ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Дапамога чыстцовым душам

На шляху да святасці

Існуе малітва, прамаўляючы якую, можна выбавіць тысячу душ.
Сведчанні святых містыкаў паказваюць, што многія душы церпяць неймаверныя пакуты ў чыстцы, але ніяк не могуць прынесці сабе палёгку. Мы ж у стане прыйсці ім на дапамогу і не толькі паменшыць, але і скараціць пакуты. У пропаведзі на Задушны дзень св. Ян Марыя Віянэй, заступнік усіх святароў, указвае на 3 спосабы дапамогі душам, якія церпяць у чыстцы.

    1. Малітва
    “Наперад праз малітвы. Калі мы молімся за чыстцовыя душы, то на іх карысць уступаем тое, што Бог удзяліў бы нам, калі б маліліся за сябе. [...] Кожную раніцу можам ахвяраваць за душы ў чыстцы ўсе свае штодзённыя справы і ўсе малітвы, якія прамаўляем на працягу дня”.
    Можа здавацца, што гэта няшмат, але св. Ян Марыя Віянэй узгадвае тут вобраз беднага, загружанага камянямі чалавека, які вельмі доўга нясе сваю ношу. Мы, кожны дзень праходзячы міма, можам зняць з яго плячэй хаця б невялікі каменьчык. Праз некаторы час не толькі зробім пакутніку лягчэй, але і цалкам вызвалім ад цяжару.
    Дык як маліцца за памерлых? Прапаноў вельмі шмат. Вялікую моц мае Ружанец, Вяночак да Божай міласэрнасці, Літанія за памерлых ці малітва св. Гертруды, якая вызваляе тысячу душ з чыстца. (Падчас аднаго з аб’яўленняў Езус прадыктаваў св. Гертрудзе малітву і паабяцаў, што за кожнае яе прамаўленне вызваліць роўна 1000 душ з чыстца. Ёю можна маліцца шмат разоў у групе альбо ў адзіночку).
   
    2. Эўхарыстыя
    “Наймагутнейшы спосаб, каб вызваліць душы з чыстца, – гэта св. Імша. Калі мы ахвяруем яе за гэтыя бедныя душы, то ўжо не грэшнік просіць грэшніка, а Бог, роўны свайму Айцу, які ні ў чым не адмовіць Сыну”.
    Эўхарыстыю св. Ян Марыя Віянэй згадвае як найбольш эфектыўны спосаб дапамогі чыстцовым душам, бо ў ёй чэрпае сваю сілу ўсё, што мы робім ці аб чым просім. Трэба памятаць, што св. Імша – гэта не звычайная малітва. Гэта ахвяра Цела і Крыві Хрыста, якая паўтараецца кожны раз на алтары. Гэта цярпенні, нягоды, мукі Езуса, ахвяраваныя ў інтэнцыі, указанай на пачатку літургіі. Самы вялікі дар, які можам прапанаваць душам у чыстцы, – Эўхарыстыя, удзел у ёй і прыняцце св. Камуніі ў іх намеры.
    У нашай традыцыі добра вядомая практыка грыгарыянскіх св. Імшаў за душы памерлых. Пад гэтым тэрмінам разумеем цэлебрацыю 30-ці св. Імшаў (1 Імша ў кожны чарговы дзень) у інтэнцыі адной памерлай асобы, у інтэнцыі даравання ёй чыстцовай кары. Дадзеная практыка ініцыявана ў VI стагоддзі папам Рыгорам I Вялікім, які наказаў адпраўляць у такой форме Імшу за памерлага манаха бенедыктынца, пры якім былі знойдзены грошы, а з-за абяцання беднасці ён не павінен быў іх мець. Як паведамляецца, на 30-ты дзень гэты манах аб’явіўся Папе і падзякаваў за аказаную яму міласэрнасць, дзякуючы якой пакінуў чысцец.
   
