ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

У абароне жыцця

На шляху да святасці

Кожнае чалавечае жыццё з’яўляецца святым, таму заслугоўвае пашаны і абароны.
Ва ўрачыстасць Звеставання Пана адзначаем у Касцёле Дзень святасці жыцця. Ён быў устаноўлены ў адказ на выразную просьбу Святога Айца Яна Паўла ІІ, які ў энцыкліцы “Evangelium Vitae” заклікаў увесь Касцёл і ўсіх людзей добрай волі да малітвы ў абарону чалавечага жыцця.
Кожнае чалавечае жыццё з’яўляецца святым, бо гэта Божы дар, таму яно заслугоўвае пашаны і абароны. Толькі Бог дае жыццё, таму толькі Ён можа прыняць рашэнне пра яго пачатак і канец.
    На жаль, мы ўсе з’яўляемся сведкамі таго, як у сучасным свеце становіцца ўсё больш і больш прыкметнай непавага да жыцця. Усё часцей чалавек прэтэндуе на права прымаць рашэнні адносна жыцця іншых, асабліва адносна жыцця ненароджаных дзяцей і пажылых людзей – самых безабаронных асоб. Распаўсюджваецца небяспечная з’ява, якую Ян Павел II акрэсліў як “цывілізацыю смерці”.
    Дзень святасці жыцця павінен нагадаць, што як хрысціяне, вучні Езуса Хрыста, мы пакліканы абвяшчаць “Евангелле жыцця”, гэта значыць абараняць жыццё ад зачацця да натуральнай смерці як адну з найвялікшых, універсальных і непарушных каштоўнасцей.
    Адным з канкрэтных дзеянняў па абароне зачатага жыцця, якое кожны з нас можа распачаць ва ўрачыстасць Звеставання Пана, з’яўляецца малітоўная ініцыятыва “Духоўнае ўсынаўленне”.
    Яна заключаецца ў тым, што мы абавязваемся кожны дзень на працягу дзевяці месяцаў маліцца дзесяткам Ружанца і кароткай малітвай, а таксама ўзяць на сябе добраахвотнае адмаўленне і добры ўчынак у інтэнцыі зачатага дзіцяці, якому пагражае аборт.
    Мусім усведамляць, што, рашаючыся на Духоўнае ўсынаўленне, мы з Божай дапамогай можам унесці свой уклад у выратаванне чалавечага жыцця. Над кожным абраным Богам дзіцём мы адкрыем парасон малітвы, адрачэнняў, посту і ахвяры, і на працягу дзевяці месяцаў будзем маліцца аб выратаванні яго жыцця.
    Мы не ведаем яго імя.
    Не ведаем, на якім кантыненце яно жыве, не ведаем, кім будзе ў жыцці. Бог сам выбірае гэтае дзіця, і толькі Ён ведае, кім яно будзе. А мы...
    магчыма, калі-небудзь сустрэнемся ў вечнасці з Божым Абраннікам і будзем разам з ім радавацца дарам жыцця, які паходзіць ад Бога.
    Давайце таксама акружым сваёй малітвай усіх мам, якія чакаюць дзяцей, асабліва тых, у якіх не хапае мужнасці прыняць новае жыццё. Няхай Марыя, якая смела сказала Богу сваё “так”, выпрасіць для іх ласку адкрытасці на дар жыцця ў духу паслухмянасці Богу і даверу Яго волі.
    Памолімся таксама за тых, хто здзейсніў цяжкі грэх аборту: за маці, якія пазбавілі жыцця ўласных ненароджаных дзяцей, за членаў сем’яў, якія ўгаварылі іх на аборт альбо не ўстрымалі ад яго, за ўрачоў, медсясцёр і ўсіх, хто мае на сумленні жыццё нявінных людзей. Няхай добры Бог дасць ім ласку пакаяння і навяртання, каб маглі знайсці душэўны супакой у любячых руках Нябеснага Айца, які, як пастаянна нагадвае Святы Айцец Францішак, не стамляецца дараваць.
    Мы заклікаем усіх ва ўрачыстасць Звеставання Пана скласці абяцанне Духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці. Звычайна такое абяцанне складваецца ў касцёле і мае ўрачысты характар, але не менш важным будзе абяцанне, прынятае ў прыватным парадку ў сваім доме, бо Бог і там чакае нашага ўдзелу ў выратаванні жыцця ненароджаных.
   
Абяцанне духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці
   
    Найсвяцейшая Панна, Маці Божая Марыя, усе анёлы і святыя! Кіруючыся жаданнем дапамагчы ў абароне ненароджаных, я прымаю цвёрдае рашэнне і абяцаю, што з 25 сакавіка 2021 года, з урачыстасці Звеставання Пана, прымаю ў Духоўнае ўсынаўленне адно дзіця, імя якога вядома толькі Богу, каб цягам дзевяці месяцаў кожны дзень маліцца аб выратаванні яго жыцця і аб справядлівым і праведным жыцці пасля нараджэння.
   
    Гэтымі малітвамі будуць:
    – адна таямніца Ружанца,
    – мае дабравольныя пастановы,
    – малітва, якую сёння прамоўлю ўперыню:
   
    Пане Езу, праз заступніцтва Марыі, Тваёй Маці, якая нарадзіла Цябе з любоўю, а таксама праз заступніцтва св. Юзафа, чалавека даверу, які апекаваўся Табою пасля нараджэння, прашу Цябе ў інтэнцыі гэтага ненароджанага дзіцяці, якое духоўна ўсынаўляю і якое знаходзіцца ў небяспецы аборту. Прашу, дай яго бацькам любоў і адвагу, каб яны не забівалі свайго дзіцяці, а пакінулі яму жыццё, якое Ты сам гэтаму дзіцяці прадвызначыў. Амэн.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.