ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Пазіраючы назад, ідучы наперад

З жыцця Касцёла

Кс. біскуп Юзаф Станеўскі распавядае пра важныя падзеі з 7-гадовага перыяду сваёй біскупскай паслугі.
Мінула ўжо сем гадоў з таго часу, як рэктар і выкладчык Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі прыняў біскупскае пасвячэнне. З гэтай нагоды дапаможны біскуп і генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзгадвае сем важных падзей з гэтага перыяду.

    1. Візіт ad limina Apostolorum.
    З 31 студзеня па 7 лютага 2018 года ў Ватыкане праходзіў чацвёрты ў гісторыі Касцёла ў Беларусі візіт біскупаў ad limina Apostolorum.
    “Я ўпершыню ў жыцці ўдзельнічаў у падобным мерапрыемстве. Разам з іншымі біскупамі нашай краіны мы накіраваліся да Наступніка св. Пятра, каб выказаць жывую супольнасць з Апостальскай Сталіцай і калегіяльную адказнасць за Паўсюдны Касцёл. Візіт «ad limina» заўсёды з’яўляецца своеасаблівым урокам эклезіялогіі, глыбокім досведам Таямніцы Касцёла. Гэта таксама знак той лучнасці, якая заключаецца ва ўзаемапранікненні Паўсюднага і мясцовых Касцёлаў. Гэта ўнікальная магчымасць падзяліцца досведам і багажом нашага Касцёла, як і зачарпнуць духоўнае багацце, знаходзячыся ля магіл апосталаў”.
   
    2. Сустрэчы з моладдзю.
    Удзел у Сусветных днях моладзі ў Кракаве (2016 г.) і Панаме (2019 г.).
    “Я цаню сустрэчы з маладзёнамі, таму што, як паўтараў ініцыятар Сусветных дзён моладзі і верны іх сябар св. Ян Павел ІІ, «з кім павядзешся, ад таго і набярэшся». Трэба знаходзіцца побач з маладымі людзьмі. Аб гэтым клапаціўся святы Папа, які быў выкладчыкам ва ўніверсітэце, праводзіў канікулы з моладдзю, ведаў яе праблемы. Ён разумеў маладога чалавека. Таму трэба быць з моладдзю. Выслухваць. Бачыць яе боль, тугу, жаданні. Папа Францішак у апостальскай адгартацыі «Christus vivit» («Хрыстос жывы») выказаў меркаванне, што Касцёл павінен праяўляць салідарнасць з цярпеннямі маладых людзей і суправаджаць іх у цяжкім лёсе. Моладзь – гэта будучыня нацыі. Якім будзе яе выхаванне, такой будзе будучыня дадзенай краіны, Еўропы, свету і Касцёла”.
   
    3. Сярэбраны юбілей Гродзенскай дыяцэзіі.
    24–26 мая 2016 года ў Гродне адбылося святкаванне 25-годдзя ўзнікнення дыяцэзіі, спалучанае з Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсам.
    “Біскуп Юзаф у гродзенскай катэдры дзякуе Богу  за 25 гадоў святарстваЗ гонарам магу сказаць, што я адзін з тых людзей, якія сталі сведкамі ўтварэння нашай дыяцэзіі. Я стаяў ля вытокаў узнікнення структур мясцовага Касцёла, спачатку як семінарыст, потым як святар. Святкуючы першы такі юбілей дыяцэзіі і яе біскупа, мы выказалі ўдзячнасць Богу за ўсіх, хто ўнёс свой уклад у стварэнне новай гісторыі і з кім ішлі супольнай дарогай. Гэта была таксама нагода, каб зазірнуць у будучыню, каб з яшчэ большай стараннасцю абвяшчаць Евангелле. Устанаўліваючы ў 1991 годзе новую дыяцэзію, Святы Айцец Ян Павел ІІ меў вялікае жаданне дапамагчы нам далей развіваць жыццё Касцёла, якім мы з’яўляемся, а праз гэта – паглыбляць сваю звышнатуральную сувязь з уваскрослым Хрыстом, які праз Святога Духа робіць нас адной сям’ёй Божых дзяцей”.
   
