ГРОДНА
Аўторак,
23 ліпеня
2024 года
 

Старасць? Радасць!

З жыцця Касцёла

Сталыя людзі не толькі з’яўляюцца прыкладам захавання веры, але і могуць “усталяваць высокую планку” ў кожнай сферы грамадскага жыцця

26 ліпеня каталіцкі Касцёл узгадвае св. Ганну і св. Яўхіма, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі, атачаючы іх асобы ў гэты дзень асаблівай пашанай. Павага да старэйшага пакалення і імкненне прыслухоўвацца да яго вядома з біблійных часоў. “Не аддаляйся ад аповесцей старцаў, бо і яны навучыліся ад бацькоў сваіх, і ты навучышся ад іх разважлівасці ды які ў выпадку патрэбы даць адказ” (Сір 8, 11–12), – кажа Святое Пісанне. Аднак ці захавалі мы гэты наказ?
На абочыне грамадства
    За апошні час тэхнічнае развіццё ступіла далёка наперад, разам з тым, нібы адкідваючы назад тых, хто не паспявае за прагрэсам. Сёння трохгадовае дзіця будзе куды лепш разбірацца ў абслузе гаджэтаў, чым сталы чалавек. Адначасова з экранаў смартфонаў і тэлевізараў на нас звычайна глядзяць маладыя твары, а калі ў рэкламны ролік і трапляюць узроставыя акцёры, то ўсе прыкметы іх старэння старанна маскіруюцца. Сталыя людзі маюць куды менш магчымасцей у сферы адукацыі і працы, чым маладзёны. І калі Заходняя Еўропа, прынамсі, можа пахваліцца тым, што пенсіянеры маюць дастаткова сродкаў для арганізацыі годнага адпачынку – сярод тамашніх бабуль і дзядуль вельмі папулярны турызм, – то ў нашай краіне сталы чалавек ушчэмлены нават у гэтым. Пенсійныя выплаты задавальняюць толькі асноўныя патрэбы і не могуць дапамагчы разнастаіць вольны час, якога ў пенсіянераў шмат.
    Аднак, вяртаючыся да праблемы дыскрымінацыі сталых людзей у адукацыйнай і прафесійнай сферы, трэба адзначыць, што яна не лакальная, а паўсюдная. Паводле апошняй ацэнкі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, кожны другі жыхар планеты ў той ці іншай ступені негатыўна ставіцца да ўзросту і старэння. Прадузятасць адносна пажылых людзей, якая існуе ў грамадстве, прыводзіць да іх ізаляцыі. Нездарма XXI стагоддзе адзначылася з’яўленнем адмысловага тэрміну – эйджызм. Ён праяўляецца ў гатоўнасці ўспрымаць адэкватна і супрацоўнічаць толькі з тымі людзьмі, якія адпавядаюць нейкаму загадзя ўстаноўленаму крытэрыю ўзросту.
    Такім чынам, сучасныя ўстоі адносна сталых асоб супярэчаць біблейскай ісціне: “Якая цудоўная мудрасць старцаў і як адпавядае людзям шаноўным разважлівасць і рада!” (Сір 25, 7).
   Пажылы ўзрост – гэта не нагода забыць пра знакі ўвагі адзін  да аднаго. Да таго ж у сталасці можна нанова адкрыць узаемнае каханне. Магчыма, яно не будзе палкім, але затое надзейным, бо правераным часам. Ганна і Тадэвуш Жук з Ліды падчас аднаўлення сужэнскіх абяцанняў  у Тракелях. Сёлета пара адзначыла 59 гадоў шлюбу
    “Я б змагалася, нават калі б мяне выганялі”
    Сафіі Максімік 67 гадоў. Жанчына спрытна абыходзіцца з аўтамабілем, без цяжкасці зарабляе аўтарытэт у новай супольнасці (дапамагае шматгадовы досвед на кіраўнічай пасадзе), а сёлета мае чарговае дасягненне. Яна – выпускніца.
   
Падаць дакументы на навучанне ў каледжы можна да канца жніўня. Падрабязнасці па тэлефонах: (8 029) 887-71-05, (8 0152) 61-05-24. Навучанне бясплатнае.

