ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Тройчы цудоўна!

З жыцця Касцёла

Сёлета святкуем тры важныя юбілеі: 45-годдзе святарскіх пасвячэнняў біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, 30-годдзе яго біскупскага служэння і 30-годдзе існавання дыяцэзіі. Пра важныя даты расказвае віноўнік урачыстасцей. У маі месяцы Яго Эксцэленцыя біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначае 45-гадовы юбілей святарства. І хоць наш будучы ардынарый ішоў шляхам наследавання Хрысту з малых гадоў, прыняцце рашэння аб службе на ніве Пана было такім жа разважлівым, як і цалкам яго місія ў Касцёле.
Выспяванне біскупа Аляксандра як святара адбывалася ў Літве, і з гэтым перыядам у яго звязаны замілавальныя ўспаміны.
    Мне вельмі пашанцавала нарадзіцца і вырасці ў веруючай сям’і. І мае бацькі, і сваякі, і ўсе жыхары ваколіцы былі католікамі. У нашым доме практыкавалі штодзённую супольную малітву, у маі разам адгаворвалі альбо спявалі літанію да Маці Божай. Магу сказаць пра сябе, што я рос і выхоўваўся ў асяроддзі, прасякнутым верай і рэлігійнымі практыкамі. Гэты клімат простай, традыцыйнай народнай набожнасці ўспрымаўся як нешта натуральнае, і я нават не мог уявіць, што хтосьці можа жыць інакш.
    Акрамя бацькоў, прыкладам веры для мяне быў пробашч роднай парафіі Эйшышкі, а таксама іншыя святары, якіх я ведаў. З удзячнасцю ў сэрцы ўзгадваю таксама семінарыста, які праходзіў практыку ў нашай парафіі, і свецкую жанчыну з Францішканскага ордэна свецкіх, што рыхтавала мяне разам з іншымі дзецьмі з парафіі да Першай св. Камуніі.
    Вельмі люблю словы св. Яна Паўла ІІ пра тое, што пакліканне да святарства – гэта дар і таямніца. Напэўна, ніхто са святароў не змог бы адказаць на пытанне, чаму ён абраў менавіта такі жыццёвы шлях. Відаць, Бог любіць дзейнічаць стрымана і далікатна. Памятаю, што ў падлеткавым узросце, хоць і не быў міністрантам, мне падабалася назіраць за ксяндзом пробашчам: як ён адпраўляў св. Імшу, прапаведаваў, спавядаў, цэлебраваў іншыя набажэнствы і сакраманты. Менавіта так – павольна і незаўважна – ува мне нараджалася і з цягам часу мацнела жаданне служыць Богу. У 10-ым класе сярэдняй школы я ўжо быў упэўнены, што хачу стаць святаром. Але да святарства быў яшчэ доўгі шлях: спачатку трэба было прайсці асноўную вайсковую службу, потым крыху папрацаваць, і толькі пазней я змог паступіць у семінарыю ў Каўнасе, каб пасля заканчэння вучобы атрымаць святарскае пасвячэнне.
    У Літве я выконваў святарскую паслугу на працягу 15-ці гадоў: спачатку 5 гадоў быў вікарыем у катэдральнай парафіі ў Панявежысе, а наступныя 10 гадоў – пробашчам у парафіі Святога Духа ў Вільні. Маю вельмі прыемныя ўспаміны пра час свайго служэння, бо штодзённыя кантакты з вернікамі і выкананне звычайных душпастырскіх абавязкаў у парафіі – цэлебрацыя Эўхарыстыі і іншых сакрамантаў, абвяшчэнне Божага слова, катэхізацыя, наведванне хворых – прыносілі мне шмат асабістага задавальнення.
    Адным з самых прыгожых і самых кранальных успамінаў назаўсёды застанецца момант перадачы мне арыгінальнага цудадзейнага абраза Езуса Міласэрнага, намаляванага Яўгенам Казіміроўскім. У той час я ўжо быў пробашчам у Вільні. Аднойчы ўвечары сядзеў у канфесіянале, калі да мяне падышла с. Цэцылія, былая шматгадовая Генеральная маці Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. Сястра таемна прывезла абраз з Новай Руды каля Гродна і пытала, куды аднесці згорнутае ў рулон палатно. Папрасіў яе пакінуць абраз побач з канфесіяналам, потым занёс яго ў закрыстыю і толькі пазней, калі святыня была зачынена, разгарнуў рулон і ўпершыню на ўласныя вочы ўбачыў выяву Езуса Міласэрнага, намаляваную Казіміроўскім паводле ўказанняў с. Фаўстыны. Пазней я змясціў абраз у адным з бакавых алтароў у касцёле Святога Духа, дзе ён знаходзіўся да 2005 года, калі быў перанесены ў дзеючы Санктуарый Божай Міласэрнасці ў Вільні.
