ГРОДНА
Субота,
05 кастрычніка
2024 года
 

30-ая гадавіна смерці руплівых працаўнікоў нівы Пана

З жыцця Касцёла

Гэтыя выдатныя святары заклалi падмурак для адраджэння Касцёла ў нашай краіне, баранілi веру і ўмацоўвалi яе.
У студзені прыпадае 30-ая гадавіна смерці двух святароў: кс. прэлата Пятра Барташэвіча і кс. Фелікса Сарокі. З гэтай нагоды адбыліся св. Імшы з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага ў Жалудку (дэканат Шчучын) і Адэльску (дэканат Гродна-Захад), дзе з вялікай адданасцю служылі святары.
    Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо 30 гадоў з часу смерці ксяндзоў, у сэрцах многіх вернікаў жывуць словы, якімі яны звярталiся з амбоны. Людзі памятаюць iх навуку, прасякнутую Божай мудрасцю і глыбінёй святарскай душы, якой дзялілiся з кожным, каго сустракалi.
    Сёння можна смела сцвярджаць, што гэтыя выдатныя святары заклалi падмурак для адраджэння Касцёла ў нашай краіне, у цяжкія гады ганенняў баранілi веру і ўмацоўвалi яе.

   Кс. Пётр Барташэвіч нарадзіўся 29 чэрвеня 1914 года ў Вільні. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў з рук арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага 16 чэрвеня 1940 года.
    У пачатку 1949 года быў асуджаны на 25 гадоў лагераў, пазбаўленне грамадзянскіх правоў на 5 гадоў і канфіскацыю маёмасці. Спачатку яго накіравалі ў турму ў Оршы, адтуль – у лагер Старая Вятка ў Рэспубліцы Комі. Праз 2 гады быў высланы ў лагер Чуна ў Сібіры, адкуль вызваліўся 1 мая 1955 года.
    Святар прыбыў у Адэльск, дзе займаўся моладдзю. У мясцовай школе не было піянераў і камсамольцаў, і ўлады абвінавацілі ва ўсім ксяндза. З-за гэтага ён быў вымушаны пакінуць Адэльск і распачаць працу ў Жалудку, дзе выконваў функцыі пробашча да смерці. Адышоў у вечнасць 13 студзеня 1991 года i быў пахаваны каля магілы сваёй маці.
   
    Кс. Фелікс Сарока нарадзіўся ў 1910 годзе. У 1932–1938 гадах вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Вільні. У 1938 годзе арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.
    Быў прызначаны вікарыем у парафію ў Васількаве каля Беластока. Пасля ІІ Сусветнай вайны стаў пробашчам парафіі ў Парэччы недалёка ад Гродна. За катэхізацыю дзяцей і моладзі быў больш за 3 гады пазбаўлены савецкімі ўладамi г. зв. спраўкі.
    Падчас пераезду кс. Пятра Барташэвіча з Адэльска ў Жалудок кс. Фелікс атрымаў дазвол на душпастырскую працу ў Адэльску.
    З 1963 года да самай смерці – 15 студзеня 1991 года – выконваў там функцыю пробашча.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  88

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.