэгулай кармэліцкага ордэна, але служылі, маліліся і працавалі сярод людзей. Напэўна, пасля малітвы а. Анзэльм разважаў над гэтым натхненнем і паспрабаваў ажыццявіць яго праз канкрэтнае дзеянне.
    З прапановай заснавання новай галіны ордэна а. Анзэльм звярнуўся да Яніны Керацінскай, якая адчувала ў сэрцы пакліканне да манаскага жыцця ў кармэліцкай харызме. Яніна згадзілася, давяраючы Богу сваё жыццё, і ўсё распачалося. Яна склала манаскія абяцанні і атрымала імя Тэрэза ад св. Юзафа. Неўзабаве з’явіліся пакліканні да новай супольнасці. Сёстры сустракаліся са шматлікімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі, але Бог быў побач.
    А. Анзэльм, наш заснавальнік, назваў супольнасць Кангрэгацыяй Сясцёр Кармэлітак Дзіцятка Езуса і заахвочваў наследаваць цноты Дзіцятка Езуса. Жыццё Сясцёр прыпамінала жыццё Святой Сям’і з Назарэта – убогае, простае і цалкам даверанае Божаму Провіду.
   
    – Якія прыярытэты для членаў супольнасці былі ўказаны заснавальнікамі?
    – Нашы заснавальнікі накіроўвалі новую супольнасць сясцёр, каб праз усё сваё жыццё і служэнне Богу ды людзям мы ўглядаліся асаблівым чынам у Асобу Дзіцятка Езуса. Каб углядаліся ў Езуса ў яслях, у Бога, які стаў Чалавекам, каб ішлі за Ім ад стайні ажно да Крыжа. Такім чынам, нашым узорам і прыкладам з’яўляецца Бог – Дзіцятка Езус.
    Галоўнай апякункай кангрэгацыі заснавальнікі выбралі св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езуса, якая мела асаблівае набажэнства да Яго Асобы. Менавіта гэтая святая апекуецца нашай кангрэгацыяй ужо 100 гадоў.
    У якасці заданняў у харызме супольнасці вызначана служэнне ўбогім і найбольш патрабуючым, катэхізацыя дзяцей і моладзі, дапамога ў закрыстыі, паслуга арганісткі, выхаванне дзяцей у дзіцячым садку, праца з дзецьмі інвалідамі і шматлікія хатнія працы пры кляштары.
   
    – Як даўно сёстры кармэліткі служаць у Беларусі і ў якіх месцах?
    – Сёстры з нашай супольнасці нясуць сваю паслугу ў Беларусі з 1991 года – сёлета здзяйсняецца 30 гадоў. Сёння ў краіне тры кляштары Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак Дзіцятка Езуса: у Пінскай дыяцэзіі ў Брэсце і ў Гродзенкай дыяцэзіі ў Адамавічах і Гудагаі.
   С. Магдаліна Кулай першая злева
    – Як цяпер выглядае сітуацыя з пакліканнямі? Колькі сясцёр паходзяць з Беларусі?
    – У Беларусі служаць адзінаццаць сясцёр, і ўсе родам адсюль. Дзве сястры, якія паходзяць з нашай краіны, нясуць служэнне ў Польшчы. Таму разам атрымліваецца трынаццаць сясцёр з Беларусі.
   
    – Бог мае самыя разнастайныя планы на наша жыццё. Як Ён даў Вам пазнаць, што хоча для Вас менавіта такой дарогі?
    – Яшчэ школьніцай я прачытала кнігу “Дзеі адной душы” св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса і зразумела, што Бог і мяне кліча ў Кармэль. Я захаплялася духоўнасцю кармэліцкага ордэна і вось ужо 17 гадоў не перастаю ёю захапляцца. У Кармэлі Бога можна знайсці ў простых рэчах, а найперш – ва ўласнай душы, як кажа св. Ян ад Крыжа.
   
У сотую гадавіну заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак Дзіцятка Езуса прыпадае таксама 75-годдзе адыходу ў вечнасць сузаснавальніцы манаскай сям’і Слугі Божай Тэрэзы ад св. Юзафа, Яніны Керацінскай.

    – Што Вы б сказалі маладому пакаленню, якое мае перад сабой розныя дарогі і павінна выбраць адну канкрэтную?
    – Свет змяняецца, але Бог заўсёды той самы. Ён і сёння кліча чалавека, запрашае да асаблівага з’яднання з Ім у поўнай адданасці Яму ў кляштары, каб збавіць сваю душу і душы братоў, якія застаюцца ў свеце. Варта і сёння верыць у Пана, давяраць Яму і памятаць, што Ён – Жывы Бог. Усемагутны кожнаму дае асабістае пакліканне: да святарства, да манаскага жыцця, да сужэнства, пакліканне быць доктарам, настаўнікам... Але найважнейшае – кім бы ты не быў, Бог прагне твайго шчасця. Выбірай тое, у чым будзеш шчаслівы! А калі атрымаеш шчасце – нясі яго бліжняму!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  162

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.