ГРОДНА
Панядзелак,
15 красавіка
2024 года
 

Лепшае заўтра залежыць ад нас цяперашніх

На шляху да святасці

Крыніца фота vaticannews.vaУ прыпавесці пра чужынца на дарозе няма таго, хто хацеў бы дапамагчы, але абставіны не дазволілі...
Новая энцыкліка папы Францішка “Fratelli tutti” (“Усе браты”), выдадзеная ў кастрычніку бягучага года, мае шмат аспектаў, карысных і каштоўных для разважання ў наш час. Аднак у канчатковым рахунку яна прапануе задумацца аб будучыні грамадства. Якая будучыня магла б стаць натхненнем для нашых высілкаў і адрачэнняў? Дзеля чаго ўсе мы нешта робім, змагаемся, ахвяруем сабой?
Жыццё ў рэжыме “тушэння пажараў” – вырашэння пільных пытанняў, якія навальваюцца адно за адным, – зусім не спрыяе пошуку адказаў на іх. І усё ж, варта час ад часу прыпыніцца і паглядзець на некалькі крокаў наперад, паразважаць, чаму адзіным выйсцем для чалавецтва Святы Айцец бачыць паўсюднае братэрства.
   Крыніца фота vaticannews.va У першым раздзеле энцыклікі папа Францішак прапануе свайго роду дыягностыку становішча сучаснага свету, як заўсёды дакладную і праніклівую. А перад тым, як указаць на спосабы вырашэння праблем, ён запрашае засяродзіцца на прыпавесці пра міласэрнага самараніна. Менавіта падчас чытання гэтага раздзела са мной здарыўся выпадак, на які я, напэўна, не звярнула б увагі, калі б не словы Папы, над якімі якраз спынілася…
    Нядаўна замест старога аўтамабіля мы купілі навейшы. Пасля рэгістрацыі я вярталася на ім дадому. Прыслухоўвалася да новых гукаў і сваіх адчуванняў. Разважала, ці будзе зручна вазіць дзяцей. Будзе лепш ці горш? Мабыць, лепш…
    Перад з’ездам на МКАД на ўзбоччы дарогі, якая ішла крыху ўгору, стаяў чалавек з паднятай рукой і кавалкам картону, на якім было напісана месца, куды ён прасіў падвезці. Здаецца, мне было па дарозе.
    Ужо выехаўшы на МКАД, я сфармулявала ў галаве ажно некалькі прычын, чаму не спынілася: было нязручна, за мной рухаўся вялікі шэраг машын на нешырокай дарозе, позна ўбачыла, я і так часта падбіраю людзей і г. д.
    Але скрозь увесь гэты “туман” усё ж прабіўся праўдзівы сэнс таго, што адбылося: у момант атрымання Божага падарунка (у выглядзе новага аўто) я не здолела скарыстаць магчымасць дапамагчы чалавеку ў патрэбе. Вядома, што здольнасці, пасады, магчымасці, сродкі даюцца не толькі дзеля асабістага ўжытку, але і на карысць тых, каго сустракаем на сваім шляху. Не адна тысяча гадоў “залатому правілу”: рабі іншым тое, чаго прагнеш, каб зрабілі табе. Аднак на практыцы такое кола “іншых” часта абмяжоўваецца тымі, хто падабаецца, становіцца блізкім. Хрысціянскае ж паняцце “бліжняга” нашмат шырэйшае. Калі выбар адносна лёгкі, то нават прыемна пабыць велікадушным чалавекам. А калі выбар такі, перад якім апынуўся самаранін з прыпавесці Езуса?
