ГРОДНА
Чацвер,
01 снежня
2022 года
 

Селіванаўцы

Парафіі і святыні

Крыніца: А. ВашкевічНармальнае парафіяльнае жыццё тут наладзілася толькі ў 1990 годзе.
Сярод маляўнічых узгоркаў, прыкладна пасярэдзіне паміж мястэчкам Сапоцкін і Нёманам, знаходзіцца касцёл у Селіванаўцах. Будаўніцтва святыні было скончана ў 1840-ых гадах, але пачыналася гісторыя гэтай парафіі ў маленькай мясцовасці Гожка, якая некалькі стагоддзяў выконвала функцыю занёманскага фальварка парафіі ў Гожы. Цяпер тут, каля вёскі Лінкі, толькі густы лес, у якім захаваліся парэшткі могілак, месца, дзе да сярэдзіны ХІХ стагоддзя стаяла драўляная капліца, ды некалькі старых дубоў, што паступова разбураюцца ад маланак і навальніц.
Актыўнае засяленне гэтых мясцін пачалося ў канцы XV стагоддзя. У той час згадваецца мясцовасць Монькавае – цяперашняя вёска Монькаўцы, а побач з ёй паўстаў фальварак Гожка. Тут адпраўлялі рэлігійныя патрэбы і хавалі людзей, якія жылі ў той частцы парафіі ў Гожы, што знаходзілася на левым беразе Нёмана. Бо перабрацца праз Нёман да парафіяльнага касцёла было часам – асабліва вясной і восенню – вельмі няпроста.
    У 1771 годзе ўладальнік маёнтка Белыя Балоты Ян Марос ахвяраваў 6 000 тынфаў касцёлу езуітаў. Калі ж праз паўтары гады ордэн езуітаў быў скасаваны, Марос вырашыў на гэтыя грошы заснаваць каталіцкі касцёл ва ўласнай вёсцы Селіванаўцы. 31 сакавіка 1775 года, атрымаўшы дазвол ад віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага, ён пабудаваў святыню “са старога дрэва”. Згодна з фундушам 1775 года, мясцоваму касцёлу надавалася тры валокі зямлі, а Гожская парафія атрымлівала, дадаткова да фундацыі 1494 года, яшчэ 6 000 тынфаў на ўтрыманне новага прыхода. Першапачаткова ён з’яўляўся філіяй старажытнага касцёла ў Гожы, што размяшчаўся на другім баку Нёмана. Але фундатары Маросы не заўсёды заставаліся задаволенымі тымі вікарнымі ксяндзамі, якіх зацвярджаў гожскі пробашч, і хацелі вызначаць святароў згодна сваёй волі. У той жа час ксёндз з Гожы не жадаў пазбаўляцца права карыстацца сродкамі з фундуша Маросаў, таму справа ішла марудна. У 1792 годзе, разам са сваімі суседзямі-землеўладальнікамі, Маросы падалі прашэнне на імя біскупа Масальскага з прапановай утварыць асобную незалежную парафію ў Селіванаўцах. Утрыманне парафіяльны пробашч павінен быў мець або грашыма, за кошт працэнтаў са сродкаў, укладзеных Маросамі, або за кошт дзесяціны, якую мясцовыя паны павінны былі выплочваць Гожскай парафіі. Згода біскупа была атрымана, і фактычна ў 1793 годзе касцёл у Селіванаўцах стаў парафіяльным. Але афіцыйна падпісаць дакумент не паспелі, бо пачалося паўстанне, а біскуп Масальскі, удзельнік Таргавіцкай канфедэрацыі, быў у 1794 годзе павешаны патрыётамі ў Варшаве за здраду.
    Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай новая мяжа Прусіі і Расіі падзяліла парафію ў Гожы. Частка на правым беразе Нёмана ад гэтага моманту складала парафію Гожа ў Расійскай Імперыі, а на левым – аказалася пад уладай прусаў.
    Парафіяльная святыня ў Селіванаўцах. Крыніца: А. ВашкевічЯе цэнтрам акурат і стала Гожка. Парафія была зацверджана прускімі ўладамі ў 1798 годзе. Калятарам прызначылі Яна Мароса. Калятары апекаваліся парафіяй, дапамагалі вырашаць яе матэрыяльныя праблемы, але за гэта мелі вялікі ўплыў на мясцовых пробашчаў. Марос надалей вельмі хацеў перанесці цэнтр парафіі ў Селіванаўцы, дзе выдзеліў зямлю пад новыя могілкі, таму на наступныя некалькі дзесяцігоддзяў парафія атрымала назву Гожска-Селіванаўскай.
    Першы касцёл у Селіванаўцах праіснаваў нядоўга. Набажэнствы адбываліся там толькі да 1795 года. Дакладна невядома, што стала прычынай знікнення храма. Рэлігійнае жыццё новага прыхода зноў вярнулася ў капліцу на тэрыторыі фальварка Гожка. Была гэта даволі вялікая пабудова і ў часы панавання Прусіі на сродкі сям’і Маросаў тут праводзіліся рамонтныя працы.
    Крытая саломай драўляная капліца была добраўпарадкаванай і выглядала, згодна тагачасным інвентарам, даволі салідна. Званіцы каля капліцы не было, і званы часова размяшчаліся на соснах, што раслі недалёка на старых могілках. Побач знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку бровар і новы будынак плябаніі. У старой плябаніі была школа на 30 вучняў. Парафіі належала таксама карчма каля вёскі Плябанскія. У касцёльнай уласнасці знаходзіліся вёскі Плябанскія і Лінкі, агульнай колькасцю 12 гаспадароў, якія павінны былі выконваць 1 250 дзён коннай ды пешай паншчыны. Новы храм у Селіванаўцах быў дабудаваны з бутавага каменю і цэглы ўнукам Я. Мароса Войцехам Сабалеўскім у 1840-ых гадах. Касцёл Перамянення Пана ўяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём, накрыты двусхільным дахам. Франтон паўночнага фасада ўсечаны, над ім мураваная званіца з чатырохсхільным дахам. Галоўны фасад упрыгожаны дзвюма прызначанымі пад скульптуры нішамі і круглымі люкарнамі над імі. Цікава, што дакументы пацвярджаюць мясцовую легенду аб тым, што першапачаткова касцёл планавалася збудаваць значна большым.
    Пасля паўстання 1863–1864 гадоў і ліквідацыі Уніі ў 1875 годзе становішча парафіі было складаным, але ажно да 1905 года яна працягвала заставацца галоўным цэнтрам каталіцтва ў краі. У яе склад уваходзілі вёскі Монькаўцы, Навасады, Белічаны, Селіванаўцы, Плябанскія, Плоскаўцы, Лінкі, Войтаўцы, Кодзеўцы, Яцвязь, Баля Каўнацкая.
    У 1909–1915 гадах кс. Варкала пабудаваў новую драўляную плябанію, пабяліў касцёл, набыў арган і абгарадзіў могілкі. Перад самай ІІ Сусветнай вайной намаганнямі кс. Казіміра Срэдніцкага была пабудавана цяперашняя мураваная плябанія, дзе пры савецкай уладзе месцілася пачатковая школа. Апошнім сталым пробашчам тут быў кс. Уладзіслаў Красоўскі (1956–1962 гады) з парафіі Галынка, які прыехаў сюды пасля сібірскай ссылкі. Пасля яго смерці касцёл дзейнічаў без ксяндза. Нармальнае парафіяльнае жыццё тут наладзілася толькі ў 1990 годзе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  31

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.