ГРОДНА
Нядзеля,
01 кастрычніка
2023 года
 

А. Андрэй Агель SP: “Будслаў нас аб’ядноўвае”

Інтэрв'ю


   Так склалася, што сведкамі пажару ў Будславе стала група піярскай моладзі са Шчучына. Якраз у гэты дзень выпускнікі прыбылі ў санктуарый памаліцца аб бласлаўленні на далейшы жыццёвы шлях.
Размаўляем з а. Андрэем Агелем, духоўным кіраўніком моладзі са Шчучына, пра ўражанні і пачуцці з той паездкі, значэнне Будслава для беларусаў і хвалю салідарнасці пасля пажару.
– Адкуль узялася ідэя ездзіць з выпускнікамі менавіта ў Будслаў?
    – Калісьці, яшчэ ў 2011 годзе, у супольнасці піяраў у Шчучыне быў на практыцы кл. Павел Беразун. Ён і прапанаваў, каб дзеці і моладзь, пераважна выпускнікі, у знак падзякі за заканчэнне школы ездзілі ў Нацыянальны Санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Каб маглі там памаліцца за свой далейшы жыццёвы шлях: добра здаць экзамены, вырашыць пытанне з паступленнем ці зрабіць іншыя жыццёвыя выбары.
  Упершыню такая паездка адбылася ў 2012 годзе – на бусе і машыне кл. Павел і а. Віталь Слука разам з моладдзю адбылі пілігрымку ў Будслаў. З таго часу за гэты выезд быў адказны а. Віталь.
   Група маладых вернікаў са Шчучына ў будслаўскай святыні за некалькі гадзін да пажару
    – Колькі маладых людзей штогод выязджала ў гэтае паломніцтва?
    – Прыкладана 12-13 чалавек. Былі жадаючыя, хто хацеў – ехаў.
   
    – То-бок, гэта не ўсе выпускнікі, якія ў Вас ёсць, а толькі тыя, хто хацеў паехаць?
    – Так, гэта тыя, хто хадзіў на катэхезу і падрыхтоўку да сакраманту канфірмацыі, а таксама пасля яго. У большасці старэйшая моладзь і выпускнікі.
   
    – Як Вам здаецца, за 12 гадоў цікавасць да Будслава сярод моладзі расла ці памяншалася?
    – Цяжка сказаць, бо я толькі з 2019 года служу ў Шчучыне. Па расказах а. Віталя, магу сказаць, што цікавасць заўсёды была. Маладзёны дзяліліся ўражаннямі пасля пілігрымкі, былі захоплены ўбачаным у пазітыўным сэнсе. Адчувалі ласку Маці Божай Будслаўскай.
   
    – Як выпускнінкі ўспрымаюць сам побыт у санктуарыі? Вы там начуеце, адпраўляеце св. Імшу, праводзіце больш часу. Што азначае для іх гэты побыт?
    – Увогуле, я сёлета быў першы раз з моладдзю ў Будславе. Наша пілігрымка была запланавана па розных пунктах: Іўе, Гудагай, Хатынь... Аднак усе разумелі, што мэта паездкі – санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Мы прыехалі позна ўвечары 10 мая, каля 22-ой гадзіны. Яшчэ паспелі адправіць вячэрнюю св. Імшу. Можна сказаць, што мы былі апошнімі сведкамі выгляду святыні да пажару. На наступны дзень планавалі паўдзельнічаць у св. Імшы а 8-ай раніцы, а пасля пайсці разам з мясцовым пробашчам паглядзець наваколле. Аднак замест гэтага сталі відавочцамі пажару. Моладзь дапамагала выносіць усё з касцёла.
   Падчас св. Імшы ў будслаўскай святыні ў інтэнцыі распазнання далейшага жыццёвага шляху
    – Калі вярталіся дадому, напэўна, была нейкая рэфлексія наконт здарэння. Як моладзь успрыняла сітуацыю з пажарам?
   – Мы сталі першымі валанцёрамі. Не маглі паверыць, калі вылецелі з дома. Не задумваючыся ні над чым, пабеглі выносіць рэчы. Потым падышлі мясцовыя людзі, апусціліся на калені і пачалі маліца перад святыняй. Наша моладзь адступіла ў бок і таксама стала адгаворваць Ружанец, каб нікому не перашкаджаць.
    Туды ехалі з радасцю, а вярталіся ў цішыні. І ў гэтай цішыні ўсе разумелі самае страшнае: ты бачыш, як агонь паглынае гэтую прыгажосць і каштоўнасць, аднак не можаш нічога зрабіць. Агонь – гэта страшна. Нездарма спяваецца: “Ад паветра, голаду, агню, вайны выбаў нас, Пане”.
    Я разумеў, што моладзь непакоіцца. Думаю, пасля вяртання яны дзяліліся перажытым са сваімі сем’ямі, сябрамі. Бясспрэчна, гэта было моцнае духоўнае перажыванне.
   
