ГРОДНА
Аўторак,
07 мая
2024 года
 

Галоўныя падзеі 2020 года ў Касцёле на Гродзеншчыне

З жыцця Касцёла

2020 год выдаўся цяжкім – радасных падзей было куды менш, чым змрочных. Аднак, падводзячы вынікі, трэба памятаць, што Божае святло можа асвяціць любую цемру.
Захапляліся адрадзіўшыміся інтэр’ерамі святынь
    Дзве святыні ў Гродне ўзбагаціліся адноўленымі алтарамі. У касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў жніўні асвяцілі новапабудаваны галоўны алтар, а ў кастрычніку ў касцёле св. Францішка Ксаверыя – адрэстаўрыраваны 300-гадовы алтар св. Юды Тадэвуша. Асаблівасцямі працы над першым дзеліцца рэктар касцёла кс. канонік Антоній Грэмза.
Вядома, пышнасць інтэр’ера святынь здаўна мела на мэце адлюстраваць веліч Бога і выклікаць трапятанне вернікаў перад Усявышнім. Устаноўлены алтар у пабрыгіцкім касцёле, які з’яўляецца дакладнай копіяй алтара з XVII стагоддзя, служыць цяпер добрым прыкладам гэтаму сцвярджэнню. Мне асабіста даводзіцца назіраць, што новы алтар выклікае ў вернікаў захапленне, прабуджае прагу яшчэ большага пакланення Пану. Яго прыгажосць прыцягвае позірк і запальвае жаданне трываць на малітве ў Божай прысутнасці.
    Падчас працы над падобнымі гістарычнымі шэдэўрамі заўсёды ўзнікае шмат цікавых момантаў. Я б вылучыў працэс вырабу 4-ох пазалочаных калон, якія размяшчаюцца парамі з правага і левага боку ад табернакля і з’яўляюцца ўнікальнымі часткамі алтара. Яны маюць спіральную форму і дасягаюць амаль 4-метровай вышыні. Усе калоны складаюцца з 6-ці спіральных частак, кожная з якіх мае ў сабе 96 кг, і завяршаюцца карынцкімі наканечнікамі. Такім чынам, адна калона важыць 576 кг! Гіпсавыя часткі калон адлівалі ў адмысловай форме, зробленай з дапамогай камп’ютэрнай графічнай праграмы. Пасля, калі яны застылі, падымалі на лябёдках і змацоўвалі разам на металічнай канструкцыі. У выніку майстар выканаў і размясціў кожную калону такім чынам, каб на іх не абапіраўся трохкутны дах алтара. Адметна, што калоны алтара прыпамінаюць калоны працы італьянскага майстра Берніні з базілікі св. Пятра ў Рыме. Атрымліваецца, мы маем у нашым касцёле цуд сучаснага рэнесансу – спалучэнне актуальных тэхналогій з мінулай тэхнікай у выкананні калон.
   
    Дзякавалі за дар кансэкраваных асоб
    Гораду над Нёманам у лютым давялося вітаць прадстаўнікоў усіх манаскіх супольнасцей нашай краіны на агульнабеларускім Дні кансэкраванага жыцця. Мужчыны і жанчыны, якія прысвяцілі сваё жыццё Хрысту, мелі магчымасць лепш пазнаць харызмы адзін аднаго. Разам з тым падвялі вынікі служэння пасля вяртання кансэкраваных асоб у вольную ад савецкага атэізму Беларусь. Аднымі з першых у краіну тады прыбылі айцы кармэліты босыя, якія сёлета асаблівым чынам дзякавалі Богу за тры дзесяцігоддзі з часу аднаўлення служэння манахаў гэтага ордэна ў Беларусі. Падсумоўвае перажыты перыяд а. Казімір Мараўскі OCD, душпастыр з парафіі Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі.
    Галоўным плёнам нашай прысутнасці на беларускай зямлі лічу тое, што яна дала Ордэну 9 новых братоў. Цяпер мы сваёй вялікай супольнасцю можам узяць пад апеку куды большую колькасць вернікаў і навучыць іх будаваць глыбокія, даверлівыя адносіны з Госпадам на падставе малітвы. Мы ўжо многім дапамаглі ўсвядоміць, што яны кожную хвіліну знаходзяцца ў прысутнасці добрага Бога.
    Каб дадаць смеласці тым, хто чуе ціхі заклік Пана пайсці за Ім, адзначу: вам дастаткова абаперці сваё жыццё на веру і любоў, умець радавацца і быць адкрытым на бліжняга, і зможаце без цяжкасцей адаптавацца ва ўмовах кляштара.
   
