ГРОДНА
Нядзеля,
28 красавіка
2024 года
 

Столькі радасці, нібы дзень нараджэння не толькі ў Езуса, але і ў кожнага з нас!

Інтэрв'ю

Надзея Бука – папулярная беларуская мастачка, вынаходніца незвычайнага стылю выцінанкі – “буцінанкі” – і стваральніца дзіўнага казачнага сусвету, які насяляе шэраг дабрадушных істот. Надзя – каталічка, якая не аддзяляе веру ад творчасці і напаўняе свае працы хрысціянскім сэнсам. У сённяшнім нумары “Слова Жыцця” разважаем з мастачкай аб Божым Нараджэнні праз прызму творчасці.
– Адзін з цэнтральных вобразаў у Вашай творчасці – Піглас, які прадстае ў выглядзе вока з крыламі, заўсёды чувае і вучыць добрым учынкам. Чым Вы натхняліся, калі стваралі яго?
    – Гэтага персанажа я прыдумала спантанна 10 гадоў таму. Шпацыравала па горадзе, калі раптам Святы Дух паслаў мне ідэю: цудоўна, каб у нашай сучаснасці была міфічная істота, якая ахоўвала б чалавека і была бачна толькі таму, каму належыць. У нас, хрысціян, такую ролю выконвае Анёл-ахоўнік. А Піглас – гэта як маленькі памагаты Анёлаў. Ён яшчэ служыць прыкладам для пераймання: у сваёй бясконцай дабрыні заўсёды робіць штосьці годнае. Спачатку Піглас з’явіўся на карціне, а пасля стаў галоўным героем байкі, якая выйшла ўжо ў 2-юх частках. Цешыць, што яго палюбілі дзеці: у лістах яны прызнаюцца мне, што Піглас натхняе іх паводзіць сябе сумленна.
   
    – Як Вы намацваеце кропку перасячэння дзвюх плоскасцей – веры і творчасці? У чым бачыце плён?
    – Калі мастак вызнае веру ў Хрыста, гэта заўсёды будзе мець вялікі ўплыў на яго творчасць. Штораз, перш чым сесці рабіць ілюстрацыю, я прашу Бога, каб дапамог мне як мага дакладней перадаць на паперы задуму, што маю ў галаве.
    Увогуле, у мяне шмат прац на хрысціянскія тэмы. Ствараю іх праз прызму свайго ўспрымання сучаснага свету. Адна з ключавых работ называецца “Раніца”. На ёй дзяўчына ў чырвоных калготах, справа ад яе ружанец, злева – кубак кавы. Лічу, вельмі важна, каб сімвал веры чалавек мог сузіраць праз знаёмыя, звыклыя для яго вобразы.
    4 гады таму я адкрыла студыю малявання “Крылы натхнення” пры мінскім касцёле св. Роха. Сярод навучэнцаў – і дзеці, і дарослыя. Першых гэта забаўляе і развівае, другім дазваляе разгрузіцца і расслабіцца. Кожны ўрок мы пачынаем і заканчваем супольнай малітвай.
    Студыю наведваюць не толькі католікі, але і праваслаўныя, і тыя з хрысціян, хто амаль не практыкуе веру. Зважаючы на тое, што заняткі адбываюцца ў будні, хтосьці пачаў пакрысе хадзіць на св. Імшу пасярод тыдня – проста заставаўся пасля ўрока. Былі выпадкі, што пасля наведвання студыі некаторыя дзеці прыступілі да першай св. Камуніі, хаця раней іх бацькі не збіраліся рыхтаваць іх да сакраманту. Я ўдзячная Богу за гэтую місію: весці людзей да Нябеснага Айца праз мастацтва. І спадзяюся, што кожны з іх прыйшоў да Яго надоўга.
   
    – Выяўленчае мастацтва выкладаеце не толькі ў Мінску, але і ездзіце з майстар-класамі па Беларусі. Неаднаразова наведвалі і нашу дыяцэзію. Распавядзіце, калі ласка, пра гэтыя візіты, большасць з якіх якраз была прысвечана тэме надыходзячага Раства.
    Ілюстрацыі  да любімага  дзецьмі  зборніка вершаў  “Святы Мікалай,  да нас завітай!”– Падчас майстар-класаў на тэму Божага Нараджэння старэйшым дзецям я звычайна прапаную рабіць святочныя паштоўкі, каб пасля яны маглі спрэзентаваць іх сваім родным.
    А з самымі маленькімі мы малюем Анёлаў-ахоўнікаў.
    Існуе такая тэорыя, нібы нашы Анёлы-ахоўнікі моцна падобны да нас і носяць нашы імёны. І звычайна я даю вучням заданне адлюстраваць гэтага анёла так, каб ён быў як кропля вады падобны да аўтара. Зразумела, дзеці пачынаюць жаліцца, што не атрымаецца… Але заўсёды атрымліваецца! Часта дзякуючы маленькім характэрным элементам: ці то слухаўкі, ці то прычоска і колер валасоў…
    Памятаю, цікавы эксперымент мы зрабілі ў Воранаве. Кожны з хлопчыкаў і дзяўчынак намаляваў свайго Анёла, а пасля мы паклікалі кс. Яўгена Эйсманта, каб ён па гэтых малюнках пазнаў, дзе чый “аўтапартрэт”. І ў 90 % выпадкаў ён адгадаў, хоць узрост маленькіх мастакоў быў да 9-ці гадоў. Ці не фантастыка?
   
