ГРОДНА
Субота,
05 кастрычніка
2024 года
 

Парафія ў Зарачанцы

Парафіі і святыні

У вёсцы быў адзін з самых вялікіх рэлігійных пратэстаў у СССР.
СтагоКасцёл у Балі пабудаваны дзякуючы намаганням  кс. Антонія Баршчэўскага, 1930-ыя гадыддзе таму на карце Гродзенскай вобласці можна было ўбачыць некалькі месцаў з назвай Баля. Гэта былі Баля Вялікая, цэнтр гміны, маёнткі Баля Сухая і Баля Каўнацкая, вёска Баля Сольная. Але найбольш важным пунктам з такой назвай была парафіяльная вёска Баля, якая ў XIX стагоддзі стала Царкоўнай, а ў першай палове ХХ – Касцёльнай. У гады барацьбы з рэлігіяй вёска была пазбаўлена сапраўднага імя, атрымаўшы празаічную назву Зарачанка.
    Баля была адным з самых старажытных паселішчаў у ваколіцах Гродна. Гэтая назва мае балтыйскае паходжанне і перакладаецца як “балота” або “бруднае месца”. Першая згадка пра Балю адносіцца да 1480 года, калі вёска адносілася да прыхода праваслаўнай царквы свсв. Барыса і Глеба ў Гродне. У 1526 годзе ў Балі быў заснаваны праваслаўны прыход, пры царкве арганізаваны шпіталь для хворых і састарэлых.
З пачатку XVII стагоддзя парафія ў Балі належала грэка-католікам, і так было на працягу некалькіх стагоддзяў. За 250 гадоў існавання ўніяцкай парафіі драўляная царква некалькі разоў перабудоўвалася. У святыні людзі маліліся на польскай, стараславянскай і простай (беларускай) мовах. Мясцовыя святары галілі бараду і насілі вопратку, падобную на рымска-каталіцкую, але выкарыстоўвалі кнігі для набажэнстваў, надрукаваныя кірыліцай.
    У 1875 годзе царскія ўлады арганізавалі “добраахвотнае” далучэнне грэка-католікаў Каралеўства Польскага да праваслаўя.
    У Балі былі арганізаваны вялікія ўрачыстасці з удзелам чыноўнікаў з Гродна, Варшавы, Сувалкаў і Санкт-Пецярбурга. У простых вернікаў ніхто нічога не пытаўся. Грэка-католікі Балі і іншых навакольных парафій сталі фармальна праваслаўнымі. Цяжка было жыць тым, хто не жадаў належаць да Праваслаўнай Царквы. Людзі не хацелі хрысціць дзяцей у царкве, адзначаць рэлігійныя святы паводле “новага” календара. Царскія жандармы ўваходзілі ў дом і, калі бачылі, што падчас праваслаўнага посту хтосьці гатуе мяса, выварочвалі каструлі на падлогу. У людзей нават было па 2 імя: афіцыйнае праваслаўнае і сапраўднае каталіцкае. Напрыклад, Барыс і Браніслаў.
    Палажэнне змянілася пасля 1905 года, калі цар Мікалай II пад пагрозай рэвалюцыі падпісаў Указ аб верацярпімасці. Шмат людзей пачалі пераходзіць у Рымска-каталіцкі Касцёл, і да 1914 года ў праваслаўнай парафіі Баля засталося ўсяго некалькі дзесяткаў чалавек.
    Царква ў Балі згарэла падчас баёў за Гродзенскую крэпасць летам 1915 года і не была адноўлена. У 1927 годзе ў вёсцы была створана рымска-каталіцкая парафія. На месцы спаленай царквы ўзвялі часовы драўляны будынак, у якім адначасова маглі маліцца да 200 чалавек.
    На пачатку 1930-ых у Балю прыехаў кс. Антоній Баршчэўскі. Ён не быў першым святаром новай парафіі ў Балі Касцёльнай, але менавіта ён узвёў тут мураваны касцёл. Кс. Баршчэўскі быў “амерыканцам” – даволі доўга жыў у ЗША, збіраючы сродкі сярод амерыканскай Палоніі на будаўніцтва касцёлаў на Радзіме.
    Тады большая частка сучаснай Гродзенскай вобласці была ўключана ў склад Віленскай дыяцэзіі, але ваколіцы Сапоцкіна, у тым ліку Баля, адносіліся да Ломжынскай дыяцэзіі. Праекты новых святынь у Ломжынскай дыяцэзіі былі замоўлены ў таленавітага варшаўскага архітэктара Леанарда Мацея Карыё (1900–1942). Прагрэсіўны архітэктар распрацаваў мадэрнісцкі касцёл, вельмі арыгінальны для тых часоў. Але, здаецца, кіраўніцтву касцёла дызайн не вельмі спадабаўся, і яму надалі больш традыцыйны выгляд. У 1937 годзе касцёл асвяцілі пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Адначасова быў пабудаваны дакладны двайнік святыні з Балі ў Трычоўцы каля Беластока (Польшча).
    Кс. Антоній Баршчэўскі вельмі стараўся для сваёй парафіі, але быў вядомы і дзякуючы шматлікім інтарэсам. Ён ездзіў на французскай машыне і вельмі любіў пчол. Меў каля 30-ці вулляў.
    Калі пачалася ІІ Сусветная вайна, бальшавікі адабралі ў яго машыну, а немцы выгналі з плябаніі, дзе пасяліліся паліцыянты. Нацысты планавалі застрэліць святара, але яго папярэдзіў іх перакладчык. Кс. Антоній уцёк і схаваўся разам са сваімі парафіянамі.
    Праз некалькі гадоў пасля вайны святар быў вымушаны выехаць у Польшчу. Ён жыў у Элку і памёр ва ўзросце амаль 100 гадоў у 1993 годзе. Касцёл у Балі стаяў без пробашча, а ў 1964 годзе вёску перайменавалі ў Зарачанку. У верасні 1970 года ўлады прынялі рашэнне аб ліквідацыі супольнасці вернікаў у Зарачанцы. Касцёл трэба было ператварыць у склад, а рэчы са святыні перавезці ў Адамавічы. Людзі катэгарычна адмаўляліся перадаць ключы ад касцёла, але замок быў збіты. Кіраўнік калгаса загадаў вываліць на падлогу святыні тону лубіну, які планавалася скарміць жывёле. На наступны дзень жыццё ў Зарачанцы замерла. 15 трактарыстаў, 16 даярак і 4 машыністы не з’явіліся на працу. Гэта быў адзін з самых вялікіх рэлігійных пратэстаў у СССР. Лубін з касцёла вывезлі і да канца 1980-х гадоў святыня стаяла зачыненая.
    Сёння касцёл у Зарачанцы, даўняй Балі, радуе вока любога, хто праязджае побач. Прыемна ад думкі, што пасля столькіх выпрабаванняў людзі працягваюць там звяртацца да Пана Бога і ўсхваляць Яго.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  87

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.