ГРОДНА
Пятніца,
13 снежня
2024 года
 

Найлепшы банк – мець усё ў Бога

На шляху да святасці

Крыніца aleteia.org: Святы Айцец Францішак моліцца за ўбогіх

Калі я чую слова “ўбоства”, у галаве ўзнікаюць два вобразы.
    Адзін з іх – гэта такое ўбоства, калі чалавек мае ўсё ў Бога і спадзяецца на Яго. Калі нават у самай вялікай патрэбе ён не губляе душэўнага супакою і ўнутранай радасці, калі здольны дзяліцца з іншымі, хаця сам мае вельмі мала. Тады я бачу ўсмешлівыя твары сапраўды бедных людзей – у розных краінах Афрыкі, Азіі, у Індыі, Сальвадоры, у малюсенькіх вёсках Сібіры, ва ўсіх тых месцах, дзе ў людзей няма самага неабходнага. І ў той жа час нейкім незразумелым чынам яны застаюцца спакойнымі, шчаслівымі, радаснымі і здольнымі гэтай радасцю дзяліцца.
Другі вобраз, які атаясамліваецца ў мяне з убоствам, выглядае зусім інакш. Ключавым тут з’яўляецца недахоп – адсутнасць радасці, спакою, надзеі, любові, цэласнасці. Гэта такі стан, калі чалавек мае шмат матэрыяльных рэчаў, але яму ўсё роўна чагосьці не хапае, калі ўвесь час імкнецца да навейшага, лепшага, больш сучаснага, да таго, што мае запоўніць сабой найбольшы недахоп яго жыцця – унутраную пустэчу. Чалавек пастаянна спрабуе засыпаць гэтую прорву: новай вопраткай, прыстасаваннямі, магчымасцямі, новым моцным досведам, сустрэчамі, вечарынамі, званнямі, дыпломамі, дасягненнямі… Але не зможа. Прорву ў сэрцы немагчыма запоўніць.
    Я думаю, час пандэміі выкрывае наша ўбоства, паказвае, чым напаўняем сваё жыццё. Абмежаванні, якія раздражняюць і стамляюць, выдатна паказваюць наш духоўны стан і тое, дзе маем найвялікшыя скарбы, што ці хто нас сапраўды хвалюе. Чаму можам навучыцца ў самых бедных? Мы, якія, напэўна, ніколі не пакутавалі ад немагчымасці задаволіць першасныя патрэбы. Гэта не азначае, што прымяншаю пакуты людзей з г. зв. “багатых” краін. Я проста ўвесь час пытаюся ў сябе: з-за чаго тыя ўбогія людзі такія шчаслівыя, а тым “заможным” пастаянна нечага не хапае? Чаму ў бедных вёсках госць ніколі не застанецца галодным і без даху над галавой, а ў багатых мегаполісах можна памерці з голаду і холаду? Падарожнік Рамуальд Каперскі гэта перажыў і прыгожа апісаў у сваёй кнізе “Паядынак з Сібірру”.
    Што такое сапраўднае ўбоства і сапраўднае багацце? Асабісты досвед каранціну паказаў, наколькі цэнныя для мяне іншыя людзі, наколькі вялікім багаццем з’яўляецца магчымасць непасрэдна ўдзельнічаць у Эўхарыстыі і прымаць Езуса ў сваё сэрца. Колькі радасці выклікае нават кароценькі інтарэс да цябе іншых падчас ізаляцыі: чыйсьці тэлефонны званок, СМС, зычлівае пытанне, як сябе адчуваю і ці патрабую чаго-небудзь. Я нанова адкрыла, што найбольшым скарбам для мяне з’яўляецца любоў, адносіны – з Богам і з бліжнімі. І што на самой справе не трэба шмат, каб праявіць любоў, каб падтрымліваць гэтыя адносіны. Часам адно добрае слова, зацікаўленасць, усмешка, размова даюць столькі спакою і радасці... Магчыма, я ніколі б не адчула гэтага так выразна, калі б не цяжкі час ізаляцыі. Тая радасць, калі можна проста выйсці з пакоя, прайсціся па вуліцы, убачыць людзей, дамы, прыгожыя дрэвы і неба, апаўшае лісце. Цешыцца самымі простымі рэчамі і атрымліваць ад іх асалоду. Раптам убачыць, наколькі яны цудоўныя і не такія відавочныя, як здавалася раней.
    Я лічу, што іменна гэтым могуць адарыць нас бедныя людзі – радасцю жыцця, удзячнасцю за кожную дробязь, прыгажосцю звычайных рэчаў. Мы ж можам даць ім прысутнасць, падтрымку і матэрыяльную дапамогу. Хіба гэта не эфектыўны абмен?
    Чаму ўбогія могуць так многім падзяліцца? Бо ўсё маюць у Бога. Таму гэта нагадвае нам, што таксама можам быць такімі ўбогімі. Справа не ў матэрыяльных рэчах, а ў тым, каб свае скарбы змясціць ў лепшым “банку” на свеце – у Бога! Бо “дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае” (Лк 12, 34).
    Ёсць вельмі просты спосаб даведацца, якое маё ўбоства. Дастаткова спытацца ў сябе: што раблю часцей, дзякую ці скарджуся? Тыя, хто паклаў усё ў Бога, здольны быць удзячныя за кожную дробязь. А тыя, хто пастаянна адчувае недахоп, хаця і збіраюць усё больш і больш розных скарбаў, не могуць быць удзячнымі, але пастаянна скардзяцца на свае недахопы.
    У няпростыя часы пандэміі, войнаў, узрушэнняў, беспарадкаў, цяжкасцей і трывог мы бачым, як спраўджваюцца словы Езуса: “Будуць знакі на сонцы, месяцы і зорках, а на зямлі – трывога народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо пахіснуцца нябесныя моцы” (Лк 21, 25–26). Гэтыя словы нам вядомы. Здаецца толькі, што часта забываемся, як Езус заканчвае сваё выказванне: “Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне” (Лк 21, 28).
    Езус дае чалавеку надзею нават у самыя цяжкія і цёмныя хвіліны. Магчыма, менавіта таму патрэбныя, каб у цемры мы маглі ўбачыць Яго святло, у сваіх недахопах – багацце, якое падрыхтаваў Езус: не матэрыяльнае, а духоўнае, якое ўтрымліваецца ў скарбах любові, прабачэння, радасці, прысутнасці, шчасця. Дык выпрастайцеся і падніміце галовы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  19

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.