ГРОДНА
Чацвер,
18 ліпеня
2024 года
 

Касцёл, поўны сюрпрызаў

З жыцця Касцёла

29 чэрвеня адзначаецца ўрачыстасць двух найвялікшых апосталаў – Пятра і Паўла, якія з’яўляюцца заснавальнікамі і падмуркам Касцёла. Св. Пётр лічыцца першым Папам, пасвечаным самім Езусам. У сваю чаргу, св. Павел – адзін з найвялікшых настаўнікаў хрысціянскай веры. З нагоды ўспаміну святых, што паклалі пачатак Касцёлу, знаёмім Вас з цікавымі фактамі, якія тоіць у сабе Ватыкан і Апостальская Сталіца – сэрца Паўсюднага Касцёла.
1. Найменшая дзяржава ў свеце
    Ватыкан – самая маленькая краіна ў Еўропе і свеце. Яго плошча складае ўсяго 49 гектараў – гэта менш за палову квадратнага кіламетра. Паводле апошніх статыстычных даных, у Ватыкане пражывае каля 850 чалавек.
   
    2. Самыя кароткія рэйкі ў свеце
    У Апостальскай Сталіцы знаходзіцца самая кароткая чыгунка ў свеце. Чыгуначная сетка складаецца са станцыі і 300 метраў рэек, пабудаваных падчас пантыфікату Пія XI. Яна выкарыстоўваецца, у першую чаргу, для транспарціроўкі грузаў, што ўвозяцца ў краіну, але ў выключных выпадках ужываецца таксама для перавозкі паломнікаў, якія прыязджаюць у горад. Ватыканская чыгунка спалучана з італьянскай сеткай і ў адпаведнасці з законам з 1929 года фармальна ўспрымаецца так, быццам знаходзіцца ў Італіі.
   
    3. Найбольш турыстаў у свеце
    Аўдыенцыі Папы, сакральныя святыні і візіты вядомых асоб спрыяюць таму, што сюды прыязджае шмат турыстаў – звычайна каля 6 мільёнаў у год. Менавіта ў Ватыкане прыпадае больш за ўсё турыстаў на аднаго чалавека, які пражывае тут пастаянна.
   
    4. Самая папулярная пошта ў свеце
    Паштовую службу Ватыкана апісваюць як адну з лепшых у свеце. З мясцовага індэкса адпраўляецца больш лістоў, чым з любой іншай кропкі свету. На працягу года Пошта Ватыкана адпраўляе каля 2,5 мільёнаў лістоў, 7 мільёнаў паштовак і каля 20 тысяч пасылак. Яна выпускае ўласныя паштовыя маркі, якія вельмі цэняцца ў свеце філатэліі.
   
    5. “Самая мілітарызаваная краіна ў свеце”
    Швейцарская гвардыя, якая чувае пры Пантыфіку, фармальна існуе з XVI стагоддзя. 22 студзеня 1506 года папа Юлій II прывёз у Ватыкан 150 швейцарскіх наёмнікаў. Чаму гэта былі менавіта швейцарцы? Іх лічылі адважнымі, дысцыплінаванымі і адданымі салдатамі. Сёння армія Папы налічвае 110 гвардзейцаў.
    Салдат гвардыі павінен быць католікам і швейцарцам. Ян Павел II некалі жартаваў, што жыве ў самай мілітарызаванай краіне свету. Прыблізна кожны дзесяты грамадзянін Ватыкана з’яўляецца членам Швейцарскай гвардыі.
   
    6. Уласная астранамічная абсерваторыя
    У 1576 годзе папа Рыгор XII даручыў пабудаваць вежу, якая павінна была выкарыстоўвацца для астранамічных назіранняў. Вежа Вятроў стаіць да сёння, і менавіта дзякуючы мясцовым назіранням быў рэфармаваны каляндар. Цікава, што адзін з кратэраў на Месяцы названы ў гонар нямецкага езуіта Хрыстафора Клавіуша (1538–1612), які быў астраномам і сааўтарам грыгарыянскага календара.
    Тэлескопы Апостальскай Сталіцы размешчаны ў розных месцах. У 1980 годзе пры Універсітэце Арызоны ў Тусоне была створана рабочая група VORG. Затым на суседняй гары Грэям быў усталяваны сучасны тэлескоп VATT. Да таго ж у Ватыкане кожныя два гады праводзяцца Школы астраноміі для студэнтаў з усяго свету.
    Варта дадаць, што 13 з 15-ці супрацоўнікаў Астранамічнай абсерваторыі пры Апостальскай Сталіцы з’яўляюцца езуітамі. Яны нястомна даследуюць касмічную прастору, імкнучыся вырашыць розныя пытанні, напрыклад, існаванне знака на небе, які прывёў мудрацоў да нованароджанага Езуса – з’явы, вядомай як “Бэтлеемская зорка”.
   
    7. Алтар базілікі св. Пятра ў Ватыкане знаходзіцца ў месцы пахавання святога
    Месцам пакутніцкай смерці св. Пятра ў Вечным горадзе была арэна на Ватыканскім узгорку. Цела апостала было пакладзена ў паганскім некропалі, які знаходзіўся на тым жа ўзгорку. Вельмі хутка месца пахавання стала месцам хрысціянскіх паломніцтваў, якія спачатку адбываліся таемна.
    У IV стагоддзі імператар Канстанцін дазволіў вызнаваць веру ў Хрыста і вырашыў пабудаваць базіліку ў памяць св. Пятра.
    Алтар новага касцёла павінен быў стаяць на месцы магілы апостала. Калі ж была пабудавана цяперашняя цудоўная базіліка, папскі алтар таксама размясцілі над магілай святога. Пасля раскопак і даследаванняў, праведзеных па даручэнні папы Пія XII у 1939–1950 гадах, Святы Айцец афіцыйна пацвердзіў: там пахаваны князь Апосталаў.
    Могілкі, на якіх спачыў св. Пётр, знаходзяцца на другім узроўні ў падзямеллі, на глыбіні прыблізна 10 метраў ніжэй базілікі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  167

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.