ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Катэхеза для ўсіх, або ніколі не зарана, ніколі не запозна

З жыцця Касцёла

      Сустрэча катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі ў ЛідзеНовы катэхетычны год прадстаўляе магчымасць пакарыць чарговую духоўную вяршыню. І няма розніцы, у якім узросце гэта рабіць. Бо калі фізічна мы абмежаваныя, і ўзысці на гару прасцей у маладосці, чым у сталасці, то наш дух – больш вольны і гатовы ўвабраць у сябе Бога ў любы час.
    Пра асаблівасці і формы евангелізацыі вернікаў розных узроставых катэгорый распавядаюць духоўныя асобы і свецкія катэхеты.
Кожную суботу ў нашым кляштары збіраюцца дзеці дашкольнага ўзросту. Распачынаем сустрэчу раніцай і заканчваем у 14.00. Запрашаем таксама прыйсці і паўдзельнічаць бацькоў з дзецьмі, якіх яшчэ не могуць пакінуць без догляду: дзеткі, якія маюць год, паўтары ці два. Такія зносіны вельмі важныя і для дзяцей, і для дарослых. Малыя адчуваюць сябе больш упэўнена, бацькі могуць змяніць паўсядзённую атмасферу і паназіраць за дзіцём у соцыуме або абмяняцца досведам у асабістым выхаванні.
С. Вераніка Казлоўская з Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак Дзіцятка Езус, педагог дашкольнага  выхавання ў БрэсцеЗвычайна распачынаем дзень крыху спантанна. Вітаемся, запрашаем хлопчыкаў і дзяўчат у гульнявы пакой. Дзеткі асвойваюцца, выбіраюць самі сабе занятак. Мы стараемся ўключыцца, да кожнага падысці, запытацца, як сябе адчувае, выслухаць дзіця, далучыцца да забавы. Пасля ідзём у капліцу. Вучымся супольна маліцца “Ойча наш”, “Вітай, Марыя”, “Хвала Айцу”. Вельмі прыемна назіраць і слухаць, як дзеткі моляцца да Бога. Гэта заўсёды шчырыя, праўдзівыя і адкрытыя просьбы. Спяваем пад гітару розныя рэлігійныя спевы з адмысловымі жэстамі. Затым адбываюцца творчыя заняткі: клеім, малюем, лепім і г. д.
    Адна з сясцёр раскрывае тэму, дае заданне, якое дзіця выконвае з дапамогай дарослага, калі ёсць у гэтым патрэба. Існуе перапынак на невялікі пасілак: гарбата, бутэрброды, салодкае, фрукты. Пасля падсілкавання адбываецца прагляд рэлігійнага мультфільма, абмеркаванне ўбачанага. На заканчэнне сустрэчы – адпачынак і гульні на свежым паветры.
    Па маім досведзе, зацікавіць дашкалят хрысціянскай тэматыкай даволі проста. Яны ў гэтай справе вельмі адкрытыя і непасрэдныя. Ім цікава ўсё! Канешне, у залежнасці ад узросту. Асабліва гэта датычыць узросту “чамучак” (4 гады), калі проста неабходна адказваць на кожнае пытанне, на якое не заўсёды ведаеш адказ. Галоўнае ў гэтай справе, каб было шмат нагляднасці: красамоўны і сапраўдны вобраз (малюнак, фігура, прадмет). Яшчэ лепш, калі можна дакрануцца, пакаштаваць або адчуць пах (свечка, аплатка, ружанец, кадзіла і г. д.). Усё рыхтуецца загадзя ў залежнасці ад тэмы.
    Тут дарэчна падзяліцца гісторыяй, якая адбылася на Божае Нараджэнне. Мы ладзілі адмысловае прадстаўленне ў выкананні дашкалят. Вырашылі паказаць пры парафіі… і сабралі аншлаг! Вельмі цікава было назіраць за апранутымі ў касцюмы малюткамі і тым, з якім выразам яны прамаўлялі свой тэкст.
    На заканчэнне батлейкі ўсе сталі на паклон і разышліся… Засталася сядзець толькі “Марыя”, якая не змагла злезці з крэсла… Аднак яна не заплакала, а толькі глыбока ўздыхнула і самастойна спаўзла з крэсла разам з “Дзіцяткам Езус”, якое мела на руках. Гэты момант прынёс шмат усмешак і застаецца ў памяці да сёння.
    Падчас нашых заняткаў асаблівую ўвагу звяртаем на асобы Бога Айца і Яго Сына Езуса, на Божую любоў да ўсіх нас. Падкрэсліваем, што Усемагутны блізка, чуе нас і бачыць. Абапіраючыся на гэтую праўду, скіроўваем таксама ўвагу на адносіны паміж сабой, гаворым аб любові, павазе і дапамозе бліжнім, аб шанаванні ўсяго, што нас атачае.
    Вядома, што чалавек – вышэйшае стварэнне Бога, створанае з вялікай любові. Наша заданне – як мага раней адкрыць свет для дзіцяці ў правільным успрыманні і далейшым мудрым фарміраванні погляду. Не ў страху, але ў Божай любові, не ў эгаістычным самаўдасканаленні, але ў адказнасці і суперажыванні.
    Мне здаецца, калі працуеш у сваёй харызме, Бог кіруе ўсёй справай, падказвае спосабы і метады дзейнасці, дае ўпэўненасць ва ўчынках. Можна сказаць, Бог дае накірунак, дзе галоўным заданнем заклікае да служэння ў бескарыслівай любові, а пасля сам дзейнічае са сваёй ласкай.
    Вядома, плады нашай дзейнасці будзем збіраць у вечнасці. Часам прыходзілі думкі, што нічога асаблівага не робім. Але ўсе нашы сёстры былі вельмі ўражаны паводзінамі дзяцей і іх рэакцыяй. Напрыклад, ніколі ніхто не хацеў вяртацца хутка дадому, наадварот, затрымлівалі бацькоў, каб яшчэ крыху пабавіць час з намі. Бацькі часта расказвалі, што дзеці загадзя збіраліся, пыталіся, калі ўрэшце пойдуць да сясцёр. Калі ж былі непаслухмяныя і чулі, што застануцца дома, адразу выпраўляліся. Прыемна, што самі бацькі заўсёды з упэўненасцю давяраюць сваіх дзетак нам.

