ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Адамавічы

Парафіі і святыні

Фота А. Вашкевіч. Парафіяльная святыня ў АдамавічахКалі ехаць з Гродна ў бок Сапоцкіна і Аўгустоўcкага канала, можна ўбачыць справа ад дарогі касцёл у Адамавічах. Белая святыня вельмі прыгожа вылучаецца сярод маляўнічых зялёных пагоркаў Прынёмання.
    Адамавіцкая парафія ўжо амаль урасла ў Гродна. Да таго ж, мясцовасць заўжды была цесна звязана з горадам. Гэтыя землі з даўніх часоў належалі рамеснай цэхавай эліце Гродна і гарадскому патрыцыяту. Ад прозвішчаў высокапастаўленых гродзенцаў і ўзніклі паселішчы Адамавічы і Міцкевічы.
Некаторыя прадстаўнікі рода Адамовічаў адыгрывалі значную ролю ў жыцці горада і нават займалі пасаду бурмістра. Зразумела, што яны павінны былі прыняць каталіцтва ў ліку першых. Таму не выклікае здзіўлення, што ў XVII стагоддзі манахіні ордэна св. Клары (бернардынкі) заснавалі ў Адамавічах невялікую драўляную каплічку. Перапіс 1677 года згадвае ў тутэйшым касцёле цудадзейны абраз Маці Божай Адамавіцкай.
    Парафіі ў Адамавічах не было яшчэ ў канцы ХVIII стагоддзя, а навакольныя вёскі фармальна адносіліся да парафіі ў Гожы. Большасць рыма-католікаў наведвалі касцёлы Гродна, а грэка-католікі маліліся ў святынях у Балі ці Лабне. Пасля 1795 года Гожа апынулася ў складзе Расіі, а Адамавічы – у Прусіі. Нямецкія ўлады запатрабавалі стварыць асобную каталіцкую парафію. Так паўстала парафія ў Адамавічах.
    Спачатку службы адбываліся ў каплічцы бернардынак. Парафіі было выдзелена 9 валок зямлі, а таксама зямля пад могілкі. Пазней збудавана плябанія. Касцёл наведвалі гродзенскія мяшчане, якія мелі ўласнасць на левым беразе Нёмана. Бліжэй сярэдзіны ХІХ стагоддзя парафія стала дастаткова вялікай.
    У яе ўваходзілі двары Караліно і Лабна, ваколіца Падлабенне і больш дзесятка вёсак, у тым ліку Ласосна, Адамавічы, Польныя Багатыры, Пушкары, Салаўі.
    Гісторыя будаўніцтва касцёла цягнулася больш за дзесяць гадоў. Спачатку абмяркоўвалася магчымасць пабудовы драўлянай святыні, аднак Касцёльны Дазор вельмі хацеў касцёл з цэглы. Конкурс на пабудову храма абвяшчалі тройчы, але за прапанаваныя сродкі ніхто не хацеў брацца. У выніку будоўлю “гаспадарчым спосабам” пачаў сам Спірыдон Гансоўскі, уладальнік Караліно і кіраўнік Касцёльнага Дазору.
    Мураваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў узведзены ў 1854 годзе. Святыня ў стылі позняга класіцызму абнесена бутавай агароджай з вуглавымі капліцамі і трохслупнай брамай, абсаджанай невялікім скверам. Аб’ёмнапрасторавая кампазіцыя храма спалучае прамавугольны асноўны аб’ём з квадратнай званіцай над яго галоўным фасадам. Унутраная прастора падзелена аркавымі прасветамі на малітоўную залу ды апсіду з бакавымі закрыстыямі і хорамі.
    Жыхары Адамавіч, як і мясцовыя пробашчы, заўжды вылучаліся патрыятызмам і палітычнай актыўнасцю. Так у канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя святароў неаднойчы штрафавалі за спавяданне былых уніятаў, падазравалі ў малітвах за адраджэнне былой Рэчы Паспалітай. У 1905 годзе пляц перад касцёлам неаднойчы быў месцам выступленняў аратараў сацыялістаў, якія заклікалі парафіян змагацца з царызмам. Аднак касцёл не пераставаў дзейнічаць.
    Пасля Другой сусветнай вайны святыня была часткова знішчана, але адноўлена ў 1990-ых гадах. Сёння яна ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.