ГРОДНА
Чацвер,
18 ліпеня
2024 года
 

Ад Беларусі да Швейцарыі. Ці спраўджваецца паўсюднасць Касцёла?

З жыцця Касцёла

Гродзенка пра досвед практыкі веры ў Швейцарыі.
Касцёл ахоплівае ўвесь свет, нездарма называючыся паўсюдным. А як выглядае гэтая паўсюднасць на практыцы? Ці сапраўды, дзе б ты ні быў, варта толькі адшукаць мясцовы каталіцкі храм – і ты нібы апынешся дома? Адчуеш той самы пах, пачуеш тыя ж словы, прасякнешся той самай атмасферай, трапіш у абдымкі любячага Айца…
    Пра адметнасці Касцёла на чужбіне разважаем з Марыкай Старановіч, верніцай з гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці, якая апошнія некалькі месяцаў працавала ў Швейцарыі.
“Многія мястэчкі раслі вакол кляштараў”
    Швейцарыя мяжуе з Германіяй, Францыяй, Італіяй, Ліхтэнштэйнам і Аўстрыяй. То-бок, гістарычна склалася так, што яна знаходзіцца на скрыжаванні германскай і раманскай Еўропы.
    Гэта моцна паўплывала на ўнутранае жыццё краіны, таму Швейцарыю актуальна можна падзяліць на чатыры культурныя і моўныя часткі: нямецкую, французскую, італьянскую і раманшскую. Марыка жыла ў Цюрыху, нямецкім рэгіёне краіны, горадзе, па колькасці насельніцтва крыху большым за Гродна.
    “Там я налічыла 15 парафій. Першае, што кінулася ў вочы, – аўтэнтычнасць мясцовых святынь. Швейцарыя займала пазіцыю нейтралітэту падчас сусветных войнаў і дзякуючы гэтаму захавала сакральную архітэктуру ў непарушаным стане.
    Можна шпацыраваць па горадзе і цешыцца сярэднявечнымі капліцамі, а зазірнуўшы ўнутр – такімі ж старажытнымі роспісамі. Цікава, што ў адрозненне ад нас, у іх рэдка сустракаецца традыцыя вотаў. Замест іх вакол абразоў адлюстраваны канкрэтныя гісторыі цудаў. Напрыклад, намалявана, як маленькая дзяўчынка падае з брычкі, пасля над ёй моляцца, і наступае цудоўнае аздараўленне, а побач пазначаецца год здарэння. Увогуле, бачна, што край прасякнуты хрысціянскай культурай. Напрыклад, пабудаваны ў сярэдзіне XX стагоддзя швейцарскі аўтамабільны тунэль, які з’яўляецца самым доўгім у свеце, названы імем св. Бернарда”, – распавядае дзяўчына.
    Марыка адзначае, што на хрысціянскіх асаблівасцях краіны пакінула свой след і рэфармацыя: “Значная частка мясцовых каталіцкіх святынь была ператворана ў пратэстанцкія. Знешне яны не адрозніваюцца ад традыцыйных касцёлаў, але ўнутры амаль не маюць убранства: няма ні абразоў, ні фігур. Цікава, што ў старэйшым касцёле Цюрыха – Фраумюнстэр 853 года, – які таксама адышоў пратэстантам, роспісы вітражоў былі адноўлены самым вядомым беларускім мастаком Маркам Шагалам (хоць мастак і не быў хрысціянінам, між іншым, ён быў сусветна прызнаным майстрам вітражоў, які прыбыў у Цюрых па запрашэнні тутэйшых рэстаўратараў – заўв. аўт.). Непратэстантам нават трэба заплаціць за ўваход, каб убачыць гэтыя вітражы”.
    Разам з тым, у залежнасці ад рэгіёна, у Швейцарыі шмат дзяржаўных выхадных на каталіцкія святы. Людзі адпачываюць ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа, на першы і другі дзень Вялікадня, ва ўрачыстасць Божага Цела і г. д. Падтрымка Касцёла таксама арганізавана на дзяржаўным узроўні. Калі адбываецца перапіс насельніцтва, у асобнай графе грамадзянін указвае сваю канфесійную прыналежнасць і пасля сплачвае налог на Касцёл, з якога грошы ідуць на абслугоўванне святыні і заробак святару адпаведнай парафіі. У саміх касцёлах таксама ўсталяваныя “боксы”, куды кожны жадаючы можа пакласці ахвяру.
   
