ГРОДНА
Нядзеля,
06 ліпеня 2025 года |
Сакрамант канфірмацыі: навошта ён патрэбны сучаснай моладзі, ды яшчэ і ў час эпідэміі?

Калі нараджаецца маленькае дзіцятка, Касцёл становіцца ля вытокаў яго духоўнага жыцця, удзяляючы сакрамант хросту. Калі дзіця падрастае і становіцца здольным адрозніваць дабро ад зла, Касцёл прыходзіць яму на дапамогу ў барацьбе са злом праз сакрамант пакаяння і паяднання, а праз сакрамант Эўхарыстыі дапамагае трываць у добрым і ўзрастаць у цнотах. Калі ж надыходзіць у жыцці юнака ці дзяўчыны час сталення, інтэнсіўнай працы над характарам, час будавання адносін з бліжнімі і пошуку месца ў свеце, Касцёл умацоўвае моладзь сямю дарамі Святога Духа праз сакрамант канфірмацыі. †
2. Неабходнасць веры. Падчас цэлебрацыі сакраманту хрысціянскай сталасці на пытанне біскупа, якіх ласкаў кандыдаты чакаюць ад Бога, яны адказваюць: “Прагнем, каб Святы Дух, якога мы атрымаем, умацаваў нас для мужнага вызнавання веры і для жыцця паводле яе праўд”.
У жыцці хрысціяніна заўсёды стаіць пытанне аб веры: “А без веры немагчыма спадабацца, бо той, хто падыходзіць да Бога, павінен верыць, што Ён існуе і дае ўзнагароду тым, хто Яго шукае” (Гбр 11, 6). Вера як яднанне з жывым Богам з’яўляецца таксама фундаментальнай умовай удзялення канкрэтнаму чалавеку таго ці іншага сакраманту.
Каб дзіця было ахрышчана, неабходна вера яго бацькоў і хросных. Падчас цэлебрацыі хросту яны адказваюць на пытанні святара (дыякана): ці вераць у Бога Айца, ці вераць у Сына Божага, ці вераць у Святога Духа, ці вераць у Святы Каталіцкі Касцёл і праўды, якія ён атрымаў ад Бога і якім навучае? Таксама бацькі прымаюць на сябе абавязак выхоўваць сваё дзіця ў веры, а хросныя абавязваюцца дапамагаць бацькам у гэтым.
Падчас урачыстасці Першай св. Камуніі дзеці ўжо самі адказваюць на пытанні святара адносна сваёй веры – тыя самыя, на якія адказвалі іх бацькі і хросныя – і абяцаюць пры дапамозе Божай ласкі верна захоўваць Яго запаведзі і касцёльныя наказы.
Падчас канфірмацыі юнакі і дзяўчаты вызнаюць перад біскупам сваю веру, але адначасова просяць аб яе ўмацаванні, каб мець магчымасць дзяліцца ёю з бліжнімі і жыць паводле веры, даючы добры прыклад іншым.
3. Праблема слабой веры. Пытанне адносна неабходнасці і патрэбы прыняцця сакраманту канфірмацыі ўзнікае заўсёды як вынік слабой веры – дарослых і іх дзяцей. У галовах бацькоў, якія не жывуць верай, рэгулярна не практыкуюць яе ці зводзяць толькі да выканання на святы рэлігійных традыцый і абрадаў, якія на працягу шматлікіх гадоў пасля хросту сваіх дзяцей не давалі ім добрага прыкладу веры, не развівалі яе ў сваёй душы і не дапамагалі ў гэтым дзецям, пачынаюцца розныя падлікі: як зматываваць падлеткаў да гэтага сакраманту і як зрабіць, каб яны з найменшымі намаганнямі ўсё ж прынялі яго. Бо неканфірмаваным не ўдзеляць сакраманту шлюбу, яны не змогуць быць хростнымі бацькамі і г. д.