    Прымалі Хрыста анлайн
    Пандэмія каранавіруса скаланула ўвесь зямны шар і ўнесла свае карэктывы ў паўсядзённае жыццё людзей. Змены прыйшлі і ў функцыянаванне Каталіцкага Касцёла. Большасць звыклых мерпапрыемстваў былі скасаваны: летам мы засталіся без пілігрымак, зімой – без аплаткавых сустрэч. Аднак галоўным новаўвядзеннем стала дыстанцыйная св. Імша і духоўная св. Камунія. Пра часовае скасаванне абавязку прысутнасці на нядзельнай службе і наступствы для душ вернікаў разважае кс. Павел Эйсмант, куратар першага курсу Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Мінску.
    Лічу, што ў наяўнай сітуацыі анлайн удзел у Эўхарыстыі – гэта добрае выйсце. Вернікі могуць пачуць Божае слова і адказаць на малітоўныя заклікі святара, знаходзячыся дома, перад экранам камп’ютэра або тэлевізара, ці перад радыёпрыёмнікам. Несумненным плюсам трансляцый з’яўляецца тое, што ў св. Імшы могуць прыняць удзел хворыя, сталыя людзі і інваліды, якія не маюць магчымасці наведваць касцёл самастойна. Гэта з’яўляецца перавагай і для людзей, якія працуюць у нядзелю, аднак могуць уключыць прамую трансляцыю. У пэўнай ступені св. Імша анлайн выконвае евангелізацыйную функцыю, бо далучыцца да яе можа кожны, нават няверуючы. Хоць эфектыўнасць такога метаду распаўсюджання Божага слова застаецца спрэчным пытаннем.
    Нягледзячы на пазітыўныя моманты, існуе некалькі адмоўных фактараў. Па-першае, трансляцыя не можа замяніць жывога ўдзелу ў сакрамантах Касцёла, сустрэчы з Езусам у святыні і прыняцця Яго ў св. Камуніі. Па-другое, на жаль, прамая трансляцыя можа ўспрымацца некаторымі вернікамі як фільм або спектакль, які можна толькі “праглядзець” або “праслухаць” без актыўнага ўласнага ўдзелу. Таму нярэдка падчас трансляцыі яны дазваляюць сабе спажываць ежу ці піць каву, што з’яўляецца недапушчальным. Па-трэцяе, дыспенса, якая дзейнічае для тых, хто рэальна знаходзіцца пад пагрозай здароўю і жыццю, часта становіцца нагодай для апраўдання адсутнасці на нядзельнай св. Імшы для тых людзей, якія лянуюцца прыйсці ў касцёл.
    Таму нічога дзіўнага, што колькасць вернікаў у святынях рэзка паменшылася – як мінімум, на палову. Прыводжу гэтую статыстыку з уласнага вопыту, бо падчас пандэміі я наведваў парафіі ва ўсіх 4-ох дыяцэзіях Беларусі. Добрым адлюстраваннем сітуацыі можа быць наступнае параўнанне: у краму тыя ж вернікі ходзяць рэгулярна, на працу таксама, штодзённа водзяць дзяцей у садок і школу. А ў касцёл? Няўжо ён з’яўляецца галоўным месцам распаўсюджання заразы?..
    У выніку бачым, што анлайн-трансляцыя св. Імшы – гэта толькі сродак, які можа як наблізіць чалавека да Бога, так і спыніць развіццё яго духоўнага жыцця.
   
    Страцілі і вярнулі арцыбіскупа
    З 31 жніўня па 24 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч знаходзіўся за мяжой па прычыне забароны вяртання на Радзіму.
    Яшчэ 23 жніўня вернікі Гродна віталі арцыбіскупа ў пабрыгіцкім касцёле на ўрачыстасці адкрыцця адноўленага алтара, а ўжо праз тыдзень не маглі акрыяць ад шоку пасля навіны аб выгнанні Мітрапаліта. У той жа дзень мясцовыя католікі сабраліся пад галоўнай святыняй горада над Нёманам, каб прасіць Усявышняга аб вяртанні галавы Каталіцкага Касцёла Беларусі да народу. Людзі, якія апынуліся ў складаных ўмовах грамадска-палітычнага крызісу, адчувалі асаблівую патрэбу ў духоўнай падтрымцы Мітрапаліта, які неаднаразова заклікаў да прымірэння пасля пратэстаў.
    Ва ўсіх святынях дыяцэзіі пачалі ўзносіцца прашэнні аб вырашэнні “справы арцыбіскупа”. Вернікі маліліся ў гэтай інтэнцыі падчас св. Імшаў і адарацый, падчас адмысловых службаў за Беларусь і тэматычных сустрэч – напрыклад, падчас Агульнабеларускага дня малітвы кансэкраваных асоб аб хутчэйшым вяртанні арцыбіскупа Кандрусевіча. Адметным стала тое, што да малітвы ў гэтай інтэнцыі далучыліся і прадстаўнікі іншых канфесій – духоўныя і свецкія асобы з Праваслаўнай і Пратэстанцкай Цэркваў. Малітвы былі выслуханы і адбыўся цуд. Па-сямейнаму ўтульнае свята Божага Нараджэння арцыбіскуп сустракаў разам са сваёй сям’ёй – вялікай супольнасцю вернікаў Касцёла на Бацькаўшчыне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  239

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.