ГРОДНА
Нядзеля,
23 чэрвеня
2024 года
 

II Велікодная нядзеля, Божай міласэрнасці

Разважанні з Божым Словам

Ян 20, 19–31
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: “Спакой вам!”. І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: “Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас”. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца”. Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: “Мы бачылі Пана”. Але ён сказаў ім: “Калі не ўбачу на руках Яго ран ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу”. І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: “Спакой вам!”. Потым кажа Тамашу: “Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым”. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: “Пан мой і Бог мой!”. Езус кажа яму: “Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў”.
    Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.

Прабачэння трэба хацець
   Прабітыя рукі, ногі і сэрца Езуса сведчаць пра тое, як моцна Бог палюбіў свет. Настолькі, што ў гэта цяжка паверыць. Нам, якія вельмі часта перажываюць пакуты, якія расчараваны ў сваёй любові, якіх, магчыма, часта адштурхоўвалі, якія перакананы ў сваёй грэшнасці, цяжка верыць, што ёсць Хтосьці, Чыёй любові не трэба шукаць. Хто здольны любіць нас самааддана, прымаючы цалкам.
    Тамаш, які не быў з апосталамі ў вячэрніку, калі сярод іх з’явіўся Хрыстос, таксама не паверыў. Аднак ён сумняваўся не ў Божай міласэрнасці, а ў тым, што Яго Майстар і Настаўнік увогуле жывы. Толькі сустрэча з Уваскрослым прывяла яго да веры. Сакрамант пакаяння і паяднання дазваляе такую сустрэчу. Нават самы вялікі грэх можна дараваць. Умова, аднак, заключаецца ў тым, што гэтага Божага прабачэння трэба хацець, што ў Міласэрнасць трэба верыць.
    У Езусе Хрысце наша надзея: на вылячэнне ран, на выпрастанне звілістых шляхоў жыцця, на наша ўваскрашэнне.
   
   Пане Езу, учыні, каб я паверыў у Тваю моц і каб да мяне адносіліся словы: “Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  192

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.