    – Так, чароўная атмасфера і асаблівы каларыт уласіцвы Раству. Напэўна, гэта прываблівае творчых людзей. Якое адлюстраванне таямніца Нараджэння Збаўцы атрымала ў Вашым мастацтве?
    – Сапраўды, Каляды – маё любімае свята. Я візуал, і для мяне важна нагляднае ўспрыманне таго, што адбываецца. Прыгожыя атрыбуты Раства знаходзяць ува мне жывы водгук: елка, агеньчыкі, пустыя яслі, у якіх пасля з’яўляецца фігурка Дзіцяці… Момант унясення ў святыню фігуркі маленькага Езуса заўсёды выклікае слёзы радасці ў вачах. Я маці двух сыноў, і мне зразумела тое, што адчувала Марыя пасля родаў.
    Адзначу, што хрысціянскія калядныя ілюстрацыі займаюць значную частку майго творчага жыцця. Я рабіла серыю адмысловых паштовак, якія распаўсюджваліся ў касцёлах. Са святарамі адразу дамовіліся, што ўсе атрыманыя грошы пойдуць на падарункі дзецям, якія сёлета маюць асаблівую патрэбу ў дадатковых пазітыўных эмоцыях.
    2 гады таму да мяне звярнуліся з прапановай – стаць адным з ілюстратараў новага зборніка калядных вершаў для дзяцей “Святы Мікалай, да нас завітай!”. Я намагалася зрабіць усё так, каб хрысціянскія вобразы і сэнсы былі максімальна зразумелыя. Нават пры размалёўванні выкарыстоўвала не фарбы, але больш блізкія дзецям маркеры, толькі спецыялізаваныя, для прафесійных ілюстратараў. І ўжо на прэзентацыі зборніка па першай рэакцыі было бачна, што маленькім гасцям вельмі спадабалася.
    Да верша “Вігілія Божага Нараджэння” намалявала сучасную сям’ю, якая сабралася за супольным сталом і дзеліцца аплаткай. Тата – з барадой і завушніцай. Побач мама, дачка і кот, які сочыць за полымем свечкі. Ёсць ілюстрацыя хлопчыка, што назірае за месяцам, на якім спіць маленькі Езус, і чакае, калі Ён прачнецца. Музыку, якая льецца з калядных званочкаў, адлюстравала ў выглядзе святла, скрозь якое ляцяць сняжынкі. Кніга стала папулярнай. Яна і цяпер ёсць ва ўсіх парафіях Мінска, і пры жаданні яе можна замовіць у іншыя дыяцэзіі. Сёлета я ўпершыню занялася размалёўкай ёлачных цацак.
    Дарэчы, большасць замоў паступае менавіта з Гродна. На шарах адлюстроўваю зімні горад, у якім адзначаюць Раство. Атмасферу свята перадаю праз выяву касцёла. Гэтай надае цаццы асаблівы сэнс: на ёй месца, дзе жывуць шчаслівыя людзі, пануе супакой, вера і любоў. Людзі адчуваюць пасыл, таму і попыт ёсць.
   
Запрасіць Надзею Буку ў парафію правесці майстар-клас можна, звярнуўшыся да яе ў сацыяльных сетках: Facebook, Vkontakte ці праз Instagram (@nadia_buka). Творчыя заняткі мастачка арганізуе за ахвяраванне.

    – Сёлета краіна адзначае Раство ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу. Ваша парада: як захаваць святочную радасць, калі навокал разлад?
    – Зразумела, складана засяродзіцца на радасці, калі, напрыклад, святароў арыштоўваюць, мітрапаліт знаходзіцца ў выгнанні. А так хочацца ўбачыць галаву Каталіцкага Касцёла дома на Каляды!
    Мы, беларусы, ідзём цяпер па цёмным тунэлі. Аднак варта адзначыць, што напрыканцы тунэля заўсёды гарыць святло. Мы думалі, што пераадольванне гэтай адлегласці будзе спрынтам, але аказалася – марафон. Я лічу, што тут ёсць Божы Провід, і Яго справядлівасць трыумфуе не толькі ў Небе, але і на зямлі. Адсюль і трэба чэрпаць радаснае натхненне.
    Яшчэ можна пастарацца дадаць пазітыўных эмоцый у паўсядзённасць! Напрыклад, раней паставіць ялінку. І памятаць, што на Раство заўсёды здараецца цуд, галоўны з якіх – з’яўленне Дзіцятка Езуса сярод нас, няглядзечы ні на якія абставіны…
   
    – Як праходзіць свята Божага Нараджэння ў такога творчага чалавека, як Вы? Неардынарна ці традыцыйна?
    – Традыцыйна. Пастэрка ў касцёле, дзяленне аплаткай, сена пад абрусам, падарункі пад елкай, наведванне родных.
    Неардынарнасцю ў гэтым пытанні хутчэй адрозніваюцца мае дзеці. Малодшы піша адразу два лісты: св. Мікалаю і Дзеду Марозу. На той выпадак, калі камусьці не дойдзе. І просіць падарунак для кошкі. Увогуле, падчас святкавання Раства ў нас столькі радасці, нібы дзень нараджэння не толькі ў Езуса, але і ў кожнага з нас!
   
    – Што пажадаеце вернікам на надыходзячыя святы?
    – Няхай Нараджэнне Хрыста 2020 запомніцца на ўсё жыццё добрымі, яркімі эмоцыямі, якія заслоняць увесь негатыў!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  248

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.