    – Магчыма, маладзёны ўпершыню сутыкнуліся з падобнай сітуацыяй, якія, на жаль, нярэдка здараюцца ў нашым жыцці: ты нічога не можаш зрабіць, толькі стаяць і глядзець?
    – І маліцца. У дадзенай сітуацыі – нічога, акрамя малітвы. Так, яны зразумелі, што ёсць моманты, калі застаецца толькі малітва.
   
    – Чытаючы СМІ, чуючы розныя каментарыі, складваецца ўражанне, што пасля пажару Будслаў зрабіўся яшчэ больш родным, больш важным для людзей. А Вы гэта адчуваеце?
    – Так. Прытым не толькі сярод католікаў, але і сярод іншых хрысціянскіх канфесій. Адчуваецца вялікая салідарнасць з боку праваслаўных. У Шчучыне гэта было асабліва заўважна, бо нашы праваслаўныя вельмі турбаваліся: “Гарэў жа храм, Божы дом”. Думаю, можа, гэта такі знак для беларусаў. Нехарошая сітуацыя аб’яднала ўсіх хрысціян, увесь народ. Другі бок медаля – нас звязала бяда. Рука дапамогі працягвалася ад абсалютна розных людзей. Вельмі шмат было таксама фінансавай дапамогі. Можна сказаць, што de fаcto збор сродкаў на аднаўленне будслаўскай святыні стаў самай вялікай акцыяй падтрымкі Касцёла ў Беларусі. Яшчэ ніколі за такі кароткі час не збіралася столькі грошай. Таксама, згодна з заклікам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа ва ўсіх парафіях Беларусі быў арганізаваны збор сродкаў на тую ж мэту. Людзі з вялікім трапятаннем падышлі да справы. Гэта было бачна па іх ахвяраваннях, па іх малітве. Мы ў Шчучыне пасля Імшы яшчэ шмат маліліся за аднаўленне Будслава, за ахвярадаўцаў, за пробашча, святароў і біскупаў.
   Пасля выратавання ўсіх магчымых рэчаў мясцовыя вернікі моляцца перад святыняй
    – Кс. Андрэй, а можаце падзяліцца, колькі ў парафіі сабралі грошай на рамонт касцёла ў Будславе ў гэтую нядзелю? У параўнанні з іншымі зборамі – гэта больш, рэкордна больш ці звычайная сума?
    – Яшчэ не падлічылі, але, па маіх назіраннях, гэта будзе рэкорд з кожнага боку. Гледзячы, як збіраліся грошы каля выхаду з касцёла – адназначна рэкорд.
   
    – 20 гадоў таму на Гродзеншчыне пра Будслаў мала чулі. Хадзілі ў Тракелі, Вострую Браму, у Чанстахову ездзілі. Але за апошнія дзесяцігоддзі Будслаў стаў такі ж блізкі. Як гэта адбывалася, як Вам бачыцца гэты працэс?
    – Не магу не згадзіцца. Калі я быў яшчэ зусім маладым святаром, няшмат чуў пра Будслаў. Ён толькі дзесьці ўзгадваўся. Цешуся, што паступова пачалі ладзіцца пілігрымкі з розных напрамкаў. Памятаю, як наша мясцовая працоўная і сямейная моладзь далучалася да гэтых паломніцтваў. Так паступова інфармацыя перадавался.
    Пасля туды пачалі ездзіць аўтобусныя пілігрымкі. Культ Маці Божай Будслаўскай развіваўся дзякуючы, перш за ўсё, паломніцкаму руху, дзякуючы публікацыям у СМІ.
    Думаю, цяпер пра Будслаў ведаюць усе.
   
    – Мне падаецца, што за гэтыя дзесяцігоддзі Будслаў стаў месцам яднання не толькі беларускіх католікаў. Ён з’яднаў усіх беларусаў, стаў важны для ўсяго народа. Вы гэта адчуваеце?
    – Адназначна так! Адчуваю, чую размовы, кантактую з праваслаўнымі. Паўсюль падкрэсліваецца, што гэта Нацыянальны Санктуарый Беларусі. Хоць маем Лагішын, Тракелі і іншыя санктуарыі, Будслаў з’яўляецца нацыянальным – гэта ранг, усебеларускі узровень. І гэта нас аб’ядноўвае.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  92

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.