ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Жыйма ў стане асвячальнай ласкі!

На шляху да святасці

Ласка… Слова, непапулярнае ў сучасным свеце, як і „збаўленне” ці „адкупленне”... Аднак немагчыма пазбегнуць гэтага слова, бо яно сцісла звазана з мовай Бібліі і верай. “Ласка Божая неабходная для збаўлення”, – навучае Касцёл.
Паняцце ласкі
    Мы жывём у грамадстве, якое падкрэслівае сацыяльную справядлівасць, абвяшчае роўнасць усіх людзей у доступе да матэрыяльных даброт, роўнасць у доступе да ўлады і грамадскіх функцый. Таму можам адчуваць непрыязнасць да такога паняцця, як “ласка”. Мы хутчэй лічым, што неабходна сумленна выконваць свае абавязкі перад іншымі людзьмі і патрабаваць таго, што нам належыць.
Гэта г. зв. размеркавальная справядлівасць, і такое стаўленне сёння паўсюдна прызнаецца правільным. Аднак таксама можна заўважыць, што “халоднакроўнае” захаванне размеркавальнай справядлівасці без любові прыводзіць да страты сардэчнасці і ўдзячнасці ў адносінах паміж людзьмі.
    Значна горш, калі мы несвядома пераносім стаўленне размеркавальнай справядлівасці на свае адносіны з Панам Богам. Хрысціянская вера сцвярджае, што Бог з’яўляецца Айцом, які адорвае, а з нашага боку патрэбны ўдзячнасць і ўсведамленне таго, што без Яго не зможам зрабіць нічога добрага. Мы існуём толькі дзякуючы ласцы Пана і, акрамя таго, з’яўляемся даўжнікамі Яго міласэрнасці.
    Дастаткова прыгадаць прыпавесць Езуса пра неміласэрнага даўжніка, якая ацэньвае доўг перад Богам як немагчымы для аплаты (100 000 талантаў = 320 тон золата!). Нам абавязкова патрэбна Божае прабачэнне – абавязковым з’яўляецца і паняцце ласкі, г. зн. прызнанне таго, што Бог адорвае чалавека бясплатна, толькі з любові, і з нашага боку патрэбна моцная воля трывання ў сяброўстве з Ім, пазбягаючы смяротнага граху любой цаной.
   
   Асвячальная ласка
    Божая ласка дзеліцца на асвячальную і дзейсную. Асвячальная ласка – гэта звышнатуральны і пастаянны Божы дар, які надае душы высокую ступень духоўнага хараства. А дзейсную ласку Бог дае чалавеку для здзяйснення добрых учынкаў, неабходных для збаўлення.
    Асвячальную ласку мы атрымліваем падчас хросту. Прыходзім на гэты свет у першародным граху, таму маем патрэбу ў сакраманце, які знішчыць першародны грэх і прывядзе душу ў стан асвячальнай ласкі. На хросце Святы Дух уваходзіць у душу, надаючы ёй знак прыгажосці. Гэты пастаянны стан прыгажосці душы, як вынік прабывання ў ёй Святога Духа, называем асвячальнай ласкай.
    Паміж душой у асвячальнай ласцы і душой у цяжкім граху існуе прынцыповая розніца: душа ў смяротным граху духоўна мёртвая, а душа ў асвячальнай ласцы прызначана для вечнага жыцця.
    Св. Кацярына Сіенская, убачыўшы душу ў стане асвячальнай ласкі, усклікнула: “Пане, калі б вера не запэўніла мяне, што ёсць адзін Бог, я б падумала, што гэтая душа з’яўляецца боствам. Я разумею, што за такую прыгожую душу Ты мог памерці!”. Знаходзячыся ў стане асвячальнай ласкі, мы падобныя да чалавека, які апрануўся ў новае, прыгожае адзенне. Таму Езус параўнаў такі стан са шлюбным адзеннем у прыпавесці пра вясельную гасціну (параўн. Мц 22) і пра блуднага сына (параўн. Лк 15). Стан асвячальнай ласкі – гэта найвялікшы скарб, які маем. Скарб, які пераўзыходзіць скарбы ўсяго бачнага свету. Вядома, што без яго мы не можам трапіць у Неба. Душа ў стане ласкі застаецца ў сяброўстве з Богам. Св. Магдалена дэ Пацы пісала: “Калі б чалавек у стане асвячальнай ласкі ведаў, наколькі Бог яго любіць, яму давялося б памерці ад збытку радасці”.
   
