ГРОДНА
Чацвер,
01 снежня
2022 года
 

Пост – гэта акт любові да бога

На шляху да святасці

“Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых”.
    Мц 4, 4 .
Любоў... Што гэта і як яе паказаць? У людскім вымярэнні ўсё здаецца відавочным. Каханая асоба звычайна займае самае важнае месца ў нашым сэрцы. Калі мы кагосьці любім, уся наша душа, думкі, жаданні і мары накіраваны на гэтую асобу. Мы хочам праводзіць разам як мага больш часу, быць побач і атрымліваць асалоду ад размовы. Цешымся, калі падзяляем агульнае меркаванне і “знаходзімся на адной хвалі”. Стараемся пазбягаць усяго, што магло б засмуціць каханую асобу або раніць яе, і стараемся рабіць тое, што прыемна.
    Ці ёсць ад любові якая небудзь карысць? Ці можам прымусіць кагосьці да ўзаемнага пачуцця? Сталая любоў – гэта дабравольная адданасць і ахвяраванне іншай асобе самага лепшага ад чыстага сэрца, не чакаючы нічога ўзамен. Жаданне кахаць і быць каханым – галоўная ўзнагарода.

    Як аказаць любоў Богу?
    Дык чаму так цяжка часам праяўляць любоў да Бога?
    У рэшце рэшт, мы створаны па Яго вобразе. Што прыемна нашаму Нябеснаму Айцу? Што мы можам падарыць Яму ў знак сваёй любові, калі ўсё і так ад яго паходзіць? Божае слова паказвае, што ёсць тры рэчы, якія кранаюць сэрца Усявышняга і за якія Ён заўсёды ўзнагароджвае: міласціна, малітва і пост. Гэта бачныя дзеянні, якія абуджаюць адносіны з нябачным Богам. “Ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый свой твар, каб паказаць, што посціш, не людзям, але Айцу твайму, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе” (Мц 6, 17–18).
    Самы каштоўны падарунак, які мы можам ахвяраваць Айцу, – мы самі. Усё, чаго Ён хоча, – наша чыстае, любячае і ўдзячнае сэрца. “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5, 8). “Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу як выраз вашага разумнага служэння. І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае” (Рым 12, 1–2).
   
    Пост ачышчае сэрца
    Менавіта пост адчувальным чынам дае чалавеку магчымасць даследаваць сябе знутры, ачысціць сэрца ад усяго, што чужое Творцу і перашкаджае наблізіцца да Яго. Адмова ад прыемных рэчаў раскрывае духоўныя і фізічныя сферы, дзе ў нас ёсць праблемы і дзе губляем кантроль. Што стаіць на першым месцы ў Тваёй іерархіі каштоўнасцей? Каму ці чаму служыш і прысвячаеш большую частку свайго часу? Без чаго не ўяўляеш сваё жыццё? Дзе Твой самы каштоўны скарб? Ці сапраўды адказам з’яўляецца Бог?
    Пост – гэта не толькі адмова ад ежы альбо шкодных звычак дзеля захавання рэлігійных правіл і наказаў. Пры такім падыходзе гэта было б чыстае фарысейства і не прынесла б духоўнага плёну. Перш за ўсё, пост – гэта акт любові і вернасці Богу, праз які мы сведчым, што шкадуем за ўсе свае правіны і добраахвотна хочам аддзяліцца і вызваліцца ад усяго, што перашкаджае нам наблізіцца да Нябеснага Айца, пачуць Яго голас і выканаць Яго волю.
   
    На адпаведнай хвалі
    Каб праслухаць жаданую радыёпраграму, спачатку трэба наладзіць радыё на адпаведную хвалю. Святы Дух вяшчае на хвалі ахвярнай любові, таму, каб пачуць Божы голас і спазнаць Яго ўздзеянне, мы павінны наладзіць свой прыёмнік – наша сэрца – на адпаведную хвалю і пазбавіцца ад усяго, што любоўю не з’яўляецца. Святы Дух не можа напоўніць пасудзіны, якія да краёў запоўнены брудам: эгаізмам, гневам, крыўдамі, скаргамі, нянавісцю, пыхай, асуджэннем, крытыкай, плёткамі, страсцямі, залежнасцямі, зайздрасцю, хітрасцю, раздражненнем, гневам, прывязанасцю да матэрыяльных рэчаў гэтага свету і г. д. Каб выкапаць калодзеж і дабрацца да крыніцы чыстай вады, трэба выдаліць шмат слаёў зямлі, прыкладаючы пры гэтым пэўныя намаганні. Падобна з чалавекам: каб ачысціць сэрца, трэба ўзяць на сябе клопат і ачысціць сваю душу ад бруду непрыемных эмоцый, прыхільнасцей і перажыванняў. Пост для гэтай мэты – незамянімы інструмент, які аслабляе жаданні цела і ўзмацняе прагненні духу.
   
    Пост ламае моц зла
    Існуе прамая залежнасць паміж тым, што мы робім з нашым фізічным целам, і тым, як гэта паралельна ўплывае на нябачны духоўны свет. Спажыванне плода першым чалавекам, Адамам, стала актам непаслухмянасці Богу Айцу і аўтаматычна перадало духоўную ўладу, даручаную чалавеку, у рукі д’ябла. Але праз пост і адрачэнне Пан Езус перамог у барацьбе над ворагам чалавецтва і яго спакусамі, аднаўляючы поўную ўладу над сіламі цемры. Так і мы праз адрачэнне і пост ламаем уладу нячыстага духа і перамагаем яе ў сваім жыцці. “Гэты ж род злых духаў выходзіць толькі праз малітву і пост” (Мц 17, 21).
   
    Пост дае бласлаўленне
    Ці адмова ад задавальненняў у час Вялікага посту адбірае ўяўную радасць жыцця? Зусім наадварот! Пост аднаўляе спакой і свабоду духу, страчаныя з-за негатыўнага досведу. Са шматлікіх гісторый, прадстаўленых у Бібліі, бачым, што калі чалавек фізічна здзяйсняў акт прыніжэння і паслухмянасці праз пост у знак любові да Бога, Ён вызваляў звышнатуральную духоўную сілу і дапамогу з Нябёсаў, што ў выніку заўсёды давала бласлаўленне.
    Такім чынам, Творца забяспечыў абарону і апеку для ўсёй сям’і, дома і ўсёй маёмасці Ездры (параўн. Езд 8, 21–23), адхіліў праведнае пакаранне ад цара Ахава і не звёў на яго ліха (параўн. 3 Вал 21, 27–29), змілаваўся над юдэямі і выратаваў іх ад вынішчэння Амана, дзякуючы посту Эстэр; аднавіў разбураную сцяну Іерусаліма (параўн. Нм 9, 1–3), а таксама даў падказкі ў выбары дзеянняў і забяспечыў перамогу сынам Ізраіля ў барацьбе з іх ворагамі (параўн. Суд 20, 26).
    Такім чынам, калі Ты змагаешся з ворагам: уласнымі слабасцямі, залежнасцямі, негатыўнымі эмацыянальнымі станамі; калі стаіш на раздарожжы і не ведаеш, які выбар зрабіць, патрабуючы святла Святога Духа; калі страціў пачуццё бяспекі і ахоплены татальным страхам аб будучыні Тваёй сям’і; калі патрабуеш духоўнага ці фізічнага аздараўлення – навярніся да Бога праз пост. Добры Айцец заўсёды чакае вяртання блуднага сына.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  31

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.