ГРОДНА
Панядзелак,
22 ліпеня
2024 года
 

Цярністы ці просты, або Пра доўгі шлях да святарства (4)

На службе Богу


   Брат баніфратр Эмануэль Юран пра дарогу з медустановы ў кляштар.
Матэрыял завяршае цыкл сведчанняў духоўных асоб, якія адкрылі сваё пакліканне пасля разнастайнага жыццёвага досведу.
Бр. Эмануэль Юран: “Распазнанне паклікання – працэс працягласцю ў жыццё”
Брат Эмануэль Юран належыць да Шпітальнага Ордэна св. Яна Божага, або, як яго яшчэ называюць – ордэна баніфратраў. Як вынікае з самой назвы супольнасці, харызмай манахаў з’яўляецца клопат пра хворых. Бр. Эмануэль – прыклад чалавека, які здолеў спалучыць свой першасны жыццёвы досвед са служэннем Богу. Ён скончыў медыцынскі ўніверсітэт, пасля ўступіў у кляштар, а цяпер служыць у “Хрысціянскім сацыяльным цэнтры” ў Мінску, клапоцячыся пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі, і адначасова працуе ў гарадской паліклініцы.Бр. Эмануэль у сваёй паслузе спалучае клопат пра духоўнае і фізічнае здароўе чалавека
    “Я нарадзіўся ў Мінску ў звычайнай савецкай сям’і. Сакрамант хросту прымаў ужо ў свядомым узросце – пасля «перабудовы», разам з маці і сястрой. Мяне пачаў вабіць Касцёл, але не ва ўзнёслым, а ў куды больш празаічным сэнсе: падабалася архітэктура святынь і тое, што ў каталіцкай супольнасці размаўлялі па-беларуску. Гэта мела празаходні характар і выклікала цікавасць”, – распавядае бр. Эмануэль.
    Манах прызнаецца, што першапачаткова ўспрымаў Бога як “чараўніка”, які спецыялізуецца на выкананні жаданняў і з якім заўсёды можна дамовіцца. Таму і стаўленне было адпаведнае. “Скончыўшы школу, я паабяцаў Госпаду, што, калі Ён дапаможа мне паступіць у медуніверсітэт, я пачну хадзіць у касцёл і выконваць неабходныя рэлігійныя практыкі. І я паступіў. А пасля курсу катэхезы прыадкрыў для сябе сапраўдную постаць Бога. І Ён мяне раптам цалкам скарыў”, – адзначае брат.
    Малады чалавек працягваў вучобу, а ўнутры перыядычна нарастала жаданне пайсці ў кляштар. Разважаў над рашэннем на працягу 6-ці гадоў, але, толькі стаўшы выпускніком, зразумеў, што хоча далучыцца да баніфратраў.
    “Бацькі не былі ў захапленні, бо мелі савецкае ўяўленне пра манаскія ордэны. Думалі, што буду хадзіць у лахманах і жыць у хаціне. Аднак, зразумела, рэчаіснаць братоў баніфратраў выглядае інакш. Тыповая супольнасць мае кляштар і вялікую медыцынскую або апякунскую ўстанову (у Беларусі баніфратры распачалі сваю дзейнасць толькі ў лютым 2020 года, таму пакуль не маюць адмысловага месца служэння – заўв. аўт.)”, – дадае бр. Эмануэль.
    Разважаючы пра сэнс служэння супольнасці, манах заўважае, што малітва з’яўляецца стрыжнем, на які нанізваюцца іншыя абавязкі: “Мы ахінаем малітоўнай апекай немачных, супрацоўнікаў медыцынскіх устаноў і іх валанцёраў. Таксама імкнёмся евангелізаваць медыцынскі персанал і пацыентаў. І разам з гэтым клапоцімся пра «абалонку». Інакш кажучы, ідзём да душы праз цела”.
    За некалькі месяцаў служэння ў Беларусі бр. Эмануэль зразумеў, што ў краіне складаная сітуацыя са становішчам інвалідаў. “На вуліцах амаль не заўважыць гэтых людзей. Адзінкі. І гэта не прыкмета іх адсутнасці. Гэта ўказвае на тое, што яны амаль не выбіраюцца з дому, бо проста не існуе ўмоў для іх бяспечнага перамяшчэння. Я служыў у Польшчы, бываў у Іспаніі і Італіі – там людзі з абмежаванымі магчымасцямі – актыўная частка супольнасці”, – распавядае манах.
    Таму тут бр. Эмануэль пакуль бачыць сваю місію ў клопаце пра тых, хто не можа паклапаціцца пра сябе. Разам з тым манах дадае, што распазнанне свайго паклікання – гэта амаль бясконцы працэс. “Калі гаворка ідзе пра служэнне ў межах манаства ці святарства – трэба быць асцярожным. Не варта гуляць са словамі тыпу «я пачуў голас Бога», бо тут можа крыцца спакуса нахіліць Яго на сваё падабенства. У выніку можам перажыць крызіс, бо гэта мы маем Божы вобраз, а не наадварот. Бога не агарнуць, мы будзем шукаць і спрабаваць асэнсаваць Яго на працягу ўсяго жыццця, – разважае бр. Эмануэль. – У пастырскай паслузе шмат узнёслых рэчаў: прыгожыя шлюбы, урачыстыя працэсіі, натхняльныя спевы. Часта маладыя людзі могуць акцэнтаваць менавіта гэта, а сутыкаючыся з кляштарнай рэчаіснасцю, адчуваць расчараванне. Аднак да святасці ніколі не вяла пампезнасць. Хутчэй звычайныя, напоўненыя руціннымі абавязкамі дні”, – падкрэслівае.
    Бр. Эмануэль лічыць, што недаацэньванне вартасці простых рэчаў і шэрай рэчаіснасці вядзе да разгубленасці маладых людзей, якія шукаюць сваёй рэалізацыі ў свецкім жыцці. Масмедыі выпукляюць паспяховых людзей, адсоўваючы на другі план асоб менш прываблівых прафесій. Аднак можна выконваць “малы” абавязак і пры гэтым быць шчаслівым. Можна проста быць ветлівым падчас працы і ўсцешыць гэтым шматлікіх людзей.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  163

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.