ГРОДНА
Серада,
11 снежня
2024 года
 

Стартуе беатыфікацыйны працэс манахіні з Гродзеншчыны

З жыцця Касцёла

Варшаўская архідыяцэзія распачынае беатыфікацыйны працэс с. Ванды Банішэўскай з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў, містычкі і стыгматычкі. Першая ўрачыстая сесія запланавана на 9 лістапада бягучага года ў капліцы Дома варшаўскіх арцыбіскупаў.
Родам з нашай дыяцэзіі
    Ванда Банішэўская нарадзілася ў 1907 годзе ў вёсцы Каменка каля Навагрудка. Жыла там разам з бацькамі, братамі і сёстрамі, пакуль не ўступіла ў бесхабітовую Кангрэгацыю Сясцёр ад Анёлаў у Вільнюсе.
    У новую кангрэгацыю, якая была створана, каб дапамагаць святарам у іх душпастырскай працы, дзяўчына ў першы раз накіравалася ў 16 гадоў. Аднак яе не прынялі, бо не падыходзіла па ўзросце. Параілі спачатку скончыць школу.
Уступіла ў супольнасць зімой 1926 года. Неўзабаве распачала навіцыят. Атрымала манаскае імя Марыя Вацлава і летам 1933 года склала вечныя абяцанні.
    Да 1950 года жыла ў суполцы ў Прыцюнах каля Вільнюса. Працавала, між іншым, катэхеткай, праводзіла эўхарыстычную круцыяту і выконвала абавязкі настаяцельніцы дома. Як і іншыя сёстры ад анёлаў, служыла ўпотай: апраналася па-свецку, без знешніх прыкмет кансэкраванага жыцця.
   
Да Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў належалі таксама дзве родныя сястры с. Ванды.

    Чула Езуса
    Дзяўчына ўступіла ў кангрэгацыю, ужо маючы багаты містычны досвед. Вачыма душы яна бачыла Пана Езуса падчас св. Імшы. “Тваё жыццё будзе на крыжы. Будзь асцярожная, каб не сысці з яго, таму што вораг выстаўляе войска”, – пачула ад Збаўцы, будучы яшчэ ў бацькоўскім доме.
    У кангрэгацыі містычныя перажыванні с. Ванды ўзмацніліся. Езус усё выразней паказваў, чаго чакае ад яе. “Аддай сябе Мне цалкам. Я збіраюся зрабіць з цябе ахвяру. Прагну, каб была ўкрыжаваная за тых, хто не хоча ведаць крыж, і асабліва дзеля тых, для каго не шкадую ласкі”, – даведалася яна ў дзень сваіх аблучын. Слухала з пакорай і страхам. Спаведнікі рэкамендавалі сястры запісваць словы Езуса. Гэтыя нататкі дазвалялі зразумець важнасць яе місіі.
    З цягам часу манахіня пачала адчуваць боль у месцах ран Збаўцы, што парой здаралася падчас св. Імшы альбо набажэнства Крыжовага шляху. Спадарожных з’яў, якія не паддаваліся рацыянальнаму тлумачэнню, было значна больш.
   
    Пакуты ў інтэнцыі святароў
    Галоўнай місіяй с. Ванды была малітва і цярпенне ў інтэнцыі святароў. “Дзіця маё, я паміраю, і буду паміраць, пакуль святар не вернецца з памылковага шляху. Ты станеш Божым інструментам на карысць іншым”, – сказаў ёй Хрыстос. Неверагодна, але для цяжкай барацьбы за душы духоўных і кансэкраваных асоб, што знаходзяцца ў небяспецы, Ён абраў непрыкметную, хваравітую манахіню.
    Рэгулярныя пакуты за святароў і манаскія супольнасці ў спалучэнні са з’яўленнем на целе стыгматаў пачаліся ў с. Ванды ў 1935 годзе. У месцах ран Хрыста яна мела адкрытыя раны. З бакоў сачылася кроў, з цела цёк крывавы пот, а з вачэй – крывавыя слёзы. Мела сінякі і сляды ад бічавання.
    Як успаміналі сёстры з супольнасці, с. Ванда на працягу ўсяго жыцця, молячыся за святароў, заблытаных у разнастайных грахах і праблемах, ратавала іх ад рашэння пакінуць святарства. Падтрымка святароў – адна з харызм сясцёр ад анёлаў. Манахіня пераносіла пакуты, выкліканыя нявер’ем выбраных Богам асоб, абыякавасцю да Яго прысутнасці, падданнем выгодам свету. Яна пакутавала таксама за вядомых дзеячаў Касцёла, напрыклад, за арцыбіскупа Марсэля Лефеўра, які трапіў у схізму пасля ІІ Ватыканскага Сабору.
   