    3. Адпусты
    “Мы можам вызваляць душы з чыстца праз адпусты. Гэта вялікая дапамога нечуванай цаны. Душы, падтрыманыя ёю, вельмі хутка набліжаюцца да Неба. Падумайце, дарагія браты, колькі адпустаў можна атрымаць, ідучы Крыжовым шляхам, прамаўляючы Ружанец ці іншыя малітвы, з якімі звязаны адпусты. Мы вельмі вінаватыя, вельмі нячулыя, калі, маючы магчымасць такімі простымі сродкамі вызваліць душы бацькоў, не робім гэтага, а дазваляем ім гарэць у жудасным полымі чыстца!”.
    Адпусты – асаблівы прывілей, нададзены Касцёлам розным малітвам і дзеянням, які прыводзіць да прабачэння часткі альбо ўсіх пакаранняў за ўчыненыя і прызнаныя на споведзі грахі (менавіта таго пакарання, якое мы можам выканаць на зямлі, прымаючы пакуту за грахі, у іншым выпадку адбываем яго ў чыстцы). Таму дзякуючы адпустам можам скараціць ці нават цалкам выключыць пакаранне чыстца для душы.
    Адпуст можа быць поўным – скасаванне ўсяго пакарання, або частковым – скасаванне часткі пакарання. У гэтым годзе выключным чынам дар поўнага адпусту, звязаны з наведваннем могілак, можна атрымаць на працягу ўсяго месяца – у адвольныя самастойна выбраныя 8 дзён.
    Каб атрымаць адпуст за памерлых, недастаткова выканаць знешнія дзеянні – неабходна прыкласці духоўныя намаганні. Гэтая ласка таксама не працуе аўтаматычна (у духоўным жыцці нішто так не працуе). Трэба знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі, прыняць св. Камунію і памаліцца ў інтэнцыях, у якіх моліцца Папа. Таксама нельга мець у сэрцы прывязанасці да ніводнага граху, нават штодзённага. Гэта самая складаная ўмова.
    Можна не грашыць, але быць прывязаным да грахоў.
    Гаворка ідзе пра шчырасць інтэнцыі, г. зн. пра шчыры жаль і сапраўдную гатоўнасць змяніць жыццё назаўсёды, а не толькі на 2-3 дні, каб атрымаць адпуст. Я не магу мець схільнасці ні да аднаго граху, нават найменшага. Пасля сапраўды добрай і шчырай споведзі, калі маю пастанову выправіцца, у мяне сапраўды ёсць шансы на гэтую свабоду ў сэрцы і на здабыццё ласкі поўнага адпусту. Калі ахвярую яго за душу ў чыстцы, гэта азначае для яе ўваходжанне ў нябесную славу.
    Пра частковыя адпусты менш гавораць, а шкада, бо на іх прасцей адкрыцца. Патрабуецца толькі стан асвячальнай ласкі і пакаянне сэрца, г. зн. пакорлівае ўсведамленне ўласнай слабасці і неабходнасці Божай ласкі. Калі знаходзячыся ў такім стане з інтэнцыяй дапамагчы памерламу прамовіць любую малітву, якой Касцёл надаў ласку частковага адпусту, – “Тваёй абароне”, Ружанец, “Вечны супакой” альбо памаліцца кароткім заклікам “Езу, давяраю Табе!” у складаных сітуацыях, напрыклад, каб не адказваць злом на зло, – можна атрымаць ласку частковага адпусту, г. зн. дараванне часткі чыстцовых пакут душы.
    Варта пры гэтым памятаць, што памерлым дапамагае не столькі колькасць нашых малітваў ці ўчынкаў, як тое, колькі ў іх шчырай любові да Бога і іншага чалавека.
   
Малітва св. Гертруды
    Ойча Спрадвечны, ахвярую Табе Найдаражэйшую Кроў Боскага Сына Твайго, Пана нашага Езуса Хрыста, у спалучэнні з усімі св. Імшамі, якія сёння адпраўляюцца ў свеце, за душы, церпячыя ў чыстцы, за тых, хто памірае, за грэшнікаў у свеце, за грэшнікаў у Паўсюдным Касцёле, за грэшнікаў у маёй сям’і, а таксама ў маім доме. Амэн.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.