    Папа Францішак, тлумачачы кантэкст і змест прыпавесці, піша: “Езус апавядае, што адзін чалавек пасля нападу разбойнікаў, пабіты, ляжаў пры дарозе. Яго абміналі розныя асобы і, не затрымліваючыся, ішлі далей. Яны былі людзьмі, якія выконвалі розныя важныя функцыі ў грамадстве, аднак іх не хвалявала агульнае дабро. Яны не змаглі прысвяціць некалькі хвілін, каб паклапаціцца аб параненым ці, прынамсі, пашукаць дапамогі. Толькі адзін спыніўся, падышоў да чалавека і сам стаў лячыць яго. Заплаціў з уласнай кішэні, каб задаволіць яго патрэбы. Перш за ўсё, даў тое, чаго і нам часта не хапае ў гэтым паспешлівым свеце: даў яму свой час” (FT, 63).
    “Цікава, – адзначае Папа далей, – як розніца паміж героямі гэтай прыпавесці поўнасцю змяняецца падчас балеснай сустрэчы з чалавекам, які ўпаў, прыніжаны. Ужо няма істотнай розніцы паміж жыхаром Юдэі і жыхаром Самарыі, святаром і гандляром; ёсць толькі два тыпы асоб: тыя, хто церпіць, і тыя, хто абмінае іх здалёк; тыя, хто схіляецца і распазнае ў тым, хто ўпаў, чалавека, і тыя, хто адводзіць позірк і паскарае крок. Нашы розныя маскі, нашы этыкеткі і нашы маскіроўкі сапраўды спадаюць: наступае момант праўды. Ці схіляемся мы, каб дакрануцца і перавязаць раны іншых? Ці схіляемся, каб узяць адзін аднаго на плечы? Гэта сённяшні выклік, якога не трэба баяцца. У крызісныя моманты выбар становіцца неадкладным: можна сказаць, што ў гэты момант кожны, хто не з’яўляецца злачынцам, і кожны, хто не праходзіць міма, або паранены, або нясе на сваіх плячах кагосьці параненага” (FT, 70).
    Магчыма, занадта доўгія выбрала цытаты… Але, насамрэч, увесь гэты раздзел пад назвай “Чужынец на дарозе” вельмі красамоўны. Няма “трэцяга вобразу” ў прыпавесці – постаці таго, хто хацеў бы дапамагчы, але абставіны не дазволілі. Разам са сваімі апраўданнямі ён праходзіць міма, паскараючы крок.
    І тут важна не асуджаць (сябе і іншых), але, убачыўшы ўласны учынак у праўдзе, наступным разам з Божай дапамогай зрабіць лепшы выбар.
    Праз свой аповед аб занядбанні дапамогі бліжняму я не заклікаю заўсёды і без разваг падбіраць і падвозіць усіх падарожных, а хачу сказаць аб патрэбе чуйнасці і міласэрнасці – і да людзей, якія навокал, і да саміх сябе, якім таксама не хапае магчымасцей, сродкаў і сіл даць рады з кожным людскім горам. Тым не менш, такое пачуццё слабасці і маласці не павінна рабіць жорсткімі нашы сэрцы, а нас – закрытымі і неадчувальнымі. Тымі матэрыяльнымі і духоўнымі дабротамі, якія Бог уклаў у нашы рукі ў гэты момант, хоць бы яны выглядалі дробязямі, мы можам распарадзіцца на карысць іншых і Яго хвалу.
    “Змрок замкнёнага свету” – так назваў Папа першы раздзел энцыклікі, у якім разгледзеў складаныя і балючыя праблемы сучаснасці. Напэўна, ніхто не пажадаў бы сабе і нашчадкам, каб гэты змрок паглыбляўся, а не развейваўся. Аднак набліжэнне лепшых часоў залежыць ад нас цяперашніх і ад нашага штодзённага выбару, бо, гледзячы на нас, растуць і сталеюць нашы дзеці. “Будзем жа марыць, як адна чалавечая сям’я, як вандроўнікі, створаныя з таго самага чалавечага цела, як дзеці той самай зямлі, якая ўсіх нас прыняла, кожнага з багаццем яго веры і перакананняў, кожнага з яго ўласным голасам, усіх, як братоў!” (FT, 8).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
red
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  261

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.