    “Падчас св. Імшы ўсё адбываецца больш хаатычна”
    Марыка знаходзілася ў Швейцарыі падчас чарговай хвалі каранавіруса, а абмежаванні з-за пандэміі распаўсюджваліся і на Касцёл. Калі дзяўчына хацела трапіць на св. Імшу па-нямецку, мусіла прыйсці загадзя, бо ў касцёл пускалі толькі 50 чалавек. Каля ўвахода ў святыню стаяў чалавек, які адлічваў вернікаў і запісваў іх асабістыя даныя на выпадак, калі хтосьці з парафіі захварэе і трэба будзе паведаміць аб небяспецы асобам, якія былі ў кантакце.
    “Перад удзелам у св. Імшы я звычайна знаёмілася з чытаннямі на беларускай мове, бо падчас самой службы мала што разумела. Распазнаваць без высілку ўдавалася толькі спеў «Алелюя» і момант прыняцця Цела Хрыста. У швейцарскіх католікаў адрозніваецца ход літургіі: там, дзе мы стаім, яны могуць кленчыць, а там, дзе становімся на калені мы – яны ўстаюць і г. д. Прапускаецца вызнанне веры (малітва «Веру ў адзінага Бога»), часта апускаецца другое чытанне, замест якога могуць зачытаць павучальную прытчу або вытрымку з якой-небудзь «разумнай» кнігі, напрыклад, з «Маленькага прынца» Антуана дэ Сент-Экзюперы. Мяркую, такім чынам яны хочуць засведчыць аб сучасным падыходзе да св. Імшы, аблегчыць вернікам успрыняцце хрысціянскіх ісцін”, – дзеліцца Марыка.
    Існуюць свае асаблівасці і ў адзначэнні галоўных хрысціянскіх свят. Калі ў Беларусі ў Пальмовую нядзелю касцёлы поўняцца вернікамі з вербачкамі розных памераў, колераў, па-рознаму аздобленымі, і нават ладзяцца конкурсы на самыя прыгожыя галінкі, то ў Швейцарыі Нядзеля Мукі Пана мае больш сціплы характар. Вернікі атрымліваюць асвечаныя галінкі аліўкавых дрэў з рук пробашча падчас урачыстай св. Імшы. “А на Вялікдзень мне давялося пазнаёміцца з католікамі бразільцамі, якія прыйшлі ў поўнае захапленне ад нашай традыцыі біцца велікоднымі яйкамі. Мы зладзілі цэлае спаборніцтва з выхадам у фінал”, – дадае з усмешкай дзяўчына.
   
    “Споведзь – не данасць, а дар”
    Мы прызвычаіліся, што ў Беларусі, у які б касцёл ні зайшоў, амаль заўсёды знойдзеш ксяндза, што сядзіць у канфесіянале. Скарыстаць сакрамант пакаяння і паяднання можна як перад, так і пасля св. Імшы. У Швейцарыі ўсё выглядае кардынальна інакш. Для споведзі ў парафіі выдзелена 1 гадзіна ў тыдзень – напрыклад, кожную суботу з 16.00 да 17.00. Дзень і час можна праверыць на парафіяльным сайце. Калі ж хочаш дамовіцца на іншы тэрмін, трэба сазваніцца са святаром або звязацца з ім праз электронную пошту. “Мяркую, што тэндэнцыя пайшла ад саміх вернікаў. Пачалі менш спавядацца, і святары, каб не «праседжваць» дарма ў канфесіянале, перайшлі на такі фармат”, – дадае Марыка.
    “У вігілію Пяцідзесятніцы мне давялося апынуцца ў маленькім мястэчку Лакарно ў італьянскай частцы Швейцарыі. Я акурат мела вялікую патрэбу ў споведзі, але шанс быў мізэрны. З інтэрнэту даведалася, што там месціцца санктуарый «Madonna del Sassо», што ў перакладзе азначае «Багародзіца на камені» (у ноч з 14 на 15 жніўня 1480 года Марыя аб’явілася тут мясцоваму манаху францысканцу – заўв. аўт.), да якога трэба было ісці 3 кіламетры ўгору. Калі падымалася, малілася Ружанцам аб дары споведзі. Прыйшоўшы на месца, не застала ані св. Імшу, ані духавенства. Убачыла толькі некалькі старых, што спявалі на лаціне, – працягвае дзяўчына. – І раптам, шпацыруючы па ваколіцы, сустрэла манаха капуцына. Ён пагадзіўся ўдзяліць сакрамант. Гэта была споведзь з вельмі патрэбнымі мне словамі святара. Калі я пазней распавяла гэтую гісторыю сваёй швейцарскай сяброўцы, яна расплакалася. Бо сустрэць у правінцыяльным мястэчку манаха, які размаўляе па-англійску і пагаджаецца на споведзь без папярэдняй дамовы (швейцарцы рупліва ставяцца да выканання правіл) – гэта цуд. А для мяне самой гэтая гісторыя стала сведчаннем клопату Бога пра маю душу”.
   Графіці з Мадоннай размяшчаецца акурат побач з месцам, дзе стаяць жанчыны, якія гандлююць сваім целам (у Швейцарыі легалізавана прастытуцыя). Паводле слоў гераіні артыкула, сімвалізм вулічнай ілюстрацыі ў тым, што Усявышні ні ў якіх абставінах не грэбуе намі, грэшнымі
    “Нічога незразумела, але ўсё зразумела”
    Марыка прызнаецца, што менавіта на св. Імшы па-нямецку, дзе амаль ні слова не магла разабраць, яна злавіла сябе на думцы, што Касцёл універсальны. Парадаксальна, але менавіта моўныя складанасці дапамаглі ёй гэта ўсвядоміць. “Бог знойдзе цябе ў любой кропцы свету насуперак розным непаразуменням. Бо «сэрца» св. Імшы – перамяненне хлеба ў Цела Хрыста – паўсюль аднолькавае. Насамрэч усе астатнія моманты літургіі з’яўляюцца толькі дапамогай, якая павінна спрыяць большай канцэнтрацыі на прыняцці св. Камуніі. Часам дастаткова моўчкі скласці рукі на грудзях, прыняць Езуса, прамовіць «амэн» – і ты атрымаеш усё, за чым увогуле прыйшоў на службу, – разважае дзяўчына. – Швейцарыя – шматнацыянальная краіна. Гэта адлюстроўваецца і ў мясцовым Касцёле. Падчас св. Імшы я адчувала яднанне з такімі рознымі людзьмі менавіта дзякуючы Целу Хрыста.
    І я расчулілася і плакала, бо нанова ўсвядоміла: дзе б ні была – Бог побач. Бог нязменны”. Касцёл нязменны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  167

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.