ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Возьмем Бога на канікулы!

З жыцця Касцёла

“Канікулы з Богам” у Смаргоні, 2019 г.Вялікімі крокамі набліжаюцца заслужаныя канікулы. Хвіліна вольнага часу, каб набраць дыхання і адпачыць ад штодзённых спраў і клопатаў, вучобы і экзаменаў, працы і мітусні, прыдасца кожнаму, бо кожны мае права на перадышку.
У канцы мая школьны званок абвесціць канікулы. І для дзяцей пачнецца час без школы, вучобы, кніг, хатніх заданняў і нашэння кожную раніцу цяжкага заплечніка. Напэўна, любое дзіця пагодзіцца з тым, што гэтыя амаль 90 дзён без вучобы – верагодна, ідэя Пана Бога, які добра так спланаваў, што пасля цэлага года намаганняў ім належыць адпачынак. Тады лёгка цытаваць словы Езуса з Евангелля паводле св. Марка: “Пайдзіце і крыху адпачніце” (параўн. Мк 6, 31).

   Час для Бога
    Пасля высілкаў евангелізацыі апосталы вярнуліся да Езуса і расказвалі пра свае дасягненні. Нягледзячы на энтузіязм, яны, мабыць, выглядалі стомленымі, бо Езус адпраўляе іх узнавіць сілы. Калі дзіця вяртаецца са школы ў апошні дзень, нясе ў руках плён сваёй працы за год і ведае, што яго чакае заслужаны адпачынак.
    Выбух шчасця напаўняе чалавека і нясе ў розныя месцы. У нашым асяроддзі часцей за ўсё выязджаюць да бабуль і дзядуль у вёску альбо на дачу, а калі-нікалі і ў далёкія цёплыя краіны, хаця ў час пандэміі гэта не заўсёды магчыма. У нас усіх розныя ідэі для адпачынку. Канікулы – гэта такая цудоўная пара, якая мае ўсяго адзін недахоп – яна калісьці заканчваецца. Тады мы вяртаемся да свайго паўсядзённага жыцця, у школу, універсітэт, на працу, да розных іншых заняткаў. Думаю, варта ўжо ў самым пачатку канікул усвядоміць, што гэта, усё ж, не час без Бога.
    На канікулах не зачыняюцца святыні, не прыпыняецца цэлебрацыя сакрамантаў. Толькі ад кожнага з нас залежыць, ці будуць канікулы напоўнены Богам. Мы так часта паўтараем, што не маем часу на малітву, на чытанне Святога Пісання, на Эўхарыстыю – нават у нядзелю, – таму што ў нас так шмат працы, абавязкаў і клопатаў. Наперадзе канікулы – перыяд больш вольны, менш напружаны. Але ці будзе гэта таксама час для Бога і з Богам? Не пакідайма Пана падчас канікул. Наадварот, давайце яшчэ больш да Яго далучымся. Знойдзем момант для часцейшай Эўхарыстыі, малітвы і чытання Божага слова.
   
Узяць Бога з сабой на канікулы – гэта, напэўна, значыць размаўляць з Ім кожны дзень у малітве і дзякаваць за сонца, за прыгажосць пейзажа, які адкрываем, за дабрыню людзей, якую адчуваем, і за шматлікія хвіліны радасці, якія нас чакаюць!

    Час падзякі
    У гэтыя дні асаблівым чынам праслаўляйма Бога ў прыгажосці створанага свету. Дзякуйма за шматлікія ласкі, якія Ён нястомна нам удзяляе. Давайце паглядзім вакол сябе і ўбачым цудоўныя творы Бога. Мы можам адпачываць разам з Панам і побач з Ім. Гэта ўмацуе нас духоўна.
    Канікулы і адпачынак – таксама дар Пана. Дык няхай яны будуць перажыты і выкарыстаны як дар, за які належыць дзякаваць. Дзякуючы, мы становімся лепшымі, больш радаснымі, менш прэтэнцыёзнымі. Часам, напэўна, нам так цяжка заўважыць Божы дар. Час канікул можа стаць выдатнай нагодай, каб зразумець, што ўсё з’яўляецца ласкай і за кожную з іх трэба дзякаваць.
    Мы адпраўляемся ў розныя прыгожыя куткі нашай краіны, наведваем разнастайныя месцы, сустракаемся са шматлікімі людзьмі. Аднак, любуючыся гэтай прыгажосцю, ці памятаем пра Творцу ўсяго? Магчыма, нам трэба развіць пэўную духоўную чуласць, творчую свядомасць. Зямля дадзена нам ад Пана. Менавіта для нас Ён стварыў гэты цудоўны свет. А мы парой паводзім сябе так, быццам усё нам належыць. Давайце вучыцца ўдзячнасці!
   
Падчас канікул трэба памятаць пра споведзь, першыя пятніцы месяца, хвіліны адарацыі і чытанне Святога Пісання.

    Час сустрэчы
    Бог не навязваецца, а цярпліва чакае нашага кроку. Ён нястомна ёсць і чувае над усімі людзьмі. Так шмат хоча нам даць. Так моцна прагне, каб мы былі шчаслівыя. Толькі Ён ведае, чаго патрабуем для шчасця, і менавіта гэтым хоча нас адарыць. А мы? Прагнем жыць па-свойму: не пытацца ў Пана пра Яго волю, а, магчыма, прасіць, каб гэта Ён прыстасаваўся да нашай.
    Падчас канікул не забываймася, што Бог чакае нас! Зробім крок Яму насустрач – няхай нашы касцёлы не пустуюць. Езус не хоча быць адзін закрытым у табернаклі. Ён прагне, каб чалавек прыйшоў, пагаварыў з Ім, пабыў у Яго прысутнасці. Хоча, каб Яго Слова было жывым у нашым жыцці. Дык давайце звернемся да яго і будзем чытаць, слухаць і разважаць. І не будзем казаць, што ў нас няма часу.
    Хай жа мы зможам у кожным дні надыходзячых канікул убачыць скарб, які Бог даў нам. Стараймася не знішчыць гэты скарб і не забыцца пра Бога, які кожны дзень хоча быць з намі!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.