ГРОДНА
Нядзеля,
06 кастрычніка
2024 года
 

Асцярожна з Ружанцам!

На шляху да святасці

Свет заўсёды імкнуўся да аўтаматызацыі працэсаў – прыдумляліся машыны і тэхнікі для выканання аднастайных дзеянняў. У Ружанцы, здаецца, няма паэтыкі, філасофіі, думкі. Ёсць сухі і безэмацыйны паўтор. Але гэта ўсё толькі на першы погляд.
Як жа маліцца Ружанцам з сям’ёй? Як паказаць гэтую малітву дзецям?
   
    Дарасці да Ружанца

    У дзяцінстве кастрычнік для мяне быў месяцам пакут – абавязковая ружанцовая малітва ў касцёле, Ружанец дома. Калені балелі, цела ламала. Трэба было перацярпець, вымучаць, вытрываць гэты час. Які сэнс мела такая малітва? Абсалютна ніякага. Катэхетка тлумачыла, што гэта 50 руж для Марыі. Аднак такое тлумачэнне не палягчала мой крыж.
За прыгожым фота сямейнай ружанцовай малітвы могуць стаяць пакуты дзяцей, якія часам перарастаюць у псіхалагічную траўму. Ружанец патрабуе падрыхтоўкі, разумення. Здаецца, што кожны павінен дайсці да яго сам. Стабільнае духоўнае жыццё на працягу стагоддзяў прыводзіла тысячы і тысячы католікаў да гэтага метаду сузірання.
   
    Як жа дарастаць?
    Cв. Фаўстына Кавальская пісала: “Калі я ўбачыла, як тата маліўся, то вельмі засаромелася, што я пасля столькіх гадоў у манастыры не ўмею так шчыра і горача маліцца” (Дзённік, 398). Хіба што, каб дапамагаць дзецям дарастаць да Ружанца, вельмі важна дарастаць да яго самому. Менавіта дарастаць. Бо калі вучыць з пазіцыі “даросшага”, дзеці раскусяць фальш.
    Магчыма, замест цэлага Ружанца ў коле сям’і дастаткова аднаго дзесятка. Ці проста размовы пра Марыю. Ці пра розныя спосабы размовы з Богам. Ці ўвогуле пра тое, кім ёсць Бог. Дзеці разумныя. Яны ўсё зразумеюць. Яны будуць задаваць пытанні, будуць думаць.
    Даросламу ж варта “шчыра і горача маліцца”, каб малітва здавалася малодшым чымсьці загадкавым, глыбокім, незразумелым. Раней ці пазней дзіця пастукаецца ў гэты свет. Папросіць ружанец само. Запытаецца, як спраўляцца з нудой, уцякаючымі думкамі, як канцэнтравацца, як кантэмпляваць.
    А што, калі не запытаецца?
    Згодзен. І ў не надта добрых бацькоў вырасталі святыя, а ў святых – дзеці нягоднікі. Чаму так? Адказ на пытанне мае толькі Бог. Аднак гэта крайнія выпадкі, і там дзеянне Створцы асаблівае. Хіба не варта кідацца ў крайнасці, каб прадухіліць крайнасці.
    Дзіця можа не зацікавіцца Ружанцам. Ніколі. І мае на гэта права. У кожнага ж свой шлях. Святым можна стаць і без штодзённых 50-ці “Вітай, Марыя”. Не цікавілі калісьці гэтыя пацеркі і мяне. Але адзін сказ пэўнага дамініканца і яго прыклад прыадкрылі для мяне гэты свет наноў. Сёння не ўяўляю свайго жыцця без Ружанца. Па ім сумуеш, яго хочаш. Але гэта мой шлях, і, цалкам верагодна, ён будзе нецікавы маім дзецям.
    Ружанец – вельмі сур’ёзная малітва. Важна не параніць падрастаючую, маладую псіхіку, бо выпраўленне дзіцячых траўм – цяжкая праца. Дастаткова прыадчыніць дзверы, паказаць ружанцовы свет, але не акунаць у яго сілай і з галавой. Вера – гэта не Ружанец, а Ружанец – не вера. Гэта ўсяго толькі спосаб дасягнення святасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  87

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.