Сёстры ад анёлаў працуюць на тэрыторыі Беларусі з пачатку існавання кангрэгацыі. Яны катэхізуюць і дапамагаюць у парафіях, аднак з-за ўтоенай формы жыцця не афішыруюць сваёй прысутнасці.

    Малітва за найбольшых злачынцаў
    Калі ў красавіку 1950 года с. Ванду арыштавалі камуністы па падстаўных абвінавачваннях, яна магла рыхтавацца да горшага. Асуджаная савецкім судом, была вывезена ў лагер у Верхнеўральску ў Сібіры. Перыяд зняволення манахіні вядомы з падрабязнасцямі дзякуючы дзённіку, які тая запісала пасля вызвалення па парадзе спаведніка. У ім расказваецца пра вялікае цярпенне стыгматычкі і Божае ўздзеянне праз яе.
    “У турме, у агульнай і вялікай палаце хворых, я старалася дапамагаць больш пакутуючым. І свае порцыі малака, масла і белага хлеба аддавала іншым церпячым. Супольна адгаворвала з імі Ружанец, што было строга забаронена. Нашы ружанцы, зробленыя з хлеба, адбіралі і знішчалі”, – пісала ў дзённіку.
    Знаходзячыся ў зняволенні, манахіня працягвала маліцца і ахвяравацца за навяртанне найвялікшых злачынцаў ХХ стагоддзя: Адольфа Гітлера, Іосіфа Сталіна, Лаўрэнція Берыі, Віктара Абакумава, Вячаслава Молатава… Часта падчас катаванняў мела непасрэдныя сустрэчы альбо з Езусам, альбо з анёламі, пра што гаварыла ўслых і за што цярпела яшчэ большыя здзекі. З турмы ў Польшчу сястра вярнулася ў кастрычніку 1956 года.
   
    Атрымала стыгматы
    Цярпенне спадарожнічала с. Вандзе большую частку жыцця, аднак ніколі не скардзілася. У турме яна моцна падарвала здароўе. У 1960-ых перанесла аперацыю па выдаленні пухліны мозгу. У 1980-ых, збітая аўтамабілем, атрымала пералом сцягна. Дзве чарговыя аперацыі не прынеслі чаканага выніку, і с. Ванда не магла нармальна хадзіць да канца жыцця. Потым стаў непакоць яшчэ атэрасклероз.
    Лячэнне ўскладнялася тым, што арганізм манахіні працяглымі перыядамі не ўспрымаў ежу і лекі. Як успаміналі сёстры, яна магла паесці дасыта толькі падчас вялікіх касцёльных свят. Гэтыя абставіны і шматлікія містычныя перажыванні (экстазы, бачанні, стыгматы), прыводзілі да таго, што с. Ванда не магла ў поўнай меры ўдзельнічаць у жыцці сваёй манаскай супольнасці. У 1974 годзе стыгматы на руках і нагах зніклі, засталіся толькі раны на грудзях і галаве.
   
