ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

II нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

Мк 1, 1–8
Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў прарока Ісаі: “Вось Я пасылаю Анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе дарогу Тваю. Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму”. З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння для адпушчэння грахоў. І выходзілі да Яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Іерусаліма, і прымалі ад яго хрост у рацэ Іардан, вызнаючы грахі свае.
    Ян жа насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд. І прапаведаваў, кажучы: “Ідзе за мною мацнейшы за мяне, якому я не варты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Ягоных сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Святым Духам”.

Пакліканыя да святасці
   Адвэнтавае чаканне павінна быць напоўнена падрыхтоўкай да сустрэчы з Панам у таямніцы Яго нараджэння і вяртання на зямлю ў канцы часоў. На дапамогу нам у гэты час прыбывае св. Ян Хрысціцель, які “прайшоў усе ваколіцы Іардана, абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў” (параўн. Лк 3, 3).
    Святы мае для нас канкрэтную прапанову. Сваім вучэннем ён указвае на Месію, у якім знойдзем сапраўдную любоў, і раіць кожнаму сур’ёзна прыняць у сваім жыцці Божую любоў. Хто яе прыме, не зможа жыць па старых і грэшных звычках, прыкідвацца набожным ці ўзгадваць Бога толькі час ад часу. Таму той, хто сапраўды хоча падрыхтаваць у сваім сэрцы шлях Любові, павінен аддана прытрымлівацца Божага вучэння. У рэшце рэшт, нельга быць хрысціянінам з назвы альбо быць такім напалову.
    Цярплівасць Бога заключаецца ў тым, што Ён хоча для людзей не пагібелі, а навяртання. Дзеля карысці чалавека Пан кожнаму дае адпаведны час, каб змяніць сваё жыццё. Асабліва гэта тычыцца тых, у каго на сумленні шмат грахоў, хто адварочваецца ад Усемагутнага і нават здзекуецца з тых, хто верыць у Яго. Бясконцая цярплівасць і поўнае міласэрнасці сэрца Бога выяўляюцца ў тым, што Ён кожнаму дае шанс вярнуцца на шлях збаўлення. Аднак Божая ласка патрабуе ад нас канкрэтнага адказу.
    Дарога да сустрэчы з Панам – гэта не толькі рэлігійныя практыкі, але і навяртанне сэрца. Таму будзем углядацца ў Неба, каб наша жыццё прынесла добры плён святасці.
   
   Пане Езу, дапамажы мне стала імкнуцца за Табой, каб маё зямное жыццё прынесла плён ласкі Неба!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.