   Калі Марына Жыбартовіч-Протас, катэхетка ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне20 гадоў таму пробашч запрасіў мяне ў парафію служыць катэхеткай, я спыталася: чаму менавіта я? Ён адказаў, што як свецкая асоба змагу знаходзіцца з катэхізаванымі паўсюль: у школе, у кафэ, на дыскатэцы – і мае паводзіны павінны быць для іх прыкладам хрысціянскага жыцця. Адначасова я адчуваю яшчэ большую адказнасць, бо па традыцыі большым аўтарытэтам карыстаецца духоўная асоба.
    За час выкладання катэхезы заўважыла тэндэнцыю аддзялення сфер жыцця сярод падлеткаў: у школе вучуся, у касцёле малюся, у асабістым жыцці раблю, што захачу, і г. д. Таму дэвізам свайго служэння зрабіла наступныя словы: “Хрыстос прысутнічае ва ўсіх сферах жыцця”. Адпаведна падчас заняткаў стараюся кожную тэму замацаваць уласным сведчаннем прысутнасці Бога ў жыцці. У сваю чаргу падлеткі падчас катэхезы пытанняў задаюць мала або ўвогуле не задаюць – спецыфіка ўзросту. Аднак пастаянна заўважальны ажыятаж падчас тэмы “Сексуальнасць – дар Бога і заданне” ў 9 класе… Таксама вялікую цікавасць сярод вучняў 10 класа выклікае тэма “10 Божых запаведзяў” з падрабязным аналізам кожнай.
    Заўсёды імкнуся прапанаваць хлопцам і дзяўчатам штосьці для пазакласнага чытання. Аднак, на жаль, беларуская рэчаіснасць не мае ў наяўнасці такога багацця літаратуры і іншых рэсурсаў, якое катэхеты маюць, напрыклад, у Польшчы. Існуе шмат цудоўных кніг, інтэрнэт-парталаў, часопісаў, але яны на польскай мове, даступныя не ўсім. Раю пашукаць штосьці на мясцовых хрысціянскіх парталах, асабліва каталіцкіх, пазычаю кніжкі. Часта ў межах хатняга задання вучні бяруць інтэрв’ю ў святароў, манахінь, практыкуючых вернікаў, каб натхніцца жывымі прыкладамі веры.
    Аддаючы сябе вучням, атрымліваю водгук: чую ад іх кампліменты. Здараюцца і кур’ёзы. Напрыклад, аднойчы мне сказалі: “Вы як Святая Марыя, толькі крыху інакш апранутая”.
    Кажучы пра дасягненні ў служэнні, хачу адзначыць, што ідэальным плёнам было б, каб мае вучні знаходзіліся побач з Хрыстом ва ўсім, усюды і заўсёды! А рэальны плён – гэта пакуль падзяка за катэхезы, якія дапамагаюць у жыцці быць сапраўдным хрысціянінам!