    Спадарыня Сафія скончыла Тэалагічны каледж імя св. Казіміра ў Гродне і цяпер з’яўляецца дыпламаваным спецыялістам у пытаннях асноў каталіцкай веры. Як прызнаецца сама пенсіянерка, вучыццца было нялёгка. Аднак дадае, што не цяжэй, чым маладым студэнтам.
    “Я нарадзілася ў праваслаўнай сям’і ў часы савецкага атэізму. Практыкі веры амаль не мела. Аднак, калі выходзіла замуж, бацькі жаніха паставілі ўмову: каб я вывучыла неабходныя малітвы і мы ўзялі касцёльны шлюб. Так і зрабілі”, – распавядае спадарыня Сафія.
    З галавой у каталіцкую веру жанчына не акунулася, толькі зрэдку наведвала касцёл. Намагалася прытрымлівацца пэўных асноў, але Жывога Бога не сустрэла. Нягледзячы на слабую рэлігійную актыўнасць, спадарыня Сафія дзеліцца, што заўсёды адчувала нейкую звышнатуральную падтрымку ў складаных жыццёвых сітуацыях: “Толькі цяпер разумею, што гэта было дзеянне Божай ласкі, Божага Провіду”.
    Перамена ў духоўным жыцці адбылася тады, калі ў паўсядзённасці жанчыны здарылася бяда. Пасля 20-ці гадоў шлюбу яе нявестка закахалася ў другога мужчыну і пакінула сына Сафіі, што амаль ушчэнт разламала сям’ю. “Гэта адбылося 10 гадоў таму. Каб знайсці суцяшэнне, я пачала рэгулярна хадзіць у касцёл. Аднак увесь час адчувала недахопы ў веданні асноў веры, літургіі, Святога Пісання. Калі выйшла на пенсію, адразу з’явіўся вольны час. Займаць яго агародам і нават невялічкім прадпрымальніцтвам – я крыху прадавала агародніну на рынку – мне было мала. Таму, пачуўшы пра тэалагічныя курсы, адразу вырашыла стаць студэнткай”, – адзначае пенсіянерка.
    “Сярод студэнтаў я была самай старэйшай. Адчувала сябе няёмка. Мяне нават не ўзлюбілі: я часта рабіла маладым заўвагі, бо яны хацелі «пашушукацца», а мне хацелася ўважліва выслухаць лекцыю, усё запісаць. Але сітуацыя хутка змянілася. Мяркую, усе зразумелі, што я такі ж студэнт, як і яны. Проста мне трэба было крыху больш чытаць, слухаць.
    Не мае значэння, малады ты ці стары – кожнаму патрэбны высілак, каб чагосьці дасягнуць. Таму мы на роўных правах”, – разважае спадарыня Сафія. Пенсіянерка дадае, што пасля аднакурснікі нават дапамагалі ёй з дыпломнай працай. Спадарыня Сафія не ўмела добра карыстацца камп’ютэрам, таму ўсю працу пісала ўручную. Дзяўчаты ж надрукавалі яе ў электронным варыянце.
    “Хачу падкрэсліць, што ў годным успрыманні ці то ўзроставага студэнта, ці то ўзроставага супрацоўніка, вялікую ролю грае кіраўніцтва. Я вельмі ўдзячная а. Андрэю Шчупалу СSsR, намесніку дырэктара па навуковай рабоце, які падштурхнуў мяне да правільнага выбару тэмы дыпломнай працы. Я пэўны час працавала ў Новай Рудзе, дзе айцец мае парафію. І ён прама падказаў: маўляў, ты ж ведаеш праблему вёскі і мясцовага калектыву, варта ад гэтага адштурхнуцца. І я пачала пісаць пра ўплыў алкагалізму на маральнае жыццё сям’і”, – распавядае жанчына.
   
Поўны спіс прапаноў ад Універсітэта залатога веку можна знайсці на сайце uzv.by або па тэлефонах: (8 0152) 62-01-81, (8 029) 292-01-81.

    Пенсіянерка ўзялася за працу як руплівая студэнтка: вывучала тэму сям’і, разважаючы Святое Пісанне, карысталася семінарыйнай бібліятэкай, чэрпала інфармацыю з інтэрнэту і звярталася за каментарыямі да нарколага.
    “Прыемна таксама, што мяне хваліў дырэктар каледжа кс. Юрый Марціновіч. Ведаеце, гэта дадавала адвагі і прымушала адпавядаць. Увогуле, дзякую ўсім настаўнікам за іх карэктнасць, цярплівасць і ветлівасць”, – дадае жанчына.
    Будучы выпускніцай, спадарыня Сафія прызнаецца, што цяпер ёй моцна хочацца дзяліцца атрыманымі ведамі, бо яна на ўласным досведзе ўпэўнілася, што развіццё духоўнага жыцця дазваляе адчуць сябе шчаслівым, робіць больш простым стаўленне да праблем, у тым ліку да нюансаў здароўя ў сталым узросце. “Галоўная выснова – што вучыцца можна ў любым узросце. Ведаеце, я заўважыла, што пакуль навучалася ў каледжы, стала лепш выглядаць! Сапраўды! Усе мае знаёмыя равеснікі пастарэлі, а я расквітнела!”, – дадае з усмешкай пенсіянерка.
    А тым, хто хоча распачаць новую прыгоду ў сталым узросце, спадарыня Сафія раіць не баяцца і выкарыстаць упоўні гэтую масу пенсійнага часу, бо з Богам усё магчыма.
   Спадарыня Сафія пасярэдзіне     Старасць як магчымасць
   зрабіць жыццё больш насычаным

    Выхад на пенсію дазваляе ўрэшце заняцца тым, на што не хапала часу з-за шчыльнага графіка. Можа, гэта нейкае закінутае хобі, жаданне паспрабаваць штосьці новае або проста працягнуць працаваць, але ў іншай сферы – менш аплачваемай, але больш блізкай сэрцу. Канешне, гэта магчыма ў тым выпадку, калі ў дзяржаве, у грамадстве створаны адпаведныя ўмовы.
    У Гродне грамадская супольнасць паклапацілася пра пажылых людзей, і ўжо на працягу дзесяці гадоў у горадзе дзейнічае Універсітэт залатога веку, накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця пенсіянераў. У межах Універсітэта чалавек можа вывучыць замежную мову, навучыцца маляваць або карыстацца камп’ютэрам. Можа стаць валанцёрам у розных сацыяльнанакіраваных праектах, даказваючы, што сталыя людзі не абуза, а карысны рэсурс для грамадства. Можа здзяйсняць вандроўкі па Беларусі і суседніх краінах або лепш задбаць пра здароўе праз асвойванне танцаў, гіманстыкі або іншых відаў фізічнай актыўнасці. І, канешне, гэта магчымасць знайсці новых сяброў і аднадумцаў!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  162

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.