ГРОДНА
Серада,
17 красавіка
2024 года
 

Таямніца Божага Нараджэння

На шляху да святасці

Крыніца фота wikimedia.org. Паклон Трох Каралёў, Андрэа Мантэнья, каля 1466 г.Перажываем найпрыгажэйшы перыяд у літургічным календары – час чакання Месіі. Але ці выходзяць нашы веды пра Божае Нараджэнне за межы агульнай традыцыі?
Усе памятаем, што ў людскіх дамах не знайшлося месца для Дзіцятка Езуса і што Ён нарадзіўся ў беднай стайні. Мы таксама перакананы, што першымі прывіталі Збаўцу пастухі. Затым зорка асвяціла дарогу і прывяла да стайні Трох Каралёў, каб паднеслі Езусу каштоўныя дары. Святкуючы, мы таксама чакаем, калі першая зорка асвеціць цемру на небе, каб у коле сям’і сесці за вігілійны стол. Затым запальваем свечку, спажываем 12 страў і дзелімся аплаткай. Так дыктуе традыцыя. Аднак ці задаёмся пытаннем, чаму святкуем менавіта так, а не інакш? Ці ёсць у гэтым нейкі глыбейшы сэнс? У рэшце рэшт, усё, што робіць Бог, невыпадкова, і ў многіх з’явах утоена вельмі дакладная і праніклівая сімволіка. Запрашаю на невялікую вандроўку вакол вялікай таямніцы Божага Нараджэння!
Каб усвядоміць усю глыбіню гэтага свята, трэба прыглядзецца, кім быў доўгачаканы Месія ў габрэйскай традыцыі.
    На іўрыце выраз ‘Masziach’ (грэч. Messias або Christos) – памазаны, намашчаны – азначае асобу, абраную для выканання пэўных функцый, а таксама надзеленую важнай місіяй у Ізраілі: а менавіта святароў (параўн. Зых 29, 7), прарокаў (параўн. 1 Вал 19, 16) альбо каралёў. Пан Езус пра сваю місію гаварыў так: “Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім. Паслаў мяне перавязваць раны змучаных сэрцаў, прапаведаваць вызваленне палонным і вязням – свабоду” (Іс 61, 1).
    Чаму такая важная постаць як Месія, Сын Найвышэйшага Бога, нарадзіўся ў беднай стайні, акружаны авечкамі? Ці ж не мог усемагутны Бог арганізаваць для Яго больш годныя ўмовы? Дык вось, гэта адбылося, перш за ўсё, таму, што Езус Хрыстус з дня свайго нараджэння пачаў выконваць даручаную Яму місію, якая заключалася ў вызваленні чалавецтва ад зняволення грахом і ад яго наступстваў, г. зн. праклёнаў убоства, голаду, холаду, прыніжэння, хваробы, непрыняцця і смерці. Таму з першых дзён Уцелаўлення на долю Божага Сына выпалі ўбоства, голад, холад і прыніжэнне. Больш за тое, гэта было прадвесцем здзяйснення прароцтва пра тое, што Хрыстос стане ахвярным баранкам, які сваёй Крывёю змые грахі чалавецтва (параўн. 1 П 1, 18–19).
    У сваю чаргу горад Бэтлеем (іўр. Bêt Lehem, даслоўна “Дом Хлеба”; араб. Byte Lahm, даслоўна “Дом Мяса”) стаў прадвесцем поўнай адданасці Хрыста як спажытку для чалавецтва. Жыхары Бэтлеема адварочваліся ад Езуса, таму што зачарсцвелы сэрцам, пагружаны ў грэх народ Ізраіля павінен быў адмовіцца і не прыняць свайго Месію.
    Невыпадковыя і імёны мудрацоў, якія прыйшлі з Усходу, каб прывітаць Збаўцу і сапраўды па-каралеўску ўшанаваць Яго. Імя Каспер было запазычана з персідскай мовы ў іўрыт і арамейскую мову, і ў арыгінале гучала як ‘gizbar’, што азначае абавязак чалавека, які захоўваў скарбніцу, хавальніка казны, скарбніка. Хутчэй за ўсё, гэта мудрэц па імені Каспер прынёс Езусу ў дар золата, што само па сабе сімвалізуе годнасць і каралеўскую ўладу, каб прывітаць Караля Сусвету, якому належаць усе скарбы.
    У імені Мельхіёр выразна гучаць два габрэйскія словы: ‘melech’ (кароль) і ‘or’ (святло), што азначае “Мой кароль (гэта) святло”. Якое трапнае імя для чалавека, што павінен быў прывітаць Святло праўды сярод цемры граху і хлусні. Міра, складзенае ў дар Мельхіёрам, выкарыстоўвалася ў біблейскія часы падчас пахавальных урачыстасцей. Яно абвяшчала здзяйсненне старазапаветнага прароцтва пра Месію і прадказвала Яго муку і крыжовую смерць.
    Імя Бальтазар, у сваю чаргу, мае вавілонскае паходжанне (Bēl-šar-ușur) і запазычана ў іўрыт у форме ‘Beltszassar’, што азначае “Хай Бог ахоўвае Караля!”. Імя давалася пры вавілонскіх дварах у якасці пажадання працвітання правіцелю. Магчыма, менавіта мудрэц з такім вытанчаным імем прынёс маленькаму Каралю ў дар ладан. Гэта сімвалізавала святарскую годнасць. У Старым Запавеце святар абкаджваў складваемую ахвяру, каб яна ўзнялася да Бога і была прынята. Ладан таксама выкарыстоўваўся як дэзінфікуючы сродак і ахова ад псавання. Трое Мудрацоў праз свае містычныя дары абвяшчалі праўду пра Таго, каму пакланіліся.
    Вігілійная вячэра таксама мае невыпадковае і вялікае значэнне. У традыцыі Усходу на супольную вячэру запрашаліся толькі самыя давераныя асобы, з якімі заключаўся мірны запавет, якім можна было бязмежна давяраць, хто быў гатовы пайсці нават на смерць, каб абараніць гаспадара і яго сям’ю. Вігілійны стол, па прыкладзе алтара, становіцца сімвалам месца сустрэчы чалавека з Богам, які прагне з намі з’яднацца, накарміць, абараніць ад голаду і холаду, псавання і смерці. Падобным чынам, як безабароннае Немаўля Езус было выратавана ад злога Ірада, так і мы – дзеці ў вачах Бога Айца, які хоча абараніць нас ад варожых сіл цемры. А праз ламанне аплаткай сам Бог заключае з людзьмі запавет міру.
    Такім чынам, бачым, якая вялікая мудрасць і Божая любоў была ўтоена ў з’яве Божага Нараджэння. Не будзем паўтараць памылку жыхароў Бэтлеема, асабліва ў час, калі здаецца, што духоўная цемра ахоплівае ўсе сферы нашага жыцця. Давайце шырока адчынім дзверы свайго сэрца і прывітаем Дзіцятка Езуса, каб таксама стаць Божымі дзецьмі і ўбачыць святло праўды. Пажадаем, каб Хрыстос сеў за наш стол як Кароль, Найвышэйшы Святар і Князь Супакою, бо толькі Ён мае ўладу і моц на небе і на зямлі, каб вызваліць ад няшчасцяў, пераследаў і праклёнаў, каб абараняць ад зла і бласлаўляць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  259

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.