ГРОДНА
Чацвер,
03 кастрычніка
2024 года
 

Місія – служыць людзям

Лісты чытачоў

Восем гадоў прайшло з таго часу, як парафію св. Францішка з Асізі ў г. Свіслач узначаліў а. Валерый Шэйгерэвіч OFMСonv. Гады службы на Свіслаччыне для настаяцеля сталі перыядам духоўнага росту і развіцця. Нядаўна місіянер па волі Божай пакінуў свой пост і развітаўся з пушчанскім краем і любімымі парафіянамі.
Для а. Валерыя Свіслач – не першае месца службы. Да гэтага ён прапаведаваў Божае слова ў Гальшанах, Івянцы і Поразаве. Кожная парафія дапамагала набірацца вопыту, узбагачала ўнутраны свет. Бо, па словах настаяцеля, чым больш служыш людзям, тым больш сам развіваешся духоўна.
    Паслуга ў Свіслачы стала для а. Валерыя новым перыядам духоўнага развіцця. Стымул у працы надавалі адкрытыя і добрыя людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу з любой нагоды. У зносінах з парафіянамі ў святара заўсёды панавалі ўзаемадапамога і ўзаемапавага. Гэта дапамагала аднаўляцца і набірацца новых сіл і энергіі.
    Большаму збліжэнню айца са свіслачанамі паслужыла страта самага блізкага чалавека – мамы.
    У гэты цяжкі перыяд яны сталі для яго самымі роднымі, дапамаглі дастойна перажыць усе нягоды, падтрымлівалі і маліліся.
    “Айцец Валерый – чалавек, якога Бог надзяліў вялікай прыгажосцю душы, дабрынёй і сціпласцю, мудрасцю ў духоўнай справе. Мы дзякуем Богу, што паслаў на наш шлях такога выдатнага настаяцеля і гаспадара касцёла. І хай кожны дзень у яго будзе радасным, шчаслівым і блаславёным”, – кажуць удзячныя парафіяне.
    Святар належыць да манаскага ордэна францысканцаў, з’яўляецца яго місіянерам і прапаведнікам. Галоўным прынцыпам лічыць паслухмянасць, таму, калі яго дапамога патрэбна ў іншым месцы, заўсёды выконвае Божую волю. Так і ў гэты раз прыйшлося расстацца з цяперашняй парафіяй і стаць пробашчам парафіі ў аграгарадку Пяршаі, а таксама, па сумяшчэнні, гвардыянам у манастыры ў Івянцы.
    “Мая асноўная місія – служыць годна людзям там, куды мяне заклікае Гасподзь. Хачу за ўсё сказаць «дзякуй» Богу. А таксама падзякаваць жыхарам Свіслачы за дапамогу, падтрымку, разуменне, павагу і супрацоўніцтва, – выказаўся а. Валерый. – Любімыя парафіяне касцёла св. Францішка Асізскага, турбуйцеся пра сябе і памятайце пра іншага чалавека, не забывайце дзякаваць Богу, чыё слова павінна быць на першым месцы. Калі вы будзеце з Ім, Ён вам абавязкова дапаможа. Паважайце і шануйце святароў, якія будуць служыць вам”.
    Пробашч парафіі – гэта чалавек, які нястомна дорыць сваё жыццё служэнню Пану і людзям. Калі казаць пра духоўную сілу а. Валерыя, то асноўнай яе крыніцай служаць малітвы. Тым не менш, не пазбаўлены святар і мірскіх радасцей. Ён актыўна займаецца спортам сам і прыцягвае моладзь да гэтай карыснай справы. Таксама сярод самых любімых заняткаў – чытанне мастацкай літаратуры на польскай мове і велапрагулкі па лясных пушчанскіх масівах.
    За восем гадоў а. Валерый прыкіпеў да горада, парафіян. Але, як сам кажа, ён выконвае Божую волю. Калі ў будучыні з’явіцца магчымасць вярнуцца на Свіслаччыну, з радасцю прыедзе назад.
    Важна тое, што, дзе б ні апынуўся а. Валерый, ён заўсёды з бязмежнай любоўю і вялікім дарам усёдаравання будзе несці святло ў сэрцы людзей, кіруючыся высокімі ідэаламі веры і духоўнасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  90

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.