    Надалей застаецца таямніцай
    С. Ванда памерла ў сакавіку 2003 года ў арэоле святасці. Мела 96 гадоў, 76 з якіх правяла ў манастве. Перадумоў для распачацця яе беатыфікацыі было як мінімум некалькі. Гэта асаблівыя дары, якія былі выяўлены пасля смерці, дар стыгматаў і містычны, дар заступніцкай малітвы і ахвяравання малітваў і пакут, асаблівым чынам за святароў, а таксама за іншых людзей.
    Пастулатар беатыфікацыйнага працэсу кс. Міхал Сенніцкі SAC гаворыць, што працы, звязанай з гэтым працэсам, будзе шмат, таму што ёсць мноства сведкаў жыцця і святасці с. Ванды. З некаторымі святар ужо кантактаваў, іншыя адгукнуліся пасля публікацыі дэкрэта аб распачацці беатыфікацыйнага працэсу на пачатку кастрычніка гэтага года. Кс. Міхал дзеліцца, што з той інфармацыі, з якой ужо давялося пазнаёміцца, паўстае звычайная асоба, паглыбленая ў простыя, паўсядзённыя справы. Але ў той жа час гэта асоба, якая перажыла трагедыю ІІ Сусветнай вайны, асабіста ёю закранутая, уплеценая ў трагічную гісторыю. Святар падкрэслівае, што сястру вылучае праведнасць. Яна заступалася, дапамагала, прысутнічала. Узнясенне манахіні да хвалы алтара мае на мэце паказаць яе як узор хрысціянскага паклікання, узор асобы, якая праз усё жыццё гераічна імкнулася да святасці. У той жа час пастулатар беатыфікацыйнага працэсу адзначае, што постаць с. Ванды ўсё яшчэ ахутана таямніцай. Гэта звязана таксама і з тым, што сёстры з яе кангрэгацыі вядуць утоенае жыццё, а ў с. Ванды яно было асабліва скрытае. Пра містычны і стыгматычны вопыт ведалі нямногія. Некаторыя асаблівасці высвятляюцца толькі цяпер.
   
    Пакінула пасланне
    СС. Ванда мела містычныя перажыванні, падчас якіх чула Езуса. Галіна Скубіш з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў сцвярджае, што для манаскай супольнасці с. Ванда стала апякункай дзякуючы сваім ахвярам і пакутам: “Мы верым, што яна працягвае заступацца і што – дасць Бог – моц яе заступніцтва яшчэ выявіцца”. Манахіня падкрэслівае, што беатыфікацыйны працэс – гэта адказ на культ с. Ванды Банішэўскай і перакананне многіх свецкіх людзей і святароў, якія іх мабілізавалі і ахвотна далучаліся да разнастайных ініцыятыў. Быццам бы крок за крокам знаходзіўся хтосьці, хто прапаноўваў дапамогу ў справе распачацця беатыфікацыі, прадпрымаў пэўныя дзеянні.
    “Мы верым, с. Ванда атрымала шмат Божых ласкаў, адносна якіх канчаткова выкажацца Касцёл. Яна вельмі глыбока пражывала гэты досвед. Любіла кангрэгацыю і сясцёр. Шмат за іх цярпела, узнагароджвала за нявернасць святарскага і манаскага стану, узмацняла нестабільных асоб сваёй ахвярай. Гэта па-ранейшаму актуальнае пасланне с. Ванды”, – гаворыць с. Галіна. Лічым вялікім гонарам, а таксама ўспрымаем як вялікі абавязак, што народжаная на нашай зямлі с. Ванда Банішэўская пакінула нам канкрэтны запавет: больш ахвяравацца для Бога і падтрымліваць праз малітву і ахвяру тых, хто найбольш блізкі да Яго – святароў і кансэкраваных асоб. Кожны з нас па яе прыкладзе можа зрабіць вялікі ўклад у духоўнае жыццё Касцёла.
   
    Аб атрыманых ласках просім інфармаваць пастулатара:
    Ks. Michał Siennicki SAC ul. Kilińskiego 20 05-850 Ożarów Mazowiecki Polska
   
Малітва праз заступніцтва с. Ванды
    Божа, які Слугу Божую с. Ванду Банішэўскую з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў паклікаў весці ўтоенае жыццё і даў асаблівую ласку ўдзелу ў муцы Твайго Сына і складвання ў ахвяру свайго цярпення ў інтэнцыі святароў, учыні, каб Касцёл узнёс яе да хвалы алтара і спазнаў яе нястомнае заступніцтва. Праз заступніцтва с. Ванды ўдзялі мне ласку … (выказаць просьбу), аб якой пакорна прашу Цябе. Амэн.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  21

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.