    Трэба сказаць, што было шмат розных падзей і душпастырскай працы, часам адчувалася эмацыянальная і фізічная стомленасць, але ў той жа час у сэрцы была вялікая радасць ад служэння Богу і людзям.
   
    Сёлетні май – месяц чарговага юбілею, калі біскуп Аляксандр святкуе 30-годдзе біскупскага служэння. Просты хлопчык, выхадзец з літоўскай зямлі, стаў апекуном беларускіх католікаў на ўзроўні іерархаў Касцёла. Адметна, што ў біскупа Аляксандра дагэтуль атрымліваецца спалучаць узнёсласць пасады са сціпласцю звычайнага верніка.
    Я нарадзіўся ў вёсцы Падгайдзе, якая належыць да парафіі Эйшышкі. Гэта ўсяго некалькі кіламетраў ад сучаснай мяжы з Беларуссю, частка роднай парафіі сёння знаходзіцца на беларускай зямлі. У часы майго дзяцінства і юнацтва мяжа паміж савецкімі рэспублікамі была чымсьці дастаткова ўмоўным, мела выключна адміністрацыйны характар. Па абодва бакі сённяшняй мяжы ў нас былі падобныя ўмовы і падобны досвед. Што датычыць рэлігійных традыцый, яны практычна аднолькавыя, бо фарміраваліся на працягу многіх стагоддзяў, калі і Гродзеншчына, і Віленшчына належалі да былой вялікай Віленскай архідыяцэзіі і шчодра чэрпалі з яе багатай духоўнай спадчыны. Улічваючы ўсё гэта, магу шчыра сказаць, што ніколі не адчуваў сябе замежнікам у Беларусі.
    Да таго ж зараз маю нямала ўлюбёных месцаў на Гродзеншчыне. Больш за ўсё мне падабаецца быць на ўлонні прыроды: шпацыраваць па лесе, ля ракі ці возера, цешыцца спевам птушак і шумам ветру ў кронах дрэў, назіраць за раслінамі, збіраць грыбы, арэхі і ягады. Шкада, што ў мяне не заўсёды ёсць на гэта час, хаця вельмі стараюся знайсці яго для гэтых мэт.
    Але ў той жа час прасцей разважаць падобным чынам з вышыні пражытых гадоў. Добра памятаю момант, калі мне абвясцілі, што Святы Айцец Ян Павел ІІ збіраецца прызначыць мяне біскупам новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі. Трэба прызнаць, я прыняў гэтую навіну са страхам і няўпэўненасцю, ці спраўлюся з такой адказнай місіяй. У духу пакоры і паслухмянасці волі намесніка св. Пятра, я даў згоду, хаця добра ведаў, што будзе няпроста. Становішча Каталіцкага Касцёла ў Беларусі было значна больш складаным, чым у суседняй Літве: у Беларусі было менш святароў, менш дзеючых святынь, трыванне з Хрыстом і Касцёлам, а таксама выхоўванне дзяцей у веры патрабавала ад католікаў большай мужнасці і рашучасці. З іншага боку, набліжаліся вялікія змены, ініцыяваныя перабудовай, нараджалася надзея на паступовае адраджэнне рэлігійнага жыцця і нармалізацыю становішча Касцёла. Таму я вырашыў зрабіць усё магчымае, каб працэс адраджэння веры на Гродзеншчыне праходзіў як мага хутчэй і даў самы багаты плён.
    На гэтым шляху мне вельмі дапамагала Марыя. Шанаванне Найсвяцейшай Маці і адданасць Ёй займаюць важнае месца ў маёй асабістай духоўнасці. Я, вядома, узяў гэтую марыйную набожнасць са свайго роднага дома і з таго часу нястомна культывую ды паглыбляю яе ў сабе. У сваім жыцці шмат разоў адчуваў апеку Марыі і эфектыўнасць Яе заступніцтва перад Богам. Маю звычку давяраць Маці Божай у малітве ўсе складаныя справы, разнастайныя важныя рашэнні, якія мушу прыняць, розныя сітуацыі, у якіх не ўпэўнены, як паступіць, і скажу, што ніколі яшчэ не быў расчараваны. Кожны раз адчуваў, што Марыя са мной і што Яна просіць у Сына тыя ласкі, якія мне найбольш патрэбны ў дадзены момант.
