ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

“Ад сэрца да сэрца” – валанцёр аб працы з дзецьмі

З жыцця Касцёла

Душа – гэта пасудзіна. Чым яна напоўнена, тое з яе і льецца.
Наша міласэрнасць адносна іншых павінна быць адказам на міласэрнасць Бога да нас. Хрыстос прыгадвае пра гэта, калі кажа: “Будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны” (Лк 6, 36).
    Мы паразмаўлялі з Аленай Давідовіч – каталічкай, мамай двух дзяцей, валанцёркай і стваральніцай праекта “Ад сэрца да сэрца”.
Валанцёр па жыцці
    Жанчына ўжо на працягу доўгага часу займаецца дабрачыннасцю ў розных сферах: дапамагае ў сацыяльным цэнтры “Васількі”, як майстар па вязанні перадае свае работы цэнтру “Пара” для продажу на кірмашах, пасля заканчэння курсаў бальнічных клоунаў у якасці бясплатнага аніматара віншуе з днём нараджэння асаблівых дзяцей.
    “Перш за ўсё, міласэрнасць для мяне – гэта дапамога іншым, – тлумачыць валанцёрка. – Шчырая, ад усяго сэрца. Магчыма, выкліканая спачуваннем, але ніяк не жалем. Асабіста я не магу прайсці міма чужога болю і несправядлівасці”.
   
    Праект, пра які доўга думала
    Ужо два месяцы спадарыня Алена працуе ў праекце “Ад сэрца да сэрца”. Яе выхаванцамі з’яўляюцца дзеці са шматдзетных сем’яў, а таксама з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Жанчына праводзіць інтэграваныя заняткі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, вакале, тэатральным мастацтве. Адна са спецыяльнасцей спадарыні Алены – музычны кіраўнік. Гэта дапамагае ёй у валанцёрскай дзейнасці.
    “Ідэя праводзіць заняткі для дзяцей прыйшла даўно, але не было сродкаў для яе рэалізацыі, – прызнаецца стваральніца праекта. – У мяне самой расце дачка з інваліднасцю. І хацелася дапамагаць не толькі дзецям, але і іх бацькам, бо я магу добра іх зразумець. Яны разам са сваімі дзецьмі 24/7, і няма ніякіх гурткоў ці секцый для іх. Думаецца, Бог убачыў тое, што раблю, і адказаў міласэрнасцю на маю міласэрнасць”.
    Праект “Ад сэрца да сэрца” рэалізуецца пры супрацоўніцтве з установай дадатковай адукацыі для дарослых “Студыя карысных кампетэнцый”. У камандзе працуюць яшчэ двое асноўных валанцёраў, адзін з якіх – выхаванец дзіцячага дома. “У нас няма выпадковых людзей. Усе вельмі жыццярадасныя і спагадлівыя”, – адзначае спадарыня Алена.
    Заняткі праходзяць 2 разы на тыдзень па 2-2,5 гадзіны. Да кожнага патрэбен асабісты падыход, таму што ўсе выхаванцы розныя. Узроставая катэгорыя дзяцей – ад 3 да 12 гадоў. Але наведвае заняткі і дзяўчына, якой 23 гады. Яна мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця.
    “На жаль, не заўсёды ёсць магчымасць укласціся ў 2 гадзіны і аддаць дзецям на занятку ўсё, што хацелася б, – з сумам прызнаецца валанцёрка. – Кожнаму хочацца ўдзяліць шмат увагі, абняць, пагаварыць з бацькамі – ім таксама нялёгка. Гэта хіба ці не адзіная «пабочная з’ява» ў валанцёрстве – недахоп часу для ўсіх падапечных”.
    Дзеці прыходзяць з бацькамі і не застаюцца адны. Разам з мамамі малююць і гуляюць, займаюцца. “Мамы выйшлі з кабінета толькі аднойчы – калі мы з дзецьмі рабілі паштоўкі да 8 Сакавіка”, – адзначае спадарыня Алена. Са слоў валанцёркі, у запасе заўсёды ёсць некалькі ідэй для гульняў і заняткаў. Бо ніколі не ведаеш, чаго захочуць дзеці і які настрой у іх будзе. Але ў асноўным рабяты выдатна прымаюць прапанаваныя ім ідэі і гульні.
   
    Канцэрт напярэдадні свята Божай міласэрнасці
    На заняткі ходзяць 12 дзяцей, часам менш – часта яны хварэюць. Варта адзначыць, што ініцыятыва падабаецца не толькі дзецям, але і іх бацькам. “Мне так прыемна чуць водгукі ад дзяцей і іх мам. Кажуць, што раней малыя не хацелі маляваць і выразаць, а тут робяць аплікацыі і малюнкі з задавальненнем”, – з усмешкай прызнаецца валанцёрка.
    У дзяцей з захворваннямі адбываецца сацыялізацыя і зносіны з дзецьмі са шматдзетных сем’яў. Гэта спрыяе іх разняволенню. Разам спяваюць, танцуюць, гуляюць. “Яшчэ адзін момант нашага з’яднання з дзецьмі – падрыхтоўка да сумеснай выставы работ і канцэрта, дзе будзе пастаноўка казкі «Рэпка»”, – дзеліцца планамі спадарыня Алена.
    Бацькі дапамагаюць у падрыхтоўцы дэкарацый і касцюмаў, а дзеці з нецярпеннем чакаюць канцэрта. Ён адбудзецца напярэдадні свята Божай міласэрнасці.
   
    Кругаварот дабра і любові
    Валанцёрка і арганізатар праекта кажа, што ёй важна дапамагаць людзям. Таму што, калі ўсёй краінай збіралі сродкі на аперацыю для яе дачкі, шмат хто дапамог. Вялікая сума была сабрана дастаткова хутка.
    “Цяпер, калі з’явілася магчымасць вярнуць тое дабро, якое атрымала, – я ёй скарысталася. Гэта кругаварот дабра і любові. Ты дапамог – табе дапамаглі або з тваёй дапамогай – камусьці іншаму. Бо душа – гэта пасудзіна. І чым яна напоўнена, тое з яе і льецца”, – падагульняе жанчына.

 

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.