ГРОДНА
Нядзеля,
10 лістапада
2024 года
 

Касцёл і інтэрнэт: сур’ёзная магчымасць

З жыцця Касцёла

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які неаднаразова падкрэсліваў важнасць СМІ для Касцёла, побач з супрацоўнікамі газеты  “Слова Жыцця” падчас візіту ў рэдакцыю, 2018 г.

У апошнія дзесяцігоддзі СМІ змяняюцца неверагодна хутка. Падаецца, мы толькі звыкліся са схілам друкаванай прэсы, а людзі ўжо часцей атрымліваюць інфармацыю з сацыяльных сетак, чым з навінавых сайтаў. Касцёлу цяжка паспяваць за такім тэмпам. Аднак ці праблема гэта? Ці увогуле так цяжка паспяваць за эрай інтэрнэту?
Перманентнае душпастырства
    Гэты тэрмін я прачытаў у адным з дакументаў Папскай рады па справах СМІ. Ватыканскія чыноўнікі падкрэсліваюць важнасць медыяў у пастаянным кантакце з вернікамі і клопаце пра іх духоўны рост. Логіка простая: католік з’яўляецца ў парафіі раз у тыдзень на адну гадзіну. Хрысціянскія медыі ж дазваляюць камунікаваць з вернікамі перманентна – пастаянна.
Відавочна, што каталіцкія супольнасці ў Беларусі актыўна працуюць у гэтым кірунку. Парафіяльныя чаты або старонкі акумуліруюць апошнія звесткі, просьбы, ідэі ці справаздачы. Характэрны прыклад – старонка парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску – jan.by. Штотыдзень там з’яўляюцца навіны парафіяльных суполак, інтэрв’ю з мясцовымі вернікамі, тлумачэнні свят і справаздачы з падзей. Агулам на сацсеткі парафіі падпісана некалькі тысяч чалавек. Такім чынам, вернікі знаходзяцца ў пастаянным кантакце.
    Асаблівасцю развіцця перманентнага душпастырства на парафіяльным узроўні з’яўляецца мінімалізацыя цэнзуры, афіцыёзу. Гэта дазваляе вернікам адчуваць сябе часткай Касцёла персанальна, задаваць пытанні і праз цікаўнасць да сваёй лакальнай супольнасці паглыбляць цікаўнасць да хрысціянскіх СМІ ў цэлым. Відавочна, што ў Беларусі ў гэтым кірунку яшчэ шмат павінна быць зроблена. Развіццё парафіяльных медыяў найчасцей носіць хаатычны характар: актывісты штосьці робяць, але гэтая дзейнасць не ўбудавана ў план развіцця парафіі.
   
    Блогеры
    Калі парафіяльныя медыі скіраваны на развіццё кантакту супольнасці, то каталіцкія СМІ трансліруюць больш глабальныя тэмы. Аднак сёння кожны можа дзяліцца сваімі думкамі і меркаваннямі вельмі проста. Нездарма папа Францішак назваў інтэрнэт Божым дарам, які “дае нам сапраўды бязмежныя магчымасці для чалавечага яднання”. Сёння, будуючы і шукаючы хрысціянскую пазіцыю адносна штодзённых навін ці здарэнняў, менавіта блогеры адыгрываюць ключавую ролю ў будаванні меркаванняў і пазіцый людзей.
    Ці хапае на беларускай ніве работнікаў-блогераў Пана? Падаецца, апошнім часам у нашай краіне іх з’яўляецца ўсё больш. Цікава, што ў гэтым працэсе менавіта свецкія вернікі вядуць рэй. Яны прымаюць удзел у абмеркаваннях пад навінамі з дзесяцітысячнымі аўдыторыямі, адстойваюць і тлумачаць карыстальнікам хрысціянскую пазіцыю. Для прыкладу, за інстаграмам католіка Паўла Гадзінскага сочыць больш за 6 тысяч чалавек (гэта на тысячу больш, чым у акаўнта catholic.by), на інстаграм Асі Паплаўскай да яе сыходу ў манастыр было падпісана больш за 4 тысячы чалавек. Youtube каналы кс. Вячаслава Барка і блогера Згомеля Католік маюць 4,7 і 7,1 тысяч падпісчыкаў адпаведна.
    Супрацоўніцтва парафій з каталіцкімі блогерамі можа быць сур’ёзным кірункам дзейнасці. Для прыкладу, сацыяльныя сеткі мінскай парафіі св. Роха вядзе Надзея Бука – каталічка і мастачка. Дзякуючы гэтаму толькі за інстаграмам супольнасці сочыць каля 2,5 тысяч чалавек. Арганізацыя сустрэч парафіяльнай моладзі з такімі людзьмі, рэклама іх кантэнту дазваляе хрысціянству прасочвацца ў стужкі сацыяльных сетак маладзёнаў. Нездарма арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч неаднаразова паўтараў: “Не ўяўляю сабе сёння евангелізацыі без мас-медыя”.
   
