ГРОДНА
Аўторак,
03 кастрычніка
2023 года
 

Таямнічы Бог

Хрысціянскія традыцыі


   Трыадзіны Бог з’яўляецца цудоўным і найдасканалейшым узорам стварэння і будавання міжасабовых адносін паміж людзьмі.
Кожны год, перажываючы ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, мы дакранаемся да адной з такіх таямніц веры, якія не падлягаюць чалавечай логіцы і не могуць быць зведзены да нашых людскіх разумовых схем. Св. Аўгусцін у сваёй “Споведзі” сцвярджаў, што мала душ, якія, гаворачы пра Тройцу, ведаюць, што гавораць.
    Аднак бясспрэчная ісціна заключаецца ў тым, што Бог заўсёды быў, ёсць і будзе АДЗІНЫ. Дык як па-людску зразумець гэтую догму, у якой удзельнічаем?
Пэўнай дапамогай можа стаць для нас св. Патрык, “апостал Ірландыі”, які жыў у IV стагоддзі. Гэты мудры і святы місіянер, тлумачачы складаную і таямнічую ісціну хрысціянскай веры тым, хто шукаў сапраўднага Бога, выкарыстаў лісток канюшыны. Ён паказаў тры асобныя лісцікі, злучаныя адным сцяблом. Падобна таму, як ёсць адзін Бог, але ў трох Асобах, так і канюшына, развіваючыся з аднаго сцябла, дае тры лісткі. Праз гэтую расліну святы паспрабаваў паказаць Бога, які паступова адкрываецца нам, а таксама растлумачыць догму пра Святую Тройцу.
Найсвяцейшая Тройца з’яўляецца Любоўю. Айцец – Той, хто любіць, Сын – Той, каго любяць, а Святы Дух – гэта сама Любоў.

    Да той самай веры, якой былі прываблены вучні св. Патрыка, прыцягнуты кожны чалавек. Аднак, як паказвае жыццё, сучасныя людзі занадта занятыя, каб мець час на сустрэчу са складанымі для людскога разумення таямніцамі сваёй веры. Даволі часта здараецца, што ў нас шмат праблем у гэтай сферы. Можам казаць сабе: для чаго мне патрэбны Трыадзіны Бог? У мяне ёсць добрая праца, і гэта самае важнае, каб забяспечыць блізкім дастойныя ўмовы жыцця. Я веру ў Бога, але нейкая там Тройца мяне сёння не цікавіць. Ці Яна дасць мне на ежу? Калі не, то, магчыма, падумаю пра гэта іншым разам.
    Адказам на такія частыя абвінавачванні можа быць узгадванне факта з нашай чалавечай гісторыі. Бог адзіны і будзе такім заўсёды, але Яго Асобы займаюць асаблівае месца і па-асабліваму дзейнічаюць у гісторыі чалавецтва і Сусвету.
Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы сёлета адзначаем у нядзелю 30 мая.

    Можна заўважыць тры этапы дзеяння Адзінага Бога ў трох Асобах. Час Бога Айца – час Старога Запавету. Гэта Ён стварае і заклікае да жыцця. Гэта Ён хоча чыніць дабро, нягледзячы на людскую ўпартасць і частыя нараканні ў нашых сэрцах. Гэта Ён прагне зрабіць з нас – у гісторыі і сёння – новы і святы народ.
    Паўнатой дзеяння Бога Айца з’яўляецца другі этап Яго Аб’яўлення – Асоба Езуса Хрыста. Хоць зямная чыннасць другой Асобы – Сына Айца – выглядае досыць кароткай, яна вельмі плённая. На працягу трыццаці трох гадоў Езус з Назарэта, сапраўдны чалавек і сапраўдны Бог, паказваў людзям непаўторнае аблічча Бога Айца. Сваімі словамі, а перш за ўсё сваімі міласэрнымі ўчынкамі, Ён адкрывае нам, які на самой справе Бог Айцец і наколькі Яму важна шчасце чалавека, а таксама, што самае галоўнае, яго вечнае жыццё.
    Нарэшце, трэці этап пазнання і дзеяння нашага Адзінага Бога – сучаснасць. Дух Айца, Дух Езуса, Святы Дух – гэта Ён сёння дзейнічае ў Касцёле і ў свеце. Часам нам можа здавацца, што злы валадарыць, але канчатковая перамога належыць Святому Духу. Мы ўсе напоўнены Ім і адначасова запрошаны верыць у Адзінага Бога, хоць Ён і праяўляе сябе ў Трох Асобах. І як існуе камунія (суадносіны) паміж трыма Божымі Асобамі, так мы запрошаны да камуніі з людзьмі, якія нас акружаюць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  90

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.