   КатэхізаАндрэй Дзяшкевіч,  старэйшы каардынатар хрысцiянскага евангелізацыйнага курса “Альфа” пры касцёле Звеставання Няйсвяцейшай Панны Марыі ў Гроднецыяй у рамках курса “Альфа” я займаюся на працягу 2-ух гадоў. Усяго разглядаем 15 тэм, з якіх 13 асвятляюць свецкія хрысціяне. Выбар тэмы індывідуальны. На мой выбар уплыў аказвае Божы план. Напрыклад, першы раз я абраў тэму “Навошта і як мне варта чытаць Біблію?”, бо сам даведаўся пра неабходнасць рэгулярнага чытання Евангелля толькі падчас праходжання курса. Усвядоміў гэта і вырашыў падзяліцца перажываннямі з нашымі слухачамі.
    Увогуле, да ўдзелу ў “Альфе” мае адносіны з Богам і Касцёлам былі кволыя. Адразу пасля заканчэння курса я вырашыў выправіць прабел у сваіх ведах і стаў наведваць біблійную групу пры пабрыгіцкім касцёле, а потым і пры касцёле Божай Міласэрнасці ў Гродне.
    Крыху адрозніваўся працэс выбару тэмы “Як і навошта мне маліцца?”. Так здарылася, што разрыў у адносінах з Богам у маім жыцці працягваўся вельмі доўга, практычна нанова прыйшлося навучыцца з Ім размаўляць.
    На дадзены момант я выкарыстоўваю малітву ў кожнай сферы свайго жыцця і дзялюся сваімі перажываннямі падчас лекцыі. Дарэчы, наш куратар кс. канонік Антоній Грэмза хацеў, каб лекцыю аб малітве чытаў мужчына, каб вярнуць традыцыю малітвы ў сям’і, дзе саму малітву ініцыюе бацька. На сезон курса 2020/2021 я вырашыў абраць вельмі актуальную для сённяшняга часу і для сябе ў прыватнасці лекцыю “Навошта Езус памёр?” – пра крыж і грэх у нашым жыцці.
    Часцей за ўсё ад слухачоў даводзіцца чуць пытанні пра грэх: ці з’яўляецца тое ці іншае праламленнем Божага закону і чаму. На такія пытанні адказаць можна досыць лёгка, маючы добрую тэарэтычную базу, а ў самых складаных выпадках – скарыстацца падказкай святара. Праблематычна з пытаннямі, якія тычацца неабходнасці прабачэння, любові да бліжняга, бо важна, каб чалавек не проста пачуў твой адказ, але і прыняў яго як кіраўніцтва да дзеяння, ўсвядоміў неабходнасць працы над сабой, важнасць малітвы.
    Маючы за плячыма досвед евангелізацыі дарослых асоб, хачу адзначыць, што катэхізацыя старэйшага пакалення мае свае асаблівасці. Па-першае, у кожнага чалавека з часам у галаве складваюцца пэўныя стэрэатыпы, а часам і памылкі адносна веры, Бога, граху і іншых важных пытанняў хрысціянства. І чым даўжэй чалавек з імі жыве, тым складаней бывае іх выправіць. Па-другое, пераважная большасць нашых слухачоў адчуваюць патрэбу абмеркаваць з іншымі хрысціянамі хвалюючыя тэмы, убачыць, што яны не самотныя ў праблемах, падзяліцца сваімі перажываннямі. Прычым усведамленне гэтага часта прыходзіць не адразу, а толькі ў працэсе зносін з больш адкрытымі на Бога слухачамі.
    Мне падаецца, што кожны дарослы, незалежна ад узроўню рэлігійнага выхавання, павінен прайсці катэхізацыю ў больш сталым узросце. Нават калі чалавек ніколі не адыходзіў ад Касцёла, не губляў кантакт з Богам, важна абнаўляць атрыманыя яшчэ ў дзяцінстве веды, каб мець магчымасць данесці іх сваім дзецям, унукам, любому бліжняму, які апынуўся ў цяжкай сітуацыі.
    Адкрыць жа Бога даросламу чалавеку, які нічога пра Яго не ведаў, – крыху іншае пытанне. Аднак я лічу, што ў кожнага ёсць сваё ўяўленне пра Бога, няхай часам не вельмі дакладнае або нават зусім няправільнае. Думаю, першасным у такім выпадку з’яўляецца ўсведамленне таго, што Ён – любячы Айцец. Зразумець гэта, а таксама навучыцца будаваць адносіны з Богам, у тым ліку і праз малітву, можна гледзячы на каго-небудзь, хто гэты шлях прайшоў. Мой жыццёвы вопыт і досвед адносін з Богам карысныя для тых, хто доўгі час прабываў па-за Касцёлам і меў зусім павярхоўнае ўяўленне пра веру.
    Падагульняючы, адзначу, што плён свайго пакуль яшчэ нядоўгага служэння бачу ўжо сёння. Шчаслівыя твары нашых выпускнікоў, сустрэчы ў касцёле з тымі, хто раней абыходзіў яго бокам, умацаванне хрысціянскай традыцыі… Асабліва ганаруся тым, што маю 40-гадовага хросніка – былога атэіста. Спіс супольных дасягненняў “Альфы” можна працягваць бясконца. І гэта не кажучы пра змены ў сэрцах тых, хто займаецца служэннем людзям на курсе або ў іншых супольнасцях, г. зн. у сэрцах тых, хто вырашыў частку свайго жыцця аддаць Богу і Яго дзецям.


   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.