ГРОДНА
Пятніца,
09 снежня
2022 года
 

Марыйны май

Хрысціянскія традыцыі

opiekun.kalisz.plНапэўна, у кожнага з нас месяц май атаясамліваецца з выключна прыгожым сонечным надвор’ем, квітнеючымі кветкамі і, усё часцей, з доўгімі майскімі выхаднымі. Але ёсць яшчэ адна характэрная рыса гэтага вясновага месяца – набажэнства да Маці Божай, цэнтральнай часткай якога з’яўляецца Ларэтанская літанія. Адзін з самых прыгожых месяцаў года цалкам прысвечаны Марыі. Адраджэнне прыроды, прыгожая зеляніна, кветкі і цёплае сонца імкнуцца хоць крыху адлюстраваць прыгажосць Маці Касцёла, якая менавіта ў маі асаблівым чынам адорвае вернікаў неацэннымі ласкамі.

   Пачаткі набажэнства
    Гісторыя набажэнства да Маці Божай пачынаецца ў V стагоддзі, калі ва Усходнім Касцёле вернікі збіраліся разам, каб пакланіцца Багародзіцы.
    У той час руплівым заступнікам і апосталам новага набажэнства быў св. Кірыл Александрыйскі, вялікі абаронца Боскага Мацярынства Марыі, які ўнёс свой уклад у абвяшчэнне дагмата аб тым, што Найсвяцейшая Панна Марыя з’яўляецца сапраўднай Божай Маці (Theotokos).
    Першапачаткова май не быў адзіным і самым важным месяцам, прысвечаным Марыі. Усё змянілася на мяжы ХІІІ–ХІV стагоддзяў, калі іспанскі кароль Альфонс X прапанаваў асаблівым чынам прысвяціць май Багародзіцы. Кароль рэкамендаваў вечарамі збірацца і маліцца ля фігуры Марыі.
    Іншым важным папулярызатарам маёвага набажэнства быў бл. Генрык Сузо, дамініканец і містык, які ўвесь час паўтараў, што “не трэба спыняцца ні перад чым, што не з’яўляецца Богам”. Гісторыя распавядае, што гэты бласлаўлёны, які жыў у надзвычай суровай аскезе і фізічных утаймаваннях, сам збіраў кветкі і клаў іх на алтар, а на галаву Найсвяцейшай Панны ўскладваў вянок з руж. Усё на знак яго вялікай любові да Марыі. Маёвае набажэнства хутка распаўсюдзілася. Настолькі, што ў XV стагоддзі яно ўжо практыкавалася ў Іспаніі, Партугаліі, Паўночным Рэйне, Цэнтральнай Амерыцы і Італіі. Важным момантам у гісторыі набажэнства з’яўляецца апублікаваная ў 1549 годзе Вольфгангам Зайдэлем праца пад назвай “Духоўны май”. Менавіта там май упершыню быў афіцыйна названы “месяцам Марыі”.
   
    Росквіт набажэнства
    Надзвычай важную ролю ў развіцці набажэнства адыгралі два езуіты: а. Ансолані і а. Ганібал Дыянісі. А. Ансолані лічыцца аўтарам сучаснай формы набажэнства. Ён першым пасля заканчэння малітвы блаславіў вернікаў Найсвяцейшым Сакрамантам. У сваю чаргу а. Ганібал Дыянісі, сабраў і сістэматызаваў усе праяўленні культу Найсвяцейшай Панны, а затым выдаў публікацыю пад назвай “Месяц Марыі”, якая за першыя 70 гадоў перавыдавалася 18 разоў. А. Дыянісі ў сваёй працы раіў, каб у маі “ўпрыгожваць алтары Маці Божай кветкамі, штодзённа збірацца на малітву і прысвячаць Марыі нейкае духоўнае адрачэнне, а таксама чытаць і засяроджвацца над разважаннямі пра Яе жыццё”.
    У пачатку XVIII стагоддзя маёвае набажэнства паволі пачало праводзіцца публічна, бо да гэтага часу было прыватным элементам марыйнага культу. Усё змянілася дзякуючы а. Альфонсу Муцарэлі, які на працягу ўсяго жыцця нястомна папулярызаваў набажэнства да Маці Божай. Незвычайны росквіт марыйнай пашаны можна заўважыць з часу публікацыі папам Піем VII булы, у якой ён устанавіў поўны адпуст за такія рэлігійныя практыкі.
    Галоўны пункт маёвага набажэнства – Ларэтаская літанія, якая ўзнікла ў XII стагоддзі ў Ларэта ў Італіі. Яна была зацверджана папам Сікстам V.
   
    Запрашэнне Марыі
    Месяц май ужо пачаўся, таму давайце памятаць словы папы Паўла VI, змешчаныя ў энцыкліцы “Mense Maio”: “Давайце ў месяцы Марыі, шаноўныя Браты, з большай адданасцю і даверам узносіць малітвы да Багародзіцы, каб выпрасіць у Яе ласку і дары. [...] Бог устанавіў Найсвяцейшую Панну Марыю шчодрай распарадчыцай сваіх дароў. [...] Няхай Марыя ласкава выслухае набожныя галасы, якія ўзносяцца да Яе з зямлі”.
    Найсвяцейшая Панна Марыя дала і дае нам Езуса, Яна адчувальная да чалавечай бяды, умее ўбачыць дабро ў сваіх дзецях. Марыя запрашае нас на маёвыя набажэнствы, каб разам з Ёю адаравалі Езуса, запрашае аддаць Яму сваё жыццё, а Яна заўсёды разам з намі будзе маліцца і вучыць любіць.
    Давайце прымем гэтае ўнікальнае запрашэнне! Станем сапраўднымі дзецьмі Марыі, і няхай Яна заўсёды вядзе нас да Хрыста!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.