ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Адзіныя ў Хрысце – адзіныя ва ўсім

З жыцця Касцёла

Сям’я Цвяцінскіх як прыклад экуменізму на практыцыУ студзені звычайна перажываем Тыдзень малітвы аб адзінстве хрысціян. У галоўнай каталіцкай святыні Гродзенскай дыяцэзіі, касцёле св. Францішка Ксаверыя, на экуменічных набажэнствах збіраюцца прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій – як духавенства, так і свецкія вернікі, – каб засведчыць услед за папам Янам XXIII: тое, што нас яднае, значна мацнейшае за тое, што падзяляе. А што наконт экуменізму, які застаецца па-за афіцыйнымі мерапрыемствамі?
Сям’я Цвяцінскіх – Грыгорый, Эльжбета і іх дочкі Ніколь, Сафія і Аліна – існуе ўжо 10 гадоў. Яны разам вядуць быт, разам адпачываюць, разам ходзяць у касцёл і разам ушаноўваюць праваслаўныя традыцыі. І гэта цудоўна, бо не пра красамоўства, якое можам пачуць падчас набажэнства адзінства хрысціян і якое, на жаль, неаднойчы аказваецца пустым. Гэта пра экуменізм на практыцы.
Сярод усіх аповедаў пра Бога, якія Грыгорый чуў ад сваёй бабулі, праваслаўнай верніцы, ён узгадвае менавітва гісторыю пра старца ў нізка нацягнутым капюшоне, што падчас аблогі Сталінграда з’яўляўся з ніадкуль і раздаваў дзецям яблыкі. Стары – ніхто іншы як Мікалай Цудатворац, больш вядомы нам як св. Мікалай. Цікава, што ён адзін з нямногіх вынесеных да хвалы алтара, які ўшаноўваецца як у Праваслаўнай Царкве, так і ў Каталіцкім Касцёле.
   “Пра Хрыста расказвала толькі бабуля. Дзякуючы ёй мяне і ахрысцілі, але не немаўлём, а ва ўзросце 6-ці гадоў. Бацькі ж нарадзіліся ў часы савецкага атэізму, таму склалася так, што заўзятым вернікам я не быў”, – адзначае спадар Грыгорый. Практыкаваць веру ў Адзінага Збаўцу мужчына пачаў, калі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай.
    “Аднойчы яна запрасіла мяне на сустрэчу каталіцкай моладзі. Мне спадабалася, цікава было паслухаць святара. І зачасціў. Улічваючы, што сустрэчы заўсёды папярэднічала св. Імша, я прыходзіў і на яе. Спачатку складана было ўсё зразумець, бо ў касцёлах выкарыстоўваецца шмат польскай мовы, але з цягам часу ўдалося асэнсаваць пачутае”, – распавядае мужчына.
    Адметна, што, стаўшы часткай супольнасці Каталіцкага Касцёла, спадар Грыгорый не толькі не страціў веру сваіх продкаў, але і адкрыў яе нанова. “Дагэтуль малітва «Ойча Наш», якую вучыў разам з бабуляй, была прыемным успамінам з дзяцінства. Цяпер яна набыла вялікі сэнс. Я ўсвядоміў, якое багацце бабуля намагалася ў мяне ўкласці, і пачаў яшчэ больш шанаваць сямейную гісторыю мінулага пакалення. Калі прыходжу ў касцёл, заўсёды раблю знак крыжа на праваслаўны манер. Як хрысціянін я ўсё ж выйшаў з улоння Праваслаўнай Царквы, і для мяне важна захаваць пэўныя элементы”, – падкрэслівае суразмоўца.
   Царкву спадар Грыгорый таксама наведвае, але рэдка. Звычайна ходзіць туды адзін – моцна ўпадабаў праваслаўную традыцыю ставіць свечкі за памерлых і за здароўе перад абразамі. “Здараецца, еду, спяшаюся па сваіх справах і бачу – сабор, а побач пустая паркоўка. Заўсёды знайду час, каб зайсці ў храм і памаліцца”, – дадае ён.
   Аднак вялікія хрысціянскія святы сям’я Цвяцінскіх заўсёды адзначае двойчы. У вігілію каталіцкага Божага Нараджэння едуць да бацькоў спадарыні Эльжбеты, а на наступны дзень усе разам ідуць на св. Імшу ў касцёл. Праваслаўнае Раство праходзіць па той жа схеме, толькі сям’я наведвае ўжо бацькоў спадара Грыгорыя. “На Вялікдзень таксама маем падвойную радасць – у нашай сям’і Хрыстос уваскрасае двойчы. Не лянуемся і яйкі два разы пафарбаваць”, – дадае з усмешкай мужчына.
    Бацькі сям’і Цвяцінскіх з абодвух бакоў таксама праяўляюць хрысціянскую салідарнасць. “Калі прыпадае праваслаўнае свята, што адзначаюць мае мама і тата – Звеставанне, напрыклад, – бацькі Эльжбеты не выконваюць у гэты дзень ніякай цяжкай працы. Так і атрымліваецца, што прыналежнасць да розных канфесій яшчэ больш яднае сям’ю”, – распавядае спадар Грыгорый.
   Рэлігійнае выхаванне ў сям’і Цвяцінскіх таксама экуменічнае. Дзеці цяпер ходзяць у касцёл на катэхезу, падчас якой рыхтуюцца да прыняцця Першай св. Камуніі. “Аднак першыя кнігі пра Бога, якія мы ім паказвалі і чыталі, былі праваслаўнага выдання. Вельмі прыгожа ілюстраваныя. Таксама заўсёды, калі вязу дзяцей у школу, разам молімся. «Ойча наш» адгаворваем па-руску як даніну праваслаўю, а «Вітай, Марыя» – па-польску як даніну каталіцтву. Такое адрозненне робім, каб дзяўчатам было больш зразумела, што ў Хрысце мы адзіныя”, – адзначае суразмоўца. Мужчына ўпэўнены, што тыя, хто вызнае веру ў Езуса, заўсёды знойдуць супольны падмурак, на якім змогуць будаваць плённыя зносіны. Нават калі належаць да розных канфесій. Інакш – вера несапраўдная. “Галоўнае – абапірацца на любоў аднаго да другога і накіроўваць тое, што маем супольнага, у адно рэчышча. Не трэба дзяліць Хрыста”, – падсумоўвае спадар Грыгорый.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.