ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

30-гадовы юбілей дыяцэзіі: закрыстыянін на пляцы Хрыста тады і цяпер

З жыцця Касцёла

Спадар Стэфан Ядкоўскі бараніў Касцёл і веру яшчэ да заснавання Гродзенскай дыяцэзіі.
Сёлета 13 красавіка святкуем 30-гадовы юбілей Гродзенскай дыяцэзіі, шлях да ўзнікнення якой быў цярністы, але таму, магчыма, і больш плённы. Вернікам Гродзеншчыны давялося прайсці праз складаны перыяд ціску “чырвонай” сістэмы на Касцёл: людзі заставаліся без святынь, без святароў. Аднак веру не згубілі, пра што сведчыць 30-гадовы досвед духоўнага адраджэння. А хто можа быць лепшым сведкам і аднаго, і другога перыяду, як ні той, хто заўсёды сціпла стаіць збоку алтара, уважліва назіраючы за Таямніцай, што адбываецца ў двух кроках ад яго?
Часцей за ўсё, гэта сталы мужчына ў старамодным, але акуратным гарнітуры, паверх якога апранута комжа. На працягу стагоддзяў яго называлі наглядчыкам, касцёльным, парцье, ключнікам, званаром і нават “анёлам-ахоўнікам”. Але найбольш распаўсюджаная назва – закрыстыянін.
   
    Трымаючы абарону
    Папскі медаль “Benemerenti” (Заслужаным). Іх атрым- ліваюць людзі, якія зрабілі вялікі ўклад у развіццё Касцёла. Гэтую адзнаку мае і спадар Стэфан ЯдкоўскіУ часы савецкага атэізму, калі ў гродзенскім фарным касцёле не было ані пробашча, ані вікарыя, закрыстыянін падрыхтоўваў сакральную прастору: клаў на алтар арнат – сімвал прысутнасці ксяндза, прыносіў неабходныя літургічныя кнігі і сачыў за парадкам. Прысутныя чыталі ўрыўкі з Евангелля, маліліся, спявалі, а прымаць св. Камунію хадзілі ў суседні касцёл – пабернардынскі.
    Пра паслугу закрыстыяніна ў савецкі перыяд распавядае спадар Стэфан Ядкоўскі, наглядчык з 25-гадовым стажам пры пабрыгіцкім касцёле ў Гродне. “Калі я прыехаў жыць у горад, загарэўся ідэяй дабіцца ад улад дазволу на аднаўленне дзейнасці пабрыгіцкага касцёла. За справу ўзяліся разам з маёй сястрой, якая ў той час была настаяцельніцай у манахінь назарэтанак. Звярталіся ў мясцовы гарвыканкам, месяцамі чакалі сваёй чаргі, каб трапіць з візітам да кіраўніцтва ў Мінску. Пасля ўсёй парафіяй збіралі мне грошы на білет у Маскву, каб там прасіў дазволу, але ўсюды мне ўказвалі на дзверы”, – узгадвае закрыстыянін.
    Тры гады абівання парогаў “вялікіх начальнікаў” – і ўсё марна. Заставаўся толькі малітоўны штурм. “Мы амаль штодня пачалі збірацца кампаніямі каля сотні чалавек у будынку гарвыканкама і… адгаворваць Ружанец. Хто ў калідоры стаяў, хто на лесвічнай клетцы – і ўсе з пацеркамі ў руках і ціхай малітвай на вуснах”, – дзеліцца спадар Стэфан. І праз некалькі тыдняў здарыўся цуд: яго выклікалі ў кабінет і зачыталі рашэнне – вярнуць касцёл парафіянам.
   
    Заўсёды на варце
    Дзякуй Богу, сёння касцёлы поўняцца і падчас набажэнстваў, і пасля іх. Хтосьці забягае ў вольную хвілінку, каб запісаць сваю інтэнцыю. А камусьці стала блага на душы і неабходна зараз жа трапіць у Божы дом, каб адкрыцца Усявышняму. Таму закрыстыянін не пакідае святыню і пасля Імшы – чакае візіцёраў.
    “Здараецца, п’яны зазірне. Я яго не праганяю. Пагавару з ім, абдыму, суцешу. Не проста так ён да Бога нецвярозы прыйшоў: мабыць, здарылася штосьці. А пасля запрашаю ізноў наведаць касцёл, толькі раю не выпівываць перад гэтым”, – адзначае суразмоўца.
    Адзін з галоўных заняткаў закрыстыяніна – падрыхтоўка неабходных літургічных рэчаў перад пачаткам св. Імшы. Усё да дробязей трэба прадугледзець: стужкі ў кніжкі паўкладаць, каб святар хутка арыентаваўся, адкуль Евангелле чытаць, адкуль псальм спяваць. Неабходна і іншага роду падтрымка, звязаная з цэлебрацыяй, напрыклад, пры апрананні святара перад літургіяй. “Калі ксёндз малады, то і сам справіцца, а як старэйшы, то пояс сам не падвяжа, трэба дапамагаць”, – дадае з усмешкай спадар Стэфан.
   
    Універсальны салдат
    Часта закрыстыяніну даводзіцца адначасова выконваць абавязкі і вартаўніка, і электрыка, і слесара, і цесляра, і дэкаратара. Напрыклад, у гродзенскай катэдры на працягу пэўнага часу з абслугі касцёла быў толькі адзін чалавек. Прыходзіў у катэдру а 6-ай гадзіне раніцы, а вяртаўся дадому каля 9-ай вечара.
    І гэта не дзіўна. У адзін з перыядаў у малой базіліцы св. Францішка Ксаверыя цэлебравалася да 12-ці Імшаў штодня. Такі ўсплёск рэлігійнай актыўнасці нашых вернікаў уражвае, але патрабуе і большай ахвярнасці з боку слуг Хрыста. Закрыстыяніну трэба было прысутнічаць у касцёле без выхадных. Аднак можна меркаваць, што падобнае адданае стаўленне вернікаў да мясцовага Касцёла і паслужыла таму, што дыяцэзія святкуе чарговы юбілей і ганарыцца шматлікімі дасягненнямі.
    Столькі ж часу ў святыні праводзіў і спадар Стэфан. “Часам даводзілася і начаваць на месцы, у падвале касцёла, – узгадвае ён. – Надта шмат абавязкаў было: і палы мыў, і кветкі вырошчваў, і ежу гатаваў – на стол накрываў для гасцей, і магазінчык трымаў з дэвацыяналіямі”. А ў краме, між іншым, ён прадаваў свечкі. Спачатку купляў іх оптам у Вільні, а пасля падгледзеў працэс вытворчасці і пачаў сам выплаўляць свечкі з парафіна і агаркаў – “нашто, каб нешта марнавалася?”.
    Колькасць абавязкаў закрыстыяніна ў значнай ступені залежаць ад характару святыні, якой ён апекуецца. Але ў кожным выпадку “касцёльны” павінен заставацца руплівым служачым і чалавекам малітвы, які, падобна спадару Стэфану, паклаў сваё сэрца, розум і працу ў ахвяру на алтар Хрыста.
    Закрыстыянін можа служыць адлюстраваннем кожнага свецкага чалавека, які з адказнасцю ставіцца да сваёй парафіі. І калі кожны з нас будзе не нядзельным наведвальнікам святыні, але вернікам, які ідзе ў касцёл, як у свой дом, то і прычыны святкаваць дзень нараджэння дыяцэзіі будзем знаходзіць не штодзесяцігоддзе, а штогод.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.