ГРОДНА
Нядзеля,
23 чэрвеня
2024 года
 

Мы павінны несці цяжар адзін аднаго, праяўляць узаемную падтрымку і салідарнасць

Пастырскае Слова

Каталіцкія біскупы Беларусі Мінск, 25 лістапада 2020 г.Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі скіравала да вернікаў і людзей добрай волі зварот у сувязі з напружанай сітуацыяй у краіне.
Наша Бацькаўшчына Беларусь ужо чацвёрты месяц знаходзіцца ў нябачаным дагэтуль грамадска-палітычным крызісе, які, на жаль, паглыбляецца. Насілле не спыняецца, надалей праліваецца кроў, грамадства падзелена. Гэта не прадвяшчае шчаслівай будучыні, бо, як казаў Хрыстос, дом, падзелены сам у сабе, не выстаіць (параўн. Мц 12, 25). Цяжка паверыць, што такое адбываецца ў нашай міралюбнай краіне, вядомай сваёй талерантнасцю і згодай паміж людзьмі розных веравызнанняў і нацыянальнасцей.
Каталіцкі Касцёл, кіруючыся Евангеллем і пабудаваным на ім сацыяльным вучэннем, выказваецца супраць насілля, беззаконня, несправядлівасці ды няпраўды і асуджае іх. Касцёл заклікае да мірнага вырашэння ўзніклых праблем шляхам дыялогу ў духу любові да Бога і бліжняга, з захаваннем Божых і чалавечых законаў.
    Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, далучаемся да звароту папы Францішка, скіраванага пасля малітвы “Анёл Панскі” 13 верасня 2020 года да дзяржаўных улад. У ім Пантыфік заклікаў прыслухацца да голасу суграмадзян і пайсці насустрач іх законным імкненням, забяспечваючы поўную павагу да правоў чалавека і грамадзянскай свабоды.
    Пры гэтым мы хочам падкрэсліць, што галоўная мэта Касцёла – абвяшчаць Евангелле дзеля пабудовы Божага Валадарства, якое не кіруецца прынцыпамі гэтага свету і не прэтэндуе на зямную ўладу. Таму Касцёл не выконвае дзяржаўных функцый і не можа нікім выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах.
    У гэты лёсавызначальны час гісторыі нашай Бацькаўшчыны, як навучаў св. апостал Павел, мы павінны несці цяжар адзін аднаго (параўн. Гал 6, 2), аказваць узаемную падтрымку і салідарнасць дзеля будавання згуртаванай, а не падзеленай Беларусі.
    Звяртаемся да католікаў і ўсіх людзей добрай волі з заклікам працягваць узносіць свае малітвы ў інтэнцыі хуткага і мірнага вырашэння крызісу, бо бласлаўлёныя міратворцы і тыя, хто імкнецца да справядлівасці, як гаворыць Хрыстос. Няхай дабро пераможа зло.
    Мір і дабро табе, наша Бацькаўшчына Беларусь!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  192

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.