З вопыту катэхетычнай дзейнасці магу сказаць, што моладзь, якая хадзіла на ўрокі рэлігіі цягам усіх гадоў навучання ў школе, удзельнічала ў розных набажэнствах, характэрных для пэўных перыядаў літургічнага года, якая рэгулярна (раз на месяц) прыступала да споведзі і кожную нядзелю ўдзельнічала ў св. Імшы, прымала сакрамант канфірмацыі больш свядома і з большай верай, чым тыя, хто рэгулярна не наведваў катэхезы ды набажэнствы і не прыступаў да сакрамантаў. Падрыхтоўка да канфірмацыі пачынаецца ўжо ад моманту хросту. І гэта супольны шлях усёй сям’і, у якой узрастае малады чалавек.
Каб дапамагчы тым, хто мае занядбанні ў развіцці сваёй веры, каб яны маглі аднавіць свае адносіны з Богам, можна прапанаваць іх бацькам і самой моладзі рыхтавацца да канфірмацыі на год больш, чым звычайна. Знайсці такую занядбаную моладзь раней і першы год прысвяціць паўтарэнню фундаментальных праўд веры і маральнасці, аднаўленню малітоўнага і сакраментальнага жыцця маладога чалавека.
4. Ласкі сакраманту канфірмацыі. Што ж дае маладому чалавеку сакрамант канфірмацыі? Фундамент, апору, стрыжань, сталасць духоўнага і маральнага жыцця. Дары Святога Духа асвятляюць розум чалавека (каб шукаў заўсёды праўду) і ўмацоўваюць яго волю (каб выбіраў заўсёды дабро).
Мы жывём у свеце, дзе дабро існуе побач са злом. Дар мудрасці дапамагае юнаку і дзяўчыне адрозніваць іх і любіць Божую праўду; вучыць, што наша найвышэйшая мэта – збаўленне душы, а не каб нам заўсёды добра і прыемна было на гэтай зямлі, нават цаной граху. Жывём у свеце, дзе праўда перамешана з хлуснёй. Дар розуму дапамагае адрозніваць іх, не рабіць трагічных памылак і дастаткова добра разумець ісціны веры.
Сустракаемся з сітуацыямі, калі трэба зрабіць правільны выбар. Дар рады дазваляе ў складаны момант выбіраць тое, што падабаецца Богу, і пазбягаць тым самым непатрэбных цярпенняў з-за нашага глупства. Дар мужнасці вельмі патрэбны моладзі, каб у сучасным свеце перамагаць боязь і страх перад іншымі ў выкананні рэлігійных абавязкаў. Паколькі мэтай чалавечага жыцця і паклікання з’ўляецца Неба, то патрабуем дару ўмеласці, каб выкарыстоўваць усё для нашага вечнага збаўлення. Нам неабходна паўната жыцця, а не марнага існавання. Дар набожнасці дапаможа палюбіць малітву, рэгулярны ўдзел у Эўхарыстыі, частую споведзь і св. Камунію, якія даюць Божае жыццё душы чалавека. Каб весці ўпарадкаванае і цнатлівае жыццё, належыць паставіць Бога на першае месца. Дар боязі Божай дазваляе зразумець веліч Усемагутнага, каб любіць Яго поўнай павагі любоўю і не абражаць цяжкімі грахамі і дабравольнымі лёгкімі. І мець Божае бласлаўленне.
У час эпідэміі наша моладзь тым больш патрабуе моцы Божай і дзеяння Яго дароў у сваім жыцці. Таму тыя, хто ішоў усе гэтыя гады нармальным шляхам духоўнай і інтэлектуальнай падрыхтоўкі да сакраманту канфірмацыі, няхай ў свой час яго плённа прымуць. А тыя, хто бачыць свае занядбанні ў падрыхтоўцы і слабую веру, няхай перапросяць Бога і спачатку зоймуцца аднаўленнем ўласнага сакраментальнага і малітоўнага жыцця. Таму што Божая ласка патрабуе добрай волі і дзейнічае на натуры чалавека.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 179 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.