   
    У 30-годдзе існавання дыяцэзіі біскуп Аляксандр ацэньвае яе развіццё, аддаючы ўсе заслугі кожнаму, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне.
    Найбольшай праблемай для новаўтворанай Гродзенскай дыяцэзіі быў востры недахоп святароў. Большасць з іх былі пажылымі, перагружанымі, хворымі і ператомленымі. Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя, заснаваная ў 1990 годзе, яшчэ не магла даць выпускнікоў (першыя святары выйшлі з нашай семінарыі толькі ў 1995 годзе). Відавочна, што без святароў немагчыма было б ажывіць рэлігійнае жыццё. На шчасце, іншыя лакальныя Касцёлы, а таксама шматлікія ордэны і манаскія кангрэгацыі паспяшаліся нам на дапамогу, дзякуючы чаму за адносна кароткі час удалося забяспечыць душпастырскую апеку ў большасці парафіяльных супольнасцей.
    Іншым важным і складаным выклікам было вяртанне і аднаўленне многіх святынь, якія раней былі адабраны ў вернікаў і прызначаны для свецкага выкарыстання. Тут я хацеў бы падзякаваць усім нашым дабрачынцам і ахвярадаўцам, а таксама вернікам, якія часта ўласнымі намаганнямі з вялікай ахвярнасцю і энтузіязмам адбудоўвалі спустошаныя касцёлы і капліцы, вяртаючы ім годны выгляд. Апрача аднаўлення сакральных будынкаў, надзвычай важна было стварыць парафіі і пабудаваць святыні там, дзе іх раней не было.
    Акрамя таго, неабходна было арганізаваць усе дыяцэзіяльныя ўстановы і структуры, такія як курыя, катэхетычныя курсы, касцёльны суд, Карытас, выдавецтва, сямейныя кансультацыі і г. д. Сярод найбольш важных дасягненняў – удзел вялікай колькасці свецкіх вернікаў у душпастырстве і арганізацыі сістэматычнай катэхізацыі і іншых адукацыйных праектаў для дзяцей і моладзі.
    Думаю, дзякуючы вышэйзгаданым дасягненням, рэлігійная сітуацыя кожнага г. зв. звычайнага католіка на Гродзеншчыне сёння непараўнальна лепшая, чым 30 гадоў таму.
    Гродзенскі Касцёл, несумненна, мае своеасаблівы, непаўторны характар. Гэта абумоўлена многімі гістарычнымі і культурнымі фактарамі. На маю думку, адным з найвялікшых яго багаццяў з’яўляецца велізарны духоўны патэнцыял, які мы атрымалі ў спадчыну ад нашых продкаў – бацькоў і дзядоў, што ў вельмі цяжкія часы здолелі захаваць скарб веры і перадаць яго чарговым пакаленням. Я часта кажу, што Касцёл на Гродзеншчыне не нарадзіўся ў вакууме і не паўстаў з нічога ў момант стварэння дыяцэзіі ў 1991 годзе. Мы будуем наш Гродзенскі Касцёл на грунтоўным, трывалым падмурку веры папярэдніх пакаленняў. Тут, на Гродзеншчыне, вера захавалася ў сэрцах вернікаў, часта выхоўвалася ў хатнім зацішку, у малітвах, прамаўляемых у коле сям’і, у перапісваемых уручную малітоўніках і катэхізісах, у перадаваемых бабулямі ўнукам праўдах веры і біблейскіх гісторыях. Гэта вялікі і цудоўны скарб, пра які нам нельга забывацца і які не можам змарнаваць.
    Дарэчы, я хацеў бы звярнуцца да асоб старэйшага і сярэдняга пакалення з такой просьбай: расказвайце сваім дзецям і ўнукам пра гады ўласнай маладосці, пра перажыты досвед і выпрабаванні веры, пра тое, як і дзякуючы каму вы пазналі Хрыста. Няхай гэтыя сямейныя гісторыі будуць своеасаблівай катэхезай, няхай маладое пакаленне даведаецца пра, магчыма, невядомыя факты з жыцця бацькоў і дзядоў, няхай зразумее, якім вялікім скарбам з’яўляецца хрысціянская вера, атрыманая ў спадчыну ад папярэдніх пакаленняў. Я перакананы, што такія размовы яшчэ больш мабілізуюць сучасную моладзь жыць верай кожны дзень і смела сведчыць пра Хрыста.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.