ГРОДНА
Чацвер,
01 снежня
2022 года
 

Не адыходзіць, а застаецца

Хрысціянскія традыцыі

Урачыстасць Унебаўшэсця Пана сёлета адзначаем у чацвер 13 мая.
Прыйшоўшы ў свет, Езус стаў чалавекам не на імгненне, а назаўсёды. А ўзышоўшы на Неба, увёў туды і нашу чалавечую натуру.
Праз 40 дзён пасля ўваскрасення Пана нашага Езуса Хрыста ўспамінаем вельмі важны момант. Момант, калі Езус у апошні раз убачыў сваіх вучняў, а яны ў апошні раз убачылі свайго Настаўніка.
Унебаўшэсце Пана – гэта не толькі гістарычны факт, але і падзея, якая мае каласальнае значэнне для ўсіх людзей. Прыйшоўшы ў свет, Езус стаў чалавекам не на імгненне, а назаўсёды. А ўзышоўшы на Неба, увёў туды і нашу чалавечую натуру. Упершыню на нябесны трон сеў не толькі Бог, але і чалавек. Спасылаючыся на вобраз Касцёла як Цела Хрыста, можам спадзявацца, што паколькі наша Галава ўжо на Небе, то застаецца толькі пытаннем часу, калі там акажацца астатняе Цела.
    Брамы Неба былі сапраўды адчынены. Дык не будзем здзіўляцца, што св. Павел у Пасланні да Эфесцаў моліцца, каб мы зразумелі, у чым заключаецца надзея нашага паклікання і якое багацце слаўнай спадчыны Езуса для святых (параўн. Эф 1, 18).
    Годнасць чалавечай натуры настолькі вялікая, што яе немагчыма зразумець без асаблівай Божай дапамогі. Таму ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана павінна абудзіць у нас прагу да Неба, а таксама заахвоціць, каб дазволілі Езусу весці нас ужо цяпер, сёння. Ён моцай сваёй крыжовай ахвяры ачышчае людзей ад граху і робіць годнымі вечнага жыцця. Без Яго мы ніколі б не ўвайшлі туды. Аднак нават Хрыстос не можа ўвесці чалавека ў Неба сілай, без яго добрай волі і супрацоўніцтва.
    Пражываючы гэтае свята кожны год, мы ні ў якім разе не адзначаем адыход Пана. Гэта святкаванне таго, што Езус застаецца з намі. Ён ідзе да Айца, але менавіта праз гэта можа быць з кожным з нас – заўсёды, усюды і да канца.
    Хрыстос зусім побач:
    у Эўхарыстыі, у сакрамантах, у сваім Слове і ў нас саміх. Калі паверым Яму, Ён дапаможа зрабіць з нашых сэрцаў Неба, адхіліць у бок усё, што яшчэ засланяе яго, адкрые сапраўднае шчасце. Гэта добра разумеў св. Аўгусцін, які ў пэўны момант свайго жыцця сказаў: “Хрыстос узыходзіць на Неба, няхай узыдзе разам з Ім і наша сэрца”.
    Перажываючы ў гэтым годзе ў чарговы раз радасную і поўную надзеі ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана Езуса, пажадаем адзін аднаму калі-небудзь сустрэцца ў Небе. Няхай гэтая думка суправаджае нас у цяжкія часы, у якія зараз жывём. Заўсёды ўсведамляйма, што мы запрошаны асабліва інтэнсіўна маліцца да Святога Духа, які кіруе ўсім Касцёлам, а таксама дзейнічае ў сэрцы кожнага чалавека.
    Ён – калі мы дазволім Яму – вылечвае тое, што ў нас хворае, умацоўвае слабое, згінае пыхлівае, дае святло ў цемры і разгубленасці. Заклікаючы Яго, давайце з даверам адкрыемся на Яго ўздзеянне, каб мы самі маглі ўвайсці ў Неба і дапамаглі іншым увайсці ў яго.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  31

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.