    Як зацікавіць чалавека?
    Валанцёры інтэрнэт-партала Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by падчас вечарыны  “Раство з беларускай паэзіяй”, 2014 г. Да супрацоўніцтва з рэдакцыяй можа далучыцца кожны!Журналіст Леанід Парфёнаў, каменціруючы спад гледачоў расійскага тэлебачання, калісьці сказаў: “Чаго яшчык глядзець, яго не для мяне робяць”. Сумна, калі католікі не чытаюць каталіцкія СМІ, бо іх “не для мяне робяць”. Менавіта гэтым тлумачыцца поспех хрысціянскіх блогераў. Карыстальнікі прасцей успрымаюць меркаванні, думкі ці разважанні простых людзей, чым сухую мову справаздач з афіцыйных каталіцкіх старонак.
    Медыі дапамагаюць хрысціянам весці дыялог са светам. Як кажа ватыканскі дакумент “Aetatis Novae”, “прысутнічаць актыўна і заўважна”. Таму адзіная магчымасць зацікавіць нашага суразмоўцу – самім быць цікавым суразмоўцам. Слухаць, адказваць нестандартна, глыбока, з павагай, не ліць вады і не павучаць, не вешаць цэтлікі. Быць такім суразмоўцам, да гутаркі з кім хочацца вяртацца.
   
    У якасці падсумавання
    У вялікай меры інтэрнэт перакладвае адказнасць за камунікацыю з “афіцыйных” каталіцкіх СМІ на вернікаў. Кожны можа дзяліцца сваёй верай, каменціраваць ці проста ставіць падабайкі годнаму кантэнту. Таму не варта рабіць такі моцны ўпор выключна на рэдакцыі вядомых каталіцкіх выданняў. Сёння кожны вернік можа быць маленькім хрысціянскім выданнем. Важна жаданне і разуменне значнасці апостальства. Кожнага з нас. У інтэрнэце таксама.
Рэдакцыя
    Сваіх нябесных заступнікаў маюць людзі самых розных прафесій: урачы, пчаляры, маракі, гандляры, чыгуначнікі… Спіс тых, хто ў сваёй прафесійнай дзейнасці мае магчымасць звяртацца да св. апекуна, можна працягваць бясконца. Сярод іх і журналісты, якім, здаецца, асаблівым чынам патрэбна ўспамога і абарона нябеснага патрона. Бо менавіта супрацоўнікам СМІ выпадае складаная місія асвятляць праўду, менавіта яны часам рызыкуюць сваім жыццём у гарачых кропках, каб данесці нам чаканую навіну, менавіта яны дапамагаюць адстойваць свабоду, дадзеную Госпадам – свабоду думкі і слова.
    Выдатна, калі журналісты па прыкладзе нябеснага заступніка, св. Францішка Сальскага, сумленна і згодна з Божай воляй выконваюць сваё служэнне. Дрэнна, калі прафесійныя навыкі выкарыстоўваюцца, каб паказаць толькі частку праўды або, будучы “майстрам слова”, выдаваць хлусню за ісціну дзеля якойсьці мэты. У апошнім выпадку журналіст не толькі шкодзіць сваёй душы, але і ўводзіць у падман супольнасць, краіну, сусвет.
    Малітвы патрабуюць усе журналісты: і сумленныя, і несумленныя, і свецкія, і каталіцкія. Бо ў кожным выпадку на кон пастаўлена праўда. А там, дзе праўда, там і Бог.
   
    Малітва за каталіцкія справы ў СМІ
    Божа, праз Твайго Сына, Збаўцу свету, Ты даручыў Касцёлу місію будаўніцтва Божага Валадарства на зямлі і паслаў вучняў прапаведаваць Евангелле кожнаму стварэнню. Учыні, каб тыя, хто праз паслугу ў сродках масавай інфармацыі сведчыць пра Хрыста, напаўняліся Яго Духам, сілай і мудрасцю. Няхай стваральнікі каталіцкіх сайтаў (прэсы, фільмаў, радыё, тэлебачання і камп’ютэрных праграм) абвяшчаюць Езуса з мужнасцю і радасцю. Учыні, каб дзякуючы іх дзейнасці ўсе людзі пазналі Божую любоў і Яго план збаўлення, які закранае кожнага чалавека. Просім аб гэтым праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
   
    Малітва за тых, хто робіць зло праз СМІ
    Усемагутны Божа, ад Цябе паходзіць усё добрае і яго развіццё. Дазваляючы чалавецтву прасоўвацца ў галіне тэхналогій, Ты прагнеш, каб гэта паслужыла будаванню сапраўднай салідарнасці ў жыцці народаў. Распазнаючы і з удзячнасцю прымаючы ад Цябе шматлікія дары, даручаем Табе ўсіх, хто не клапоціцца пра адзінства, але свядома ці несвядома спрыяе распаўсюджанню праз інтэрнэт (камп’ютэрныя праграмы, прэсу, радыё, тэлебачанне ці фільмы) зла, хлусні, нянавісці і граху. Даручаем Табе тых, хто здзяйсняе злачынствы і ўсялякае беззаконне, каб адкрылі свае сэрцы на Тваю ласку і сышлі з дарогі граху. Няхай зробяць гэта, разумеючы, што іх жыццё і справы павінны прыносіць Табе хвалу. Просім аб гэтым праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  52

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.