ГРОДНА
Панядзелак,
07 кастрычніка
2024 года
 

Святасць – гэта нармальнасць

На шляху да святасці

“Святая Тройца” – фрэска з касцёла Святога Крыжа ў Парме (Італія)Першыя бацькі, Адам і Ева, былі створаны ў стане святасці і справядлівасці. Такой першапачатковай святасцю з’яўляўся “ўдзел у жыцці Божым”. Выпраменьванне гэтай ласкі ўмацоўвала ўсе вымярэнні чалавечага жыцця. І пакуль чалавек жыў у блізкасці з Богам, ён не паміраў і не пакутаваў, быў унутрана гарманічны як чалавечая асоба. Гармонія панавала паміж мужчынам і жанчынай, паміж першай парай і ўсім стварэннем. Створаны ў стане святасці, чалавек быў прызначаны да “абагаўлення” Богам (параўн. ККК 375–376, 398).
    Аднак, падмануты д’яблам, чалавек хацеў “быць, як Бог” (Быц 3, 5), але “без Бога і вышэй за Бога, а не паводле Бога”. Здзяйсняючы першародны грэх, ён паставіў сябе вышэй за Творцу і тым самым пагардзіў Ім; абраў сябе самога замест Пана, насуперак патрабаванням свайго стану як стварэння і адначасова насуперак уласнаму дабру. Святое Пісанне паказвае драматычныя наступствы гэтага першага непаслушэнства. Адам і Ева адразу страцілі ласку першапачатковай святасці, а разам з ёй была знішчана і гармонія, у якой жылі (параўн. ККК 398–400).
Бог паслаў свайго Адзінароднага Сына, каб праз Яго жыццё, муку, смерць і ўваскрасенне збавіць свой народ ад грахоў (параўн. Мц 1, 21), заключыць з ім новы запавет у крыві Хрыста (параўн. Лк 22, 20) і аднавіць стан святасці, як гэта было ў Яго задуме “перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім” (Эф 1, 4). Бог Тройчы Святы, Ён сама святасць, а святасць – сама сутнасць Божай натуры. Таму кожны, хто хоча наблізіцца да Пана, павінен дазволіць Яму асвяціць сябе, бо толькі Ён з’яўляецца крыніцай чалавечай святасці.
   
Бог стварыў чалавека святым, але ён праз грэх страціў гэты стан.

    “Пан Езус, Боскі Настаўнік і Узор дасканаласці, абвяшчаў сваім вучням любога стану – усім разам і кожнаму паасобку – святасць жыцця, стваральнікам і выканаўцам якой сам з’яўляецца: «Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Мц 5, 48). [...] Паслядоўнікі Хрыста, пакліканыя Богам і апраўданыя ў Пану Езусе, не дзякуючы сваім учынкам, а паводле пастановы і ласкі Пана, у хрышчэнні веры сталі сапраўды сынамі Божымі і ўдзельнікамі Яго натуры, а праз гэта сапраўды святымі. Таму павінны захоўваць у жыцці і ў поўнай меры ажыццяўляць святасць, якую атрымалі з Божага дару, [...] каб жылі «як гэта належыць святым» (Эф 5, 3). [...] На дасягненне гэтай дасканаласці вернікі павінны выкарыстоўваць свае сілы, якія атрымалі паводле меры Хрыстовага адорвання” (Канстытуцыя “Lumen gentium”, 40).
    Трэба памятаць, што пакліканне да святасці – гэта не столькі патрабаванне і катэгарычны абавязак кожнага хрысціяніна, колькі знак бязмежнай любові Айца, які адрадзіў нас у сваім Сыне Езусе Хрысце да святога жыцця. Гэта важны і неаддзельны кампанент новага жыцця, атрыманага разам з хростам, і, такім чынам, галоўны элемент годнасці кожнага верніка (параўн. св. Ян Павел ІІ, “Christifideles Laici”, 17).
    Праз веру Касцёл прызнаецца няўхільна святым, і ўсе яго члены, незалежна ад стану, пакліканы да святасці ў адпаведнасці са словамі апостала: “Бо воля Божая – гэта вашае асвячэнне” (1 Тэс 4, 3). Касцёл расце, умацоўваецца і развіваецца праз святасць сваіх вернікаў.
   
Бог вярнуў нам стан святасці праз выратавальную ахвяру свайго Сына, каб кожны мог тут і цяпер удзельнічаць у Божым жыцці, а пасля смерці належаць да супольнасці святых у Небе.

    “Асвячэнне чалавека ў Хрысце і праслаўленне Бога – мэта ўсіх іншых спраў Касцёла” (Канстытуцыя “Sacrosanctum Concilium”, 10). Чалавек асвячаецца ў Касцёле. Уся яго структура цалкам падпарадкавана святасці членаў Хрыста (параўн. ККК 773). “Менавіта ў Касцёле была складзена паўната сродкаў збаўлення”. У ім, “дзякуючы Божай ласцы, мы дасягаем святасці” (параўн. ККК 824).
    Грэх вядзе да смерці, бо аддзяляе чалавека ад Бога – Крыніцы жыцця. Асоба, адроджаная праз сакрамант хросту, перажывае ўнутраную трансфармацыю і з грэшнай становіцца святой. Гэтая святасць, якую яна атрымала ад Усемагутнага, з’яўляецца незаслужаным дарам, але адначасова і абавязкам. Быць святым азначае наблізіцца да Бога, які тройчы святы (параўн. Іс 6, 3), і дзейнічаць так, каб святасць праяўлялася ў штодзённым выбары.
    Святы – гэта той, хто, верачы ў Езуса, жыве ў адпаведнасці з Божым законам і спрабуе супрацоўнічаць са Святым Духам, каб распазнаваць і пазбягаць граху. Святы – гэта той, хто дзякуючы малітве, сакрамантам і ўдзелу ў літургічным жыцці Касцёла пастаянна ўзрастае ў асвячальнай ласцы. Святы – гэта той, хто прымае ў духу падпарадкавання і паслухмянасці Божай волі ўсё, што прадстаўляе жыццё. Святасць – гэта нармальнасць. Калі я рэалізую пакліканне да святасці, якое было і ёсць намерам Творцы і Збаўцы, то толькі тады дасягаю паўнаты чалавечнасці. Каб быць нармальным. Калі святасць з’яўляецца нармальнасцю, то ўсе мы павінны быць нармальнымі. А нармальны хрысціянін – гэта той, хто жыве паводле Божай волі. Такім чынам, хрысціяне павінны пастаянна, з дня ў дзень, узрастаць у святасці, усё больш прыпадабняцца да Бога Святога ў Тройцы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  86

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.