ГРОДНА
Субота,
13 красавіка
2024 года
 

Азёры

Парафіі і святыні

Азёры – адно з самых старых мястэчак у ваколіцах Гродна. Асобная парафія тут паўстала ў 1676 годзе.
На плошчы мястэчка Азёры побач стаяць праваслаўная царква і каталіцкі касцёл. Гэта важны сімвал рэлігійнага міру, які пануе ў нашай краіне. Так было і больш за шэсць стагоддзяў таму, калі праваслаўныя і католікі прыйшлі ў лясны край і пачалі засвойваць пушчу, што атрымала назву Гродзенскай.
    Азёры – адно з самых старых мястэчак у ваколіцах Гродна. Яно згадваецца яшчэ ў канцы XIV стагоддзя ў справаздачах крыжацкіх шпіёнаў, якія планавалі напады на Вялікае Княства Літоўскае і хацелі выведаць маршруты ўглыб нашай дзяржавы. Каталіцкай парафіі ў той час, у XV стагоддзі, у Азёрах яшчэ не было, але, хутчэй за ўсё, ужо існавала філіяльная капліца, якая належала да фарнай парафіі ў Гродне.
Асобная парафія ў Азёрах паўстала ў 1676 годзе. Праз некалькі гадоў быў пабудаваны драўляны касцёл Маці Божай Ружанцовай, а парафія атрымала фундуш – 212 дзесяцін зямлі з каралеўскіх валоданняў. У XVIII стагоддзі пушчу працягвалі актыўна засвойваць. Ствараліся прадпрыемствы па здабычы жалезнай руды (адсюль вёскі з назвай Руда, Рудня), вытворчасцю дзёгцю, поташу, а таксама лесапілкі. Таму вырасталі і населеныя пункты ў вялікакняскай пушчы. Напрыклад, у апісанні азёрскай парафіі 1784 года згадваюцца два вадзяныя млыны, пры дапамозе якіх не толькі малолі збожжа, але і апрацоўвалі сукно, і пілілі бярвенне. Ужо тады ў парафію ўваходзіла каля 30-ці населеных пунктаў: каралеўскія двары, шляхецкія засценкі, вёскі рымска-каталіцкага і грэка-каталіцкага абрадаў.
    Касцёл Маці Божай Ружанцовай да 1944 г.У першай палове ХІХ стагоддзя мястэчкам валодалі Валіцкія, якая перанялі сабе фундуш азёрскага касцёла, але павінны былі плаціць штогод пэўную суму касцёлу. Пасля паўстання 1863 года, у якім жыхары Азёраў прынялі дзейсны ўдзел, усе землі Валіцкіх (каля 10 тысяч дзесяцін) былі канфіскаваны ў казну, а касцёл на некаторы час быў зачынены царскімі ўладамі. Аднак ужо пад канец 1860-ых гадоў парафія аднавіла сваю дзейнасць. Пасля І Сусветнай вайны тагачасны пробашч азёрскай парафіі кс. Францішак Куксевіч стварыў камітэт аднаўлення святыні і пачаў збіраць сродкі на яе рэстаўрацыю. Дзякуючы яму на азёрскі касцёл як на цікавы ўзор драўлянага дойлідства звярнулі ўвагу члены Камісіі па апецы над помнікамі мастацтва і культуры Гродзеншчыны. Кіраваў ёю павятовы інжынер Уладзіслаў Герман, а сакратаром быў вядомы гісторык і заснавальнік гродзенскага музея Юзаф Ядкоўскі. Камісія прыйшла да высновы, што збудаваны ў 1679 годзе касцёл Маці Божай Ружанцовай можа абваліцца, і хадайнічала перад чыгуначнікамі аб бязвыплатным выдзяленні на яго рамонт 50-ці кубаметраў дрэва.
    Да пачатку ІІ Сусветнай вайны азёрскі касцёл быў грунтоўна адноўлены, аднак, на вялікі жаль, згарэў летам 1944 года падчас вайсковых дзеянняў. Пасля вайны і арышту святара з Новай Руды, які час ад часу праводзіў набажэнствы ў Азёрах, мясцовыя католікі самі арганізоўвалі сваё рэлігійнае жыццё. У 1962 годзе ў іх забралі апошняе месца малітвы – ацалелы мураваны парафіяльны будынак, і на працягу амаль 40-ка гадоў у Азёрах не было ні святара, ні касцёла.
    У 1991 годзе ў Азёры прыбыў кс. Станіслаў Гаўлік, які разам з мясцовымі жыхарамі пачаў працэс будовы новага касцёла і адраджэння каталіцкага жыцця. У 1992 годзе пачалося будаўніцтва святыні, і 23 лістапада 1997 года новы азёрскі касцёл Хрыста Валадара быў цалкам скончаны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  263

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.