ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

XIV Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Мк 6, 1–6
Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сінагозе. Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: “Адкуль у Яго гэта, і што гэта за мудрасць, якая дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут, сярод нас, Ягоныя сёстры? І сумняваліся ў Ім. А Езус казаў ім: “Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй, у родных і ў доме сваім”. Таму не мог там учыніць ніякага цуду, толькі на некалькі хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. І дзівіўся іхняму бязвер’ю. І хадзіў па навакольных вёсках, і вучыў.

Адкрыць сэрца на дзеянне ласкі
   Дзіўна, што Пан Езус у сваім родным горадзе сустрэў недавер, а ў іншых месцах і сярод людзей больш чужых, у Ім бачылі Месію і Збаўцу. Падобнае адбываецца і ў нашым паўсядзённым жыцці. Мы захапляемся новымі знаёмымі, якія цудоўна расказваюць пра Бога. Мы гатовы ехаць у далёкія санктуарыі, каб хаця б хвіліну памаліцца там. Купляем новы ружанец, а стары кідаем на дно шуфляды.
    Бог, наадварот, прысутнічае ў тым, што самае простае і блізкае для нас. Таму Ён спрабуе дабрацца да нас праз нашых жонку ці мужа, дзіця, сабрата ў святарстве ці члена супольнасці, да якой належым. Ён не чакае кожны раз, што мы будзем хадзіць у аддаленую святыню, але запрашае ў бліжэйшы касцёл, нашу парафіяльную святыню. Не патрабуе, каб куплялі новы ружанец, Яму дастаткова старога і пацёртага, якім карыстаемся гадамі.
    Перш за ўсё, Богу важна, каб мы маглі сесці разам з нашымі блізкімі. І лепш за ўсё там, дзе праходзіць наша штодзённае сямейнае ці грамадскае жыццё. І каб мы разам з імі памаліліся.
    Творца хоча, каб мы паглядзелі на сваю жонку і свайго мужа як на веснікаў прысутнасці Бога ў нашым жыцці. Такое стаўленне вельмі простае і ў той жа час такое складанае ў рэалізацыі. Можа, менавіта таму св. евангеліст Марк падкрэсліў, што Езус “не мог там учыніць ніякага цуду” і “дзівіўся іхняму бязвер’ю”. Ніхто проста не верыў, што Збаўца можа быць так блізка, і гэта заблакіравала людскія сэрцы ад уздзеяння Божай ласкі.
   
   Пане Езу Хрысце, учыні маё сэрца заўсёды адкрытым на дзеянне Тваёй збаўчай ласкі. Толькі Ты ў маім жыцці можаш здзяйсняць цуды!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.