    4. Досвед убоства.
    На заканчэнне Надзвычайнага юбілейнага года міласэрнасці ў 2016 годзе Святы Айцец Францішак устанавіў у Каталіцкім Касцёле Сусветны дзень убогіх.
    “Мне давялося шмат разоў сустракацца з людзьмі беднымі і тымі, якія не маюць сталага месца жыхарства. Разам з працаўнікамі дабрачыннай арганізацыі «Карытас» мы неаднаразова наведвалі начныя прытулкі. Я меў нагоду раздзяліць калядны пасілак з беднымі ў сталовай, якую вядуць сёстры назарэтанкі ў Гродне. Як падкрэсліваў папа Францішак у сваім апошнім пасланні на IV Сусветны дзень убогіх, мы не можам быць «у парадку», калі член нашай чалавечай сям’і адсунуты на задворкі і становіцца ценем. Крык маўчання многіх бедных павінен дайсці да Божага люду, які заўсёды і ўсюды гатовы даць ім голас, выказаць салідарнасць з імі і запрасіць да ўдзелу ў жыцці супольнасці. Пры гэтым, паводле слоў св. Грыгорыя Вялікага, важна памятаць, што калі мы даём патрабуючым самае неабходнае, мы даём тое, што належыць ім, а не нам”.
   
    5. Сярэбраны юбілей святарства і залаты – жыцця.
    У 2020 годзе іерарх адзначаў 25-годдзе прыняцця святарскіх пасвячэнняў і 50-ую гадавіну з дня нараджэння.
    “Кожны юбілей – гэта нагода быць удзячным Богу за сілу і ласку трываць, а таксама людзям, якіх Ён паставіў на маім шляху, і за ўчыненае дабро. Пакліканне – гэта дар Божай ласкі, і ні ў якім разе не права чалавека. Святарства нельга разумець як простае чалавечае адрозненне, але кожны з пакліканых павінен з самага пачатку напоўніць сваё сэрца захапленнем і ўзрушанасцю, удзячнасцю і даверам, а таксама надзеяй. Таму, адзначаючы ўласныя юбілеі, я не хацеў звяртаць увагу на сябе, але прагнуў вылучыць тых людзей, якім абавязаны сваім жыццём, верай і пакліканнем, а таксама звярнуць увагу на ўсе падзеі, якія са мной адбыліся”.
   
    6. Сустрэчы з сем’ямі.
    У ліпені 2019 года адзначалася 25-годдзе ўстанаўлення дыяцэзіяльнага санктуарыя ў Тракелях.
    “Я да гэтага часу выдатна памятаю тысячы прыгожых і шчаслівых сем’яў, якія прыбылі ў санктуарый Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях, каб падзякаваць Богу за дар Марыі як нашай Маці. Кожны раз, сустракаючыся з сужэнцамі, хачу заахвоціць іх супрацьстаяць гэтым вялікім выклікам сучаснага свету, не губляць мужнасці і памятаць, што яны не адны: Хрыстос верыць у іх; Касцёл ідзе разам з імі; людзі добрай волі глядзяць на іх з даверам! Як сказаў св. Ян Павел ІІ у апостальскай адгартацыі «Familiaris Consortio», кожная сям’я паклікана ствараць будучыню чалавецтва, фарміраваць аблічча зямлі. У гэтай няпростай справе няхай усіх сужэнцаў падтрымлівае і накіроўвае Панна Марыя Каралева Нашых Сем’яў, якая разам са сваім мужам Юзафам перажыла ў доме ў Назарэце радасныя і цяжкія хвіліны сямейнага жыцця”.
   
    7. Удзячнасць апостальству “Маргарытка”.
    Сутнасцю апостальства з’яўляецца штодзённая малітва за канкрэтных святароў.
    “Я нястомна дзякую Богу за ўсіх членаў Апостальства малітвы за святароў «Маргарытка». Магу з упэўненасцю сказаць, што гэтая вялікая армія вернікаў на самой справе робіць тое, да чаго заклікаў нас св. Ян Павел II, кажучы, што «мы ўсе нясём адказнасць за святарскія пакліканні». Яны прынялі гэтыя словы глыбока ў сэрца і пачалі маліцца! Падчас сустрэч з членамі апостальства я заўважаю, наколькі ім важна, каб нашы святары былі вернымі, разважлівымі, святымі, каб вялі Касцёл бяспечным шляхам у Абяцаную зямлю – у Неба. Дзякуючы іх малітвам, посту і ахвярам нашы святары могуць прысвяціць сябе служэнню іншым, рэалізаваць разнастайныя душпастырскія ініцыятывы, узводзіць святыні”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.