ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

IV Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

Ян 3, 14–21
Езус сказаў Нікадэму: “Як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, бо ўчынкі іхнія былі дрэннымі. Таму кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не адкрыліся яго дрэнныя ўчынкі. А хто паступае па праўдзе, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу”.

Убачыць сапраўднае святло
   Пан Езус падчас начной размовы з вучоным Нікадэмам тлумачыць яму, як расчытваць знакі, пакінутыя Богам на шляху чалавека. І як шмат залежыць ад правільнага расчытання гэтых знакаў кожны дзень. Прыгадвае Нікадэму пра падзею падчас вандроўкі абранага народа праз пустыню, калі Бог дапусціў да ізраільцян бедства ядавітых змей, але разам з тым загадаў Майсею паставіць высокі шост і змясціць на ім выяву змяі. Каб уратавацца ад смерці, укушанаму трэба было з верай паглядзець на тую змяю. Гэта быў не столькі просты жэст звароту да змяі, колькі заўважэнне вачыма веры Божай сілы, якая выцякае з выканання такога лёгкага наказу.
    Гэтым напамінам Езус падрыхтаваў Нікадэма да расчытання больш важнага знака – узвышэння Сына Чалавечага на дрэве крыжа. Гэты знак неабходны, каб кожны меў вечнае жыццё. Мы можам думаць, што Нікадэм зразумеў вучэнне Езуса, бо бачым яго на Галгофе, калі ўдзельнічае ў пахаванні Збаўцы. Крыж не напалохаў вучонага, бо зразумеў яго значэнне.
    Езус дае нам святло, неабходнае, каб лепш бачыць навакольную рэчаіснасць, але ў той жа час з жалем дадае, што чалавек часта “ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не адкрыліся яго дрэнныя ўчынкі”. Некаторыя людзі жадаюць лепш заставацца ў цемры, бо знаходзяцца на баку зла. Яны не хочуць святла, бо баяцца ўбачыць рэальную карціну ўласнага жыцця. Мы таксама часта трапляем у становішча ізраільцян у пустыні, заражаных атрутай зла. Перад намі ёсць знак аздараўлення, але нам не хапае добрай волі, каб паглядзець на яго.
   Пане Езу Хрысце, дай мне мужнасць, каб заўсёды мог паглядзець на Тваё дрэва крыжа. Дазволь мне з чыстым сумленнем трываць побач з Табой!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.