    Наступствы дзеяння асвячальнай ласкі ў душы чалавека
    Стан асвячальнай ласкі ўводзіць нас у стан дзяцінства Бога. Ведаем, што падчас хросту становімся Божымі дзецьмі, а праз гэта – спадчыннікамі Неба! Святы Дух праз асвячальную ласку злучае нас з Богам і робіць Яго святыняй.
    Езус гаворыць: “Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго” (Ян 14, 23).
    Чалавек, які жыве ў стане ласкі, з’яўляецца жыллём Найсвяцейшай Тройцы! Праз цяжкі грэх мы губляем гэтае наследдзе, але можам вярнуць яго праз сакраментальную споведзь.
    Праз асвячальную ласку Святы Дух сваёю ласкай надае высакароднасці чалавечаму розуму і волі. Ён улівае ў нас цноты веры, надзеі і любові. Удзяляе сямікратныя дары, робячы схільнымі да дабра. Садзейнічае развіццю цнотаў. Гэта, у сваю чаргу, спараджае ўнутранае задавальненне, спакой і духоўную радасць нават нягледзячы на цярпенні і цяжкасці.
    Святы Дух з’яўляецца Суцяшыцелем. Ён заклікае нас да добрых учынкаў і робіць іх годнымі вечнага жыцця.
    Св. Максім Спаведнік пісаў: “Як кветка раскрываецца пры дотыку сонечнага святла, так пры дотыку Божай сілы і святла ласкі Святога Духа адкрываецца сэрца закаранелага грэшніка, выдаючы прыемны водар цноты і набожнасці”. Як вецер рухае вятрак, так і Святы Дух – сэрца верніка.
    Той, хто знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі, можа атрымаць поўныя і частковыя адпусты для сябе ці памерлых. Добрыя ўчынкі, выкананыя ў стане ласкі, складаюць частковы адпуст і нясуць з сабой адпушчэнне часовай кары за грахі. Хрыстос сказаў: “Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць?” (Мц 16, 26).
   
    Ці можна страціць ласку або атрымаць яе назад?
    Самая вялікая драма для чалавека – страта стану асвячальнай ласкі. З-за штодзённых (лёгкіх) грахоў нельга згубіць яе. Аднак смяротны (цяжкі) грэх выганяе Хрыста з душы, пра што чытаем у Дзённіку св. Фаўстыны. Св. Ян Віянэй казаў: “Як цела без духа з’яўляецца трупам, так і душа чалавека, пазбаўленая Божай ласкі, мёртвая і напаўняе агідай Бога і анёлаў. У гэтым стане яна не можа зрабіць нічога, што заслугоўвала б вечнага жыцця. [...] Дзівосная прыгажосць знікае; душа, падобная раней да анёлаў, цяпер становіцца непрыгожай, як д’ябал ці туша, што ляжыць восем дзён на спякоце. Пасля граху чалавек губляе ўсе заслугі, сабраныя для вечнага жыцця. Смяротны грэх аддае нашу душу ў няволю д’яблу, робіць непрыяцелямі Бога і зачыняе браму ў нябесную айчыну. Чалавек у смяротным граху становіцца жыллём злога духа... Яму застаецца толькі пекла” (“Казанне пра смяротны грэх”). Св. Тэрэза бачыла душу ў стане цяжкага граху. І выгляд так яе напалохаў, што яна лепш бы знесла пякельныя пакуты, чым здзейсніла хоць адзін грэх.
    Цяжкі грэх – гэта самае вялікае няшчасце, якое можа здарыцца з намі ў жыцці. Знаходжанне ў стане граху зацямняе розум і аслабляе волю. Таму мы бачым, як многія з тых, хто працягвае грашыць на працягу шматлікіх гадоў, без Святога Духа губляюць разуменне праўды і пачуццё граху.
    Кожны, хто свядома і добраахвотна парушае Божую ці касцёльную запаведзь у важнай справе, здзяйсняе цяжкі грэх. Тады неабходна сакраментальная споведзь, у якой зноў можна атрымаць ад Бога стан ласкі. Для сапраўднасці св. споведзі дастаткова недасканалага акту жалю, бо ў сакраманце пакаяння Бог па сваёй ласцы дапаўняе са скарбніцы заслуг Хрыста Пана тое, чаго нам не хапае. Калі хворы чалавек ужо не можа прыступіць да споведзі, а раней адчуваў жаль за грахі, сакрамант намашчэння хворых дае яму ласку прабачэння грахоў.
    Акрамя сакраментальнай споведзі, само абуджэнне акту дасканалага жалю (г. зн. жалю, які вынікае з Божай любові) ужо ўносіць у душу асвячальную ласку. Аднак, каб быць дасканалым, гэты акт павінен уключаць і жаданне прыступіць да споведзі як мага хутчэй. Адмаўленне сакраментальнай споведзі чалавекам, які трывае ў цяжкім граху, робіць немагчымым абуджэнне дасканалага жалю. Адмаўленне споведзі – гэта праяўленне вялікай ганарыстасці. Давайце клапаціцца пра наша вечнае збаўленне. Асабліва падчас пандэміі неабходна трываць у стане асвячальнай ласкі – без цяжкага граху на сумленні. Складаныя моманты выпрабаванняў веры, якімі, несумненна, з’яўляюцца цяперашняя сітуацыя і сацыяльныя змены, павінны набліжаць нас да Бога, а не аддаляць.
    Давайце жыць так, каб мець магчымасць кожны раз, калі будзем удзельнічаць у св. Імшы, прыступаць да св. Камуніі. Калі б мелі няшчасце здзейсніць цяжкі грэх – пойдзем да споведзі, не адкладаючы. Будзем берагчы гэты найвялікшы скарб – стан асвячальнай ласкі, што носім у гліняным посудзе, якім з’яўляецца наша цела!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.