ГРОДНА
Субота,
03 снежня
2022 года
 

Ці забаронена ўвогуле святкаваць у Вялікім посце?

Задай пытанне

Урачыстае адзначэнне гадавіны дня нараджэння глыбока ўкаранёна ў традыцыі нашага народу і служыць пабудове сямейных і сяброўскіх сувязей у атмасферы любові ды цеплыні. Аднак ёсць вельмі шмат людзей, чые дні нараджэння, імяніны ці іншыя асабістыя ўрачыстасці прыпадаюць на Вялікі пост. Як жа святкаваць у посце?
4-ты касцёльны наказ вучыць: “Захоўваць ва ўстаноўленыя дні пост і ўстрыманне ад мясных страў, а ў перыяды пакаяння не ўдзельнічаць у забавах”. Прычым дзеючы ў цяперашні час закон гаворыць аб забавах наогул, не ўдакладняючы, якія яны. Касцёл пакідае на сумленне вернікаў вызначэнне рамак і спосабу перажывання Вялікага посту. Безумоўна, танцы і гучную музыку неабходна выключыць. Варта памятаць, што мэта гэтых наказаў – дапамагчы вернікам у самакантролі і фарміраванні свабоды сэрца.
    Дзень нараджэння, падобна як імяніны і розныя гадавіны, з’яўляецца добрай нагодай, каб падзякаваць Богу за атрыманае жыццё і незлічоныя дары. Таму здаецца, што лепшы спосаб адзначыць уласныя святы – гэта, перш за ўсё, малітва, а таксама, па магчымасці, удзел у Эўхарыстыі. Варта ў гэты дзень альбо напярэдадні прыступіць да споведзі, каб з чыстай душой прыняць св. Камунію. Годным для пераймання з’яўляецца таксама замаўленне многімі вернікамі св. Імшы з нагоды важных дат.
    Падчас Вялікага посту можна арганізаваць дзень нараджэння ці імяніны, але трэба памятаць пра забарону на ўдзел у забавах. Можна адчуць радасць і без шумнай вечарыны, алкаголю або, па меншай меры, без напівання. У такім выпадку нават ёсць больш магчымасцей для сяброўскіх размоў. Вядома, можна таксама перанесці святкаванне на час пасля Вялікадня.
    Акрамя таго, вельмі часта ў перыяд Вялікага посту адзначаецца Жаночы дзень. Як і ў любым іншым выпадку, у гэты дзень вернікі маюць асаблівую нагоду маліцца праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, апякункі ўсіх жанчын. Безумоўна, не парушым дух Вялікага посту, павіншаваўшы дарагіх сэрцу асоб і з’еўшы кавалак смачнага торта. Аднак удзел у масавых мерапрыемствах, а таксама арганізацыя ў гэты дзень шумнай забавы, звязанай са злоўжываннем алкаголем, з гучнай музыкай і танцамі, несумненна, будзе парушэннем 4-га касцёльнага наказу.
    У перыяд Вялікага посту можна сустрэцца з сям’ёй ці сябрамі, схадзіць у тэатр, кінатэатр ці філармонію. Для некаторых людзей, залішне паглынутых паўсядзённымі справамі, такое баўленне часу можа быць нават добрым велікапосным учынкам. Правільнае перажыванне Вялікага посту – гэта не толькі адмаўленні і абмежаванні, але, перш за ўсё, час добрых спраў і самарэфлексіі, малітвы, міласціны, дапамогі бедным і дбайнага выканання сваіх абавязкаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.