ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Знак надзеі

Хрысціянскія традыцыі

Крыніца: m.niedziela.plБог мае моц адрадзіць мяне нават з купкі попелу. Ён першы падняўся з попелу смерці.
Кожны год Вялікі пост пачынаецца з пасыпання галоў попелам. Гэты звычай мае ў Касцёле вельмі доўгую традыцыю, якая сягае V стагоддзя. На пачатку Вялікага посту тыя, хто ўчыніў цяжкія грахі, прызнаваліся ў іх перад сваім біскупам, а ён уключаў грэшнікаў у г. зв. “стан пакутнікаў”. Пасля таго, як вызнавалі свае грахі, іх выводзілі з касцёла, што сімвалізавала выгнанне Адама і Евы з раю.
Перад святыняй пакутнікаў апраналі ў пакаянную вопратку, якую павінны былі насіць на працягу ўсяго Вялікага посту, і пасыпалі ім галовы попелам. Публічны характар пакаяння вынікаў з перакананасці, што грэх ніколі не з’яўляецца асабістай справай чалавека, але ранай, нанесенай усёй супольнасці, і таму ў супольнасці павінна адбывацца і прымірэнне чалавека з Богам і братамі.
    Аднак сам жэст пасыпання галавы попелам значна старэйшы. Яго ведалі таксама іншыя рэлігіі і культуры міжземнаморскага басейна. Знаходзім яго і на старонках Старога Запавету. У Бібліі гэта знак пакаяння, але і жалобы. Таму ў каталіцкай традыцыі ён суправаджаецца словамі, узятымі менавіта са Святога Пісання.
   
    Ты – прах, і ў прах вернешся
    Момант пасыпання галоў попелам у гродзенскай катэдрыПопел – гэта нішто іншае, як рэшткі чагосьці, што перастала існаваць. Мы зроблены з пылу зямлі, і ў выніку ўсе ператвараемся ў яго. Гаворка ідзе не столькі пра страх смерці, колькі пра тое, каб вырвацца са сваёй паўсядзённай бегатні і ўсвядоміць пэўную асноўную, але часта намі забываемую ці ўвогуле адмаўляемую праўду: усё тое, да чаго так імкнёмся, – яшчэ не ўсё!
    Тое, за чым я так ганюся, вельмі часта цаной свайго здароўя і абмежаваннем кантактаў з сям’ёй, тое, да чаго так імкнуся кожны дзень, не будзе трываць вечна. Аднойчы яно разваліцца, міне, зносіцца. Ёсць больш важныя рэчы, і менавіта на іх трэба нанова засяродзіцца. Вялікі пост – час перагледзець нашы прыярытэты.
   
    Навяртайцеся!
    Попел сыпкі, лятучы. У чымсьці вельмі падобны да занятага чалавека. Перад нашымі старанна пабудаванымі міражамі аб уласнай вытрымцы і стойкасці, перад усякай спакусай самадастатковасці і самавыратавання гэтая купінка попелу павінна быць сімвалічным проціяддзем. Яна кажа нам: ты – прах, пясок, бедная гліна.
    Нашы добрыя намеры і пастановы хутка развеюцца самі сабой, як попел на галаве. Толькі Бог можа надаць гэтаму пылу цвёрдасць скалы. Толькі Боскі Ганчар можа зляпіць з гэтай гліны надзейнае начынне для сваёй ласкі. Навяртайцеся! Што на мове Бібліі азначае “Змяняйце ваша мысленне!”.
    Вялікі пост – гэта час, каб змяніць сваё мысленне. Час, каб падумаць пра сябе, як пра прах, з якога толькі Бог можа зрабіць што-небудзь значнае. Каб убачыць, што ўсе мае намаганні і скокі ў выніку ператвараюцца ў попел. І толькі ў Божай руцэ ён можа стаць дыяментам.
   
    Верце ў Евангелле!
    Попел з’яўляецца астаткам пасля таго, што згарэла. Пасыпаны на галаву, ён нагадвае, што Пасха, да якой набліжаемся праз Вялікі пост, – гэта печ, Божы агонь. Кожны з нас мае сваю Пасху. Кожны праходзіць праз такую печ. Што з мяне ацалее? З маіх добрых намераў, набожных жаданняў? Колькі з маіх слоў, учынкаў і рашэнняў выстаіць у гадзіну суда? Напэўна, няшмат. І тым не менш, гэта знак надзеі. Таму што не іду праз гэтую Пасху адзін. Іду з Хрыстом, які першым прайшоў для мяне гэты шлях. Евангелле – Добрая Навіна пра Яго пераможны пераход праз смерць да жыцця. Пра тое, што Ён мае моц адрадзіць мяне нават з купкі попелу. Ён першы падняўся з попелу смерці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.