Рэальныя дзеянні з клопатам пра супольны дом

 |  Алена Майсюк  |  Экалагічная цнота

    Дзейнасць чалавека на Зямлі прывяла да скарачэння і знікнення многіх прадстаўнікоў відаў флоры і фауны. Як мы можам пачаць змяняць свет навокал, каб выправіць памылкі, кампенсаваць страты добрымі справамі для аднаўлення натуральнай прыроды? Кожны ў сілах зрабіць шмат карыснага для павелічэння біяразнастайнасці на Зямлі і аднаўлення балансу.
majsiuk2
   “Малітва без учынкаў мёртвая”
    Энцыкліка Папы Рымскага Францішка “Laudato sі’” пра клопат аб супольным доме можа стаць крыніцай натхнення для дзеянняў кожнага чалавека. Заўсёды ёсць магчымасць дапамагчы прыродзе рэальнымі ўчынкамі. Так пачаў рэалізоўвацца праект па вяртанні дзіўных соў сіпух на тэрыторыю Беларусі. Дзякуючы намаганням святароў і актывістаў экалагічных арганізацый, у Шылавічах, Гнезне, Рэплі і Індуры вежы касцёлаў ужо падрыхтаваны да прыёму сіпух.
    Святыні, якія маюць даўнюю гісторыю, памятаюць гэтых птушак. Яны любілі сяліцца пад стрэхамі, дапамагалі пазбаўляць мясцовых жыхароў ад грызуноў і проста цешылі сваім мілым выглядам. Але інтэнсіўнае развіццё сельскай гаспадаркі, рэстаўрацыйныя работы, вырубка лясоў, а да таго ж серыі халодных зім без уцепленых хованак прывялі да знікнення сіпух. Рэдкія іх пары засяляліся з тэрыторыі суседняй Польшчы, дзе валанцёры ўжо даўно ствараюць умовы для пражывання птушак на вежах святынь. Як і любая жывая істота, сіпухі памятаюць домік, у якім нарадзіліся, і, пакідаючы “бацькоўскі дом”, шукаюць падобныя ўмовы. Вось чаму будынкі касцёлаў з’яўляюцца ўпадабанымі месцамі засялення сіпух. Іншыя віды птушак таксама ахвотна могуць засяляць тэрыторыю святынь і вежы, калі чалавек дапаможа ім у гэтым.
   
    Як тэрыторыя касцёла можа стаць даступнай усім?
    Святыня з’яўляецца, у першую чаргу, месцам малітвы і сустрэчы чалавека з Богам. Аднак гэта таксама месца сустрэч людзей, дзе можна абменьвацца ідэямі, перадаваць інфармацыю і вопыт. Гэта яшчэ і выдатнае месца, дзе варта распачаць адукацыйную дзейнасць, даць магчымасць увасабляць свае ідэі ў жыццё.
    Прапануем варыянты пасільных кожнаму спраў, каб наблізіць прыроду да чалавека і стаць сапраўдным адлюстраваннем слоў Папы ў сваім населеным пункце.
   
    1. Шпакі, сініцы, мухалоўкі, гарыхвосткі, малінаўкі, зяблікі і многія іншыя птушкі ахвотна прыляцяць да вас, калі на тэрыторыі ёсць дрэвы і кусты. Устанаўлівайце гнездзішчы для розных відаў птушак. Птушыны спеў аказвае спрыяльны ўплыў на чалавечае здароўе, унутраныя рытмы ўсіх органаў вяртаюцца да натуральнага функцыянавання.
    2. Дрэвы і кусты могуць стаць для чалавека сховішчам ад сонца і ветру, а для птушак – месцам гнездавання, пошуку ежы і запасаў на зіму. Высаджвайце шыпшыну, глог, рабіну, бузіну, вінаград, костачкавыя і семечкавыя расліны. Ваша тэрыторыя стане раем для птушак.
    3. Дробныя жывёлы, яшчаркі, жабы, кажаны любяць сяліцца ў садах і паядаць насякомых. Але для іх павінны быць месцы хованак: старыя галінкі дрэў, лістота, камяні, няскошаная трава, месцы пад стрэхамі. Зладзіць такія хованкі – цалкам у вашых сілах.
    4. Стрыжаныя газоны зусім непрыдатныя для натуральнай прыроды. На іх няма хованак ад ветру, сонца, дажджу, замаразкаў. Гэта прыводзіць да безжыццёвага існавання тэрыторыі.
    А адтуль, адкуль сыходзіць прырода, неўзабаве сыдзе і чалавек. Толькі на няправільна перакапанай зямлі з’яўляецца бур’ян. Калі не перашкаджаць прыродзе лапатай і плугам, яна сама адновіць баланс, і ўжо на наступны год вы ўбачыце, як выдатна зямля становіцца домам для ўсяго жывога. Так можна праводзіць назіранне за натуральным жыццём.
    5. Пакідайце апалае лісце або прыбірайце яго ў адно месца для дапамогі насякомым і некаторым дробным жывёлам. Дадаткова можна стварыць домікі для насякомых (перапончатакрылых, жукоў). У такіх хованках адзіночныя восы і пчолы змогуць выводзіць патомства, а розныя бесхрыбетныя (павукі, божыя кароўкі) – хавацца ад сонца і зімаваць.
    6. Высаджвайце кветкі, сады. Гэта прыцягвае матылькоў, пчол. Яны з’яўляюцца памочнікамі ў стварэнні ўраджаю. Колер важны для гармоніі ў чалавеку, калі ён сузірае. А пах кветак неабходны для добрага настрою.
   
    Калі чалавек зменіць свой стасунак да прыроды, праявіць мудрасць, карысна будзе ўсім.
#
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта газеты "Слова Жыцця" актыўная індэксуемая і прамая гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Слова Жыцця:  інфармацыйна–рэлігійная газета Гродзенскай дыяцэзіі; Год заснавання 1997.
Заснавальнік: Гродзенская Рыма–Каталіцкая Дыяцэзія; Выдаўца: Курыя Гродзенскай Дыяцэзіі;
Адрас: Гродна 230025, вул. К. Маркса, 4, тэл. (+375) 152 75-64-38; e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Галоўны рэдактар кс. Юрый Марціновіч. Тэхнічны рэдактар Юрый Лавыш
Веб-версія: Аляксандр Лавыш, Андрэй Міскевіч

© All rights reserved.
Admining, migration, project and design site - Andrei Miskevich /